Ніва № 51 (2484), 21 снежня 2003 г.

Цукерак для меншасцей

Яўген МІРАНОВІЧ

Ваяводская ўправа разаслала ўсім зацікаўленым праект „Закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове”. Закон рыхтуецца ўжо звыш дзесяці гадоў і ўсё паказвае, што яшчэ прынамсі столькі часу спатрэбіцца, каб парламент дэмакратычнай краіны, ад імя дэмакратычнага грамадства, вызначыў становішча прыблізна аднаго працэнта грамадзян няпольскай нацыянальнасці.

Першыя праекты закону, якія ў пачатку дзевяностых гадоў прад’яўляліся нацыянальным меншасцям для азнаямлення, былі цалкам іншага зместу. Тады яшчэ адчуваўся ў краіне подых свабоды, сёння ва ўсёй красе вяртаецца бачанне нацыянальных праблем родам з трыццатых гадоў. Тады аднак меншасці складалі каля 40 працэнтаў насельніцтва і кіруючыя эліты мелі падставы баяцца вынікаў свае палітыкі. Сёння нацыянальныя меншасці — гэта невялікія групы людзей іншай культуры рассеяныя сярод палякаў, а самае малодшае пакаленне амаль цалкам паланізаванае. Таму сучасны нацыяналізм, напрыклад, беластоцкіх элітаў, не мае нават культурнага ці палітычнага характару, ён хутчэй біялагічны, атавістычны. „Bialorusini to nasz wrog naturalny”, — гаварыў адзін з мясцовых палітыкаў. Беларус, прыблізна, значыць яму тое ж што для ката мыш.

Праект закону забараняе праводзіць палітыку асіміляцыі супраць волі людзей няпольскай нацыянальнасці (арт. 5). Што гэта можа абазначаць? Асіміляцыя наступае тады, калі побач адукацыі ў культуры пануючай нацыі няма ўмоў для азнаямлення з роднай мовай і культурай. Закон не дае ніякай гарантыі, што дзяржава мае забяспечыць сваім грамадзянам няпольскай нацыянальнасці так шырокі доступ да свае культуры, які маюць яны да польскай. Можам сабе ўявіць як у Беластоку на практыцы выглядала б рэалізацыя роўнага доступу да ўласнай культуры палітыкамі, якія лічаць беларусаў „натуральнымі ворагамі”.

Артыкул 6 закону забараняе дыскрымінацыі меншасцей. Гэта саме гарантуе ўжо канстытуцыя, асноўны дзяржаўны закон, але практыка штодзённага жыцця паказвае, што гэта толькі запіс і нічога больш.

Праект закону прадбачвае магчымасць карыстання мовай меншасцей у кантактах з гміннай адміністрацыяй там, дзе меншасці састаўляюць не менш чым 20 працэнтаў жыхароў гміны. Дазваляецца таксама запісваць імёны згодна арыгінальнаму гучанню на нацыянальнай мове. Прыемна было б пісаць беластоцкім чыноўнікам карэспандэнцыю на беларускай мове. Шкада толькі, што ніколі такі адсотак жыхароў не вызначыць сябе людзьмі беларускай нацыянальнасці. У мясцовасцях, дзе больш за 20 працэнтаў няпольскага насельніцтва, шыльды з назвамі вуліц і ўстаноў могуць быць двухмоўныя. Могуць, але ці калі-небудзь будуць на Беласточчыне — маю падставы ў гэтым сумнявацца.

У галіне асветы і культуры можна рабіць амаль усё. Артыкул 16 гучыць як пастанова Цэнтральнага камітэта Польскай аб’яднанай рабочай партыі ад 1956 г. Закон не дае толькі адказу, у якой форме і за якія сродкі можна рэалізаваць праекты культурнага характару. З кантэксту можна здагадацца, што ўсялякая культурная і асветная дзейнасць, так як і да гэтага часу, будзе трымацца на энтузіязме добраахвотнікаў. Грамадская праца такім чынам мае даць такія самыя вынікі, як армія супрацоўнікаў дзяржаўных і самаўрадавых устаноў.

Прадбачваецца таксама стварэнне супольнай камісіі, у складзе якой будуць прадстаўнікі адпаведных міністэрстваў і нацыянальных меншасцей. Такая камісія ўжо была пры ЦК ПАРП. У 1956-1958 гадах яе праца давала нават станоўчыя вынікі. Але ўладам талерантнасці для меншасцей хапіла тады толькі на тры гады. Пасля ўсё вярнулася ў старое русло. Нармальная практыка палітыкі ўлад зыходзіла да афіцыйнага ігнаравання праблемы па прычыне невялікай колькасці людзей няпольскай нацыянальнасці і адначасова скрытага змагання з усімі праявамі нацыянальнага жыцця беларусаў, украінцаў, яўрэяў, немцаў, літоўцаў і славакаў.

Праект закону, калі яго чытаецца першы раз, выглядае прывабна, але аналізуючы кожны пункт, звяртаючы ўвагу на яго паслядоўнасці, можа скласціся ўражанне, што заканадаўцы ідзе толькі пра тое каб аформіць нейкую справу. Яго змест амаль нічога не памяняе ў жыцці беларусаў. У парламенце выразна відаць, што няма падтрымкі для станоўчага вырашэння заканадаўства ў справе нацыянальных меншасцей. Лібералы панічна баяцца ўзрастаючых у сілу шавіністаў.

Законы, як паказвае практыка, не вырашаюць канчаткова аб сітуацыі меншасцей. У 1924 г. сейм ІІ Рэчы Паспалітай прыняў закон аб школьніцтве нацыянальных меншасцей, дазваляючы cтвараць адпаведныя асветныя ўстановы. Адміністрацыя і паліцыйныя службы знайшлі аднак шмат спосабаў, каб не дапусціць да адкрыцця ніводнай беларускай школы.

Сітуацыю нацыянальных меншасцей у Польшчы можа адмяніць толькі еўрапеізацыя палякаў. Пакуль чалавек іншай нацыянальнасці будзе лічыцца „натуральным ворагам”, ніколі не стане ён сябе добра адчуваць сярод такой большасці, а дзяцей сваіх не будзе вучыць культуры і мовы, якую могуць успрымаць як варожую. Такім шляхам праходзіць маланкавая асіміляцыя беларусаў Беласточчыны і нішто не паказвае, што прапанаваны закон можа адмяніць гэты працэс.