Ніва № 51 (2484), 21 снежня 2003 г.

Праблема зніклых

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Дзень 10 снежня ва ўсім свеце адзначаецца як Дзень правоў чалавека. Сёлета спаўняецца роўна 55 гадоў з таго моманту калі ААН прыняла знакамітую Усеагульную Дэкларацыю. У Беларусі гэтай даце прысвечаныя мерапрыемствы, якія ўжо доўгі час сведчаць аб існаванні вялікіх цяжкасцяў у выкананні там правоў чалавека. Яскравым прыкладам таго з’яўляецца так званая „праблема зніклых”. Аб невысветленых лёсах вядомых асоб беларускай грамадскасці час ад часу нагадваюць т.зв. ланцугі неабыякавых людзей, калі ўздоўж вуліц з партрэтамі зніклых стаяць простыя грамадзяне. На 10 снежня 2003 года па ўсёй Беларусі ў рамках акцыі „Хочам ведаць праўду” зноў запланаваны такія ланцугі.

„Праблема зніклых” паўстала напрыканцы мінулага стагоддзя, калі раптоўна адзін за другім пазнікалі без вестак вядомыя ў Беларусі палітыкі альбо тыя, хто меў дачыненне да апазіцыйнай дзейнасці.

Першым не стала былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Гэты чалавек карыстаўся высокім аўтарытэтам сярод былых саслужыўцаў, а таксама ў вайсковым асяроддзі. Непрыманне палітыкі А. Лукашэнкі прывяло яго ў шэрагі апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і да спробы стварэння Саюза афіцэраў. Менавіта гэта, як мяркуюць многія ў Беларусі, стала прычынай знікнення.

Вялікія арганізатарскія здольнасці і веданне палітычнай спецыфікі Беларусі былі і ў былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара. Менавіта пад яго кіраўніцтвам адбываліся ў 1999 годзе „апазіцыйныя” альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары. Ганчар таксама належыў да АГП. Разам са сваім сябрам бізнесменам Анатолем Красоўскім ён не вярнуўся з лазні.

Чацвёртым „вядомым” зніклым стаў тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. У свой час ён працаваў на Беларускім тэлебачанні, меў выдатную прафесіянальную рэпутацыю і быў асабіста знаёмы з прэзідэнтам Беларусі. Пайшоўшы працаваць на расійскае тэлебачанне, рабіў разам з журналістам Паўлам Шэраметам вельмі крытычныя для сённяшняй беларускай улады сюжэты. Толькі ў высвятленні абставін знікнення Завадскага ёсць некаторыя вынікі, якія, папраўдзе, ставяць больш пытанняў, чым даюць адказаў.

Менавіта дачыненні гэтых выпадкаў да палітыкі даюць нагоду падазраваць цяперашнія ўлады ў прыкладанні да знікненняў „сваёй рукі”. Зразумела, што гэта ні кім наўпрост не даказана, але як сведчаць шматлікія дакументы і сённяшняе стаўленне да расследавання гэтых выпадкаў з боку беларускага кіраўніцтва, праўдападобна, што няма „дыму без агню”.

Следства па высвятленню абставін знікненняў і пошуку вышэйзгаданых людзей цягнецца ўжо некалькі гадоў. Пасвятлення не бачна. Наймацнейшымі „рухавікамі” ў падбухторванні расследавання з’яўляюцца тыя, хто найбольш пацярпеў ад няшчасця — жонкі зніклых. Менавіта яны ездзяць па міжнародных канферэнцыях і дасылаюць лісты да важных персон з просьбамі аб дапамозе ў расследаванні. Менавіта іх намаганнямі Савет Еўропы стварыў адмысловую камісію па расследаванні, члены якой, на жаль, не дапускаюцца працаваць у Беларусь. Менавіта іх намаганнямі ўвесь цывілізаваны свет стаў падазраваць беларускае кіраўніцтва ў дачыненні да знікненняў, што было зафіксавана ў адпаведных дакументах як еўрапейскіх, так і аанаўскіх.

У той жа час дабіцца канкрэтнага адказу ад беларускай праваахоўнай сістэмы на пытанне „Дзе іх мужы?” няшчасныя жанчыны дагэтуль не здольныя. Не здольныя пакуль знайсці яснае тлумачэнне, што сталася з вядомымі асобамі і еўрапейскія парламентарыі. Адзін з іх, Хрыстас Пургурыдас, заняты справай беларускіх зніклых, на пачатку снежня пабываў у Мінску, але сустрэцца з раней азначанымі асобамі яму не ўдалося. Беларускія ўлады, па яго словах, скасавалі гэтыя сустрэчы. А ўвогуле, тлумачачы цяжкасці ў высвятленні лёсаў зніклых, беларускія афіцыйныя асобы ківаюць на мноства знікаючых штогод людзей не толькі на Беларусі, а і ў іншых краінах. Пры гэтым ставяцца „на адну дошку” вядомыя ў краіне грамадскія дзеячы і страціўшыя нават сувязь з роднымі беспрабудныя выпівохі ці прагнучыя рамантычных вандраванняў падлеткі.

Днямі памёрлым быў прызнаны праз суд Дзмітрый Завадскі. У свой час за ягонае выкраданне былі асуджаны чатыры асобы. На рыдлёўцы, якая знаходзілася ў іхнім аўтамабілі быў т.зв. біялагічны матэрыял, які належыў знікламу. Але чамусьці гэтыя людзі і дагэтуль няздольныя паказаць ягонае месцазнаходжанне. Гэта значыць, што мёртвым Завадскага не бачыў ніхто. Можа скраўшыя забілі яго? А чаму іх тады не судзяць за забойства? Пытанні, пытанні...

Тое, што раней ці пазней усе абставіны гучных знікненняў высветляцца, сумнення няма. Жонка Красоўскага, Ірына, шчыра кажа: „Як толькі сыдзе Лукашэнка, сведкі выстраяцца ў чаргу!” Сам жа ён так разумее сваю адказнасць: „Каб не мучыліся больш журналісты з нагоды ўсіх гэтых гучных спраў і злачынстваў, я хачу заявіць наступнае. Так, я вінаваты ў тым, што адбылося ў краіне. Таму, што я прэзідэнт. І больш не шукайце вінаватых... Вінаваты толькі я. Але судзіць мяне будуць толькі тады тыя, хто на гэта замахнуліся, калі мне ў даверы адмовіць народ”.