Ніва № 50 (2483), 14 снежня 2003 г.

Бязмежжа 2003 — ахова ўласнага панадворка!

Ганна КАНДРАЦЮК

Пасля абеду, калі гайнаўскія рэстаратары смажылі каўбаскі з дзіка для гасцей „Бязмежжа”, у нашу рэдакцыю завітаў неардынарны кнігаман. Як пазней высветлілася, студэнт і самавук у беларускасці.

— У мяне да вас справа, — сказаў замест прывітання.

— Асабістая? — здзівілася я.

— Не, — паправіўся госць, — я прыйшоў па Глёбуса.

Наш госць, пакуль купіў кніжку, з асалодай гартаў старонкі „Дамавікамерона”.

— Ёсць яшчэ польскі пераклад, — інфармую.

— То папроша яшчэ і пераклад, — пажадаў наведвальнік.

Адам Глёбус стаў вядомы ў Польшчы, менавіта, дзякуючы „Бязмежжу” і польскамоўнаму перакладу „Дамавікамерона”. І зараз, хоць адсутнічаў у Гайнаўцы целам, напісаў апавяданне пра падарожжа мінскіх літаратараў. (У дарозе, за Мінскам, на іх аўтобус наехала аўтафура).

Аазіс на беларускай пустыні

На VІІІ беларуска-польскі літаратурны семінар „Бязмежжа”, які праходзіў 21-23 лістапада ў Гайнаўцы (у гатэльчыку „Ажахоўскі”), са сталіцы Беларусі шчасліва даехала трое аўтараў: Барыс Пятровіч, Паліна Качаткова, Эдуард Акулін. Разам — сустваральнікі і рэдактары літаратурна-мастацкага часопіса „Дзеяслоў”, паасобку — выдатныя аўтары.

„Дзеяслоў” — аазіс на беларускай культурнай пустыні.

— У аўтараў цэнім талент, — кажа Барыс Пятровіч, галоўны рэдактар. — У нас няма ні палітычных, ні пакаленневых крытэрый.

Побач літаратараў-зорак як Святлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Адам Глёбус, друкуюцца там дэбютанты, і пераклады замежнай літаратуры.

— Наш поспех і ў прысутнасці незалежнай публіцыстыкі з галіны культуры, — дадае Барыс Пятровіч.

За год існавання выйшла шэсць нумароў часопіса. Выдавецтва дзейнічае амаль на віртуальных прынцыпах. Няма ў іх памяшканняў і штатаў.

— Затое мы здольны ўжо на сябе зарабіць і плаціць ганарары, — кажа Барыс Пятровіч.

Акно ў свет

Пад знакам дарожнай катастрофы дабіраліся ў Гайнаўку сябры-рэдактары польскага часопіса „Карткі”. Дарогу, ужо пад Галяковай Шыяй, загарадзіла аварыя легкавушкі з супрацьлеглага боку. Каб даставіць на запланаваную гадзіну празаіка Міраслава Грыку, госці павярнулі са шляху і дабраліся акружной дарогай. Катастрафічныя матывы, якія незалежна ад межаў праследавалі ўдзельнікаў „Бязмежжа”, навялі свайго роду нервовасць, але і яна саступіла ўжо пасля першага выступлення. Міраслаў Грыка з сімпатыяй і цеплынёй гаварыў пра польска-беларускія сяброўствы ў штодзёншчыне і ў сваіх „Апавяданнях з-над Нарвы”.

— „Карткі” для нас — узор, — узяў голас Барыс Пятровіч, — мы паказваем іх сябрам, каб пабачылі, як павінен выглядаць літаратурны часопіс. Не без уплыву астаецца і беларускі нумар „Картак” з 1997 года. Каштоўныя і паасобныя публікацыі перакладаў беларускіх аўтараў. Як прыклад тут асоба Юрыя Гуменюка, якога нават крытыка ўжо называе „гродзенскім беластачанінам”!

У Юрыя Гуменюка новы паэтычны зборнік: „Вуліца тыгровых архідэяў”. Том з’явіўся два дні да „Бязмежжа”, у ім лепшыя вершы ранейшых зборнікаў „Водар цела”, „Твар Тутанхамона”, „Рытуал”... На жаль, выдавец абмежаваўся толькі да беларускамоўнай версіі. Гумянюк — паэт-з’ява, ён жа жывы класік і мадэрновы традыцыяналіст (і расхрыстаны дэндзі) — і яго творы заслугоўваюць перакладаў не толькі на польскую мову.

Gdzie, ja sie pytam, jest telewizja?

Падзеяй „Бязмежжа” стала паэтычна-музычная сустрэча з паэзіяй Надзеі Артымовіч. Бельская паэтэса ўзяла голас пасля сямі гадоў маўчання. Уражанне, якое атрымалася пасля ўнушальнага аўтарскага чытання нельга параўнаць з нічым. Удалым дапаўненнем была музычная інтэрпрэтацыя зачытаных твораў, падрыхтаваная сужонствам Іалантай і Алегам Кабзарамі.

— To ja sie pytam: gdzie jest telewizja? — замест каментара кінуў Міраслаў Грыка. Справа ў тым, што творчасць Надзеі Артымовіч малавядомая сярод беластоцка-польскіх эліт. Сама паэтэса не робіць захадаў дзеля прамоцыі ўласнай асобы. І зноў тая ж самая праблема перакладу — у Артымовіч няма асобнага, прыстойна аформленага польскага перакладу. І ўсе ранейшыя выданні трэба шукаць па бібліятэках і прыватным каналам у зборах кнігалюбаў.

Мэтафізічны настрой хвіліны ўдала папоўнілі паэтычныя чытанні Юры Плютовіча, Міры Лукшы, Віктара Стахвюка і Эдуарда Акуліна. Апошні праявіўся таксама як бард, яго „Крывія” сталася гітам восьмага „Бязмежжа”.

Поспех у абмежаванні

Сёлетняе „Бязмежжа” на думку амаль усіх удзельнікаў было найбольш удалым і змястоўным. Пошукі „сфераў” прывялі да простай высновы. Каб утрымаць сякі-такі літаратурны працэс, трэба перакладаў, прамоцыі і сродкаў. Поспех „Бязмежжа” — у яго абмежаванні. Маецца тут на ўвазе ахова ўласнага літаратурнага панадворка. Наш патэнцыял шмат у чым перавышае польскамоўных суседзяў. Часткова высветліць гэта чарговы, трэці нумар „Правінцыі”.

Кірунак і ў дзелавітым падыходзе да справы. Аказваецца, нават у Беларусі, можна разлічваць на партнёрства.

— Мы з задавальненнем надрукуем вашых аўтараў у „Дзеяслове”, — прапанаваў Барыс Пятровіч. — Старонкі нашага часопіса адкрыты для вашых аўтараў.

Яўген Вапа — арганізатар і душа мерапрыемства справу ставіць ясна:

— Каб прыстойна выдаваць, прамаваць і выпускаць у свет беларускую літаратуру, патрэбны сродкі. Працэс, нягледзячы на цяжкасці і кашмармую сітуацыю ў Беларусі, дзейнічае.

Моц „Бязмежжа” першы дацаніў той жа Міраслаў Грыка:

— To trzeba juz cos pisac, zeby znow zechcieli zaprosic!

Мне таксама хацелася б нашаму наведніку-кнігалюбу прапанаваць прозу Барыса Пятровіча — таксама ў перакладзе на польскую мову.