Ніва № 49 (2482), 7 снежня 2003 г.

Гісторыя вачыма нявольнікаў

Мікола ВАЎРАНЮК

„Дзе быў свабодны чалавек, там быў і раб”, — сцвярджае Юры Весялкоўскі, беларускі эміграцыйны гісторык і публіцыст у сваёй самай новай кнізе Рабы ў старажытным і сучасным сьвеце* (с. 6).

Кніга складаецца з чатырох дзесяткаў нарысаў пра грамадскія адносіны ад старажытных Месапатаміі, Індыі і Кітая, праз больш нам блізкія: Егіпет, Грэцыю і Рым да ўзнікнення наважытных дзяржаў у Еўропе, якія накінулі астатняй частцы свету каланіялізм і рабства.

Найбольш увагі аўтар адводзіць Расіі, якая апошнія чатыры стагоддзі мела непасрэдны ўплыў на тое, што тварылася на беларускіх землях. Нават, калі існавала яшчэ Вялікае княства Літоўскае. Вось, для прыкладу, як паводзілі сябе войскі цара Аляксея Міхайлавіча ў вайне з Рэччу Паспалітай у 1654-67 гадах: „Нават з цэркваў вывозілі каляровыя металы і шмат рознага дабра. Забіралі жывёлу і вывезлі сотні тысяч беларусаў у Расію, дзе іх выкарыстоўвалі ў розных галінах навукі і будаўніцтва” (с. 181). А ў Беларусі пачалося тое, што заўсёды спадарожнічае войнам: голад, хваробы, заняпад гаспадаркі. І падумаць, што да гэтай вайны спрычыніліся самі беларусы і ўкраінцы, паўстаючы супраць дамінацыі Польшчы, Каталіцкага касцёла, магнатэрыі. Уцякаючы ад езуітаў, якіх Юры Весялкоўскі вельмі не любіць і празмерна дэманізуе (уплыў расійскай, а пасля савецкай гістарычнай навукі), трапілі ў лапы краіны з „таталітарнымі правамі” (с. 182).

На шчасце, хацелася б сказаць, прыгонніцтва, рабства, эксплуатацыя чалавека чалавекам засталіся ў мінулым. Цяпер жа валадараць: дэмакратыя, свабода, Дэкларацыя правоў чалавека, міжнародныя трыбуналы і суды, якія заступяцца за простым грамадзянінам. І тут Юры Весялкоўскі расчаруе аптымістаў. Не было б пералічаных устаноў і прававых актаў, каб не было ў свеце прыгнёту і несправядлівасці. Вось толькі некаторыя прыклады: „... з сярэдзіны 1970-х да пачатку 1990-х гадоў на ўсім сьвеце было прададзена 30 мільёнаў жанчын (...), дзеці ад пяці гадоў працуюць у неадпаведных для здароўя варунках. Робяцца і такія злачынствы ў некаторых дзяржавах, што маладых хлапцоў, якія не маюць яшчэ 10 гадоў, выкарыстоўваюць у ваенных канфліктах” (с. 265).

Свае разважанні (абапертыя на салідную літаратуру) аб гісторыі чалавецтва з пункту гледжання тых, хто заўсёды займаў самую нізкую прыступку ў грамадскай іерархіі, Юры Весялкоўскі канчае сумным сцвярджэннем: „Нягледзячы на ўсе міжнародныя захады па выкараненні рабства, дасягнуць поўную свабоду для ўсіх людзей не ўдаецца. Такое жаданне як было, так і застаецца марай” (с. 266).

Ці не таму так дзеецца, што рабства не чалавек прыдумаў? У „Святым пісанні” (кніга „Выхад”, раздзел дваццаты; пераклад Васіля Сёмухі) чытаем: „Не прагні дому блізкага твайго; не прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго”.

* Юры Весялкоўскі, Рабы ў старажытным і сучасным сьвеце, сс. 270, Беласток-Лёндан 2003.