Ніва № 49 (2482), 7 снежня 2003 г.

Вяртанне прывіду „Бурага”

Яўген МІРАНОВІЧ

У тэлебачанні некалькі тыдняў таму паказалі дакументальны фільм Агнешкі Арнольд пра Рамуальда Райса „Бурага”, забойцу амаль сотні мірных беларусаў, жыхароў Беласточчыны, зімой 1946 года. У фільме выступалі яго падначаленыя з Віленшчыны — салдаты Арміі Краёвай і з Беласточчыны — члены Нацыянальнага вайсковага згуртавання, якія, праўдападобна, прымалі ўдзел у пацыфікацыі беларускіх вёсак. Першыя злачынства называлі злачынствам, другія забойства жанчын, дзяцей і выпадковых людзей — змаганнем з камунізмам. Вазакоў, сведкаў злачыннага рэйду ў лютым 1946 г. нават не расстралялі, а забівалі памалу, з усімі праявамі садыстычнага адхілення, убіваючы ахвярам цвікі ў галаву, а камяні ў вочы.

У прэсе цалкам нядаўна з’явілася інфармацыя, што пракурор Дар’юш Альшэўскі з Інстытута нацыянальнай памяці канчае разглядаць справу „Бурага”. Вынікі яго шматгадовага даследавання прывялі да высновы, што забойства фурманоў і пацыфікацыя вёсак былі ўчыненыя па нацыянальных прычынах. У 1996 г. Вайсковы суд Варшаўскай акругі прызнаў „Бурага” невінаватым, а беларускія ахвяры палічыў выпадковымі на дарозе патрыятычнай дзейнасці Рамуальда Райса. Пракурор Альшэўскі лічыць, што вайсковы суд мог прыняць такое рашэнне, таму што „Буры” змагаўся за найважнейшае — за незалежную Польшчу.

Высновы з вяртання прывіду „Бурага” вельмі сумныя. Установы правасуддзя дэмакратычнай краіны далі надта выразны сігнал, што можна апраўдаць кожнае злачынства, калі яно ўчыненае ў інтарэсе дзяржавы ці нацыі. Невядома аднак, якую сувязь з інтарэсамі краіны мела зніштажэнне яе мірных грамадзян. Адказ на гэтае пытанне знайшоў вайсковы суд, які ўчыніў „Бурага” невінаватым рыцарам.