Ніва № 49 (2482), 7 снежня 2003 г.

Перасоўванне мяжы

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

— Не можа тут быць мяжа, якая будзе аддзяляць Еўрасаюз і Польшчу ад нашых усходніх суседзяў. Мусіць гэта быць мяжа, якая яднае, але будзе бар’ерам для розных паталогій. Мусіць быць, аднак, месцам прыязным для пераплыву тавараў, капіталу і людзей. Выказваю перакананне, што ўсходняя мяжа ЕС праз нейкі час будзе далей перасунута на Усход, бо ж Еўропа не канчаецца на Бугу, — сказаў Лешак Мілер у час адкрыцця пагранперахода ў Кузніцы-Беластоцкай.

Пераход у Кузніцы пусцілі ў рух 22 лістапада, пасля трох гадоў мадэрнізацыі і ледзь не ў тыдзень пасля завяршэння рамонту шасці адрэзкаў шляху Беласток — пагранпераход у Баброўніках (разам 20 кіламетраў).

Усюды сучаснасць

З 2 гектараў плошчы пагранпераход у Кузніцы пашырыўся да 18 га. Можна тут афармляць у суткі 8 тысяч легкавых аўтамашын, 1,5 тыс. грузавых і 25 тысяч асоб. У першыя 6 гадзін выехала адсюль 13 грузавікоў, уехала — 10. Да распараджэння вадзіцелі маюць тут 230 месцаў на стаянках і 8 палос для аўтамашын і аўтобусаў у абодвух напрамках. На тэрыторыі польскай часткі пагранперахода стаяць 40 будынкаў. Пераход сучасна абсталяваны і поўнасцю камп’ютэрызаваны. Ёсць тут м.інш. 129 камер і электронныя датчыкі, пункты комплекснага кантролю фітасанітарных і ветэрынарных службаў, электронныя шалі і рэзервуары на сцёкавыя воды. Кошт інвестыцый — больш за 220 мільёнаў зл., з чаго адна чвэрць паходзіла з еўрасаюзных сродкаў. 600 тыс. зл. з польскага бюджэту пайшло на пабудову дарогі на беларускім баку. Мадэрнізаваны беларускі адрэзак перахода мае быць здадзены ў карыстанне, магчыма, што ў будучым годзе. Мабыць, можа тады дойдзе да супольных польска-беларускіх мытных кантроляў; пакуль працягваюцца перамовы наконт гэтай справы.

Пакуль што, на польскім баку працуюць 104 мытнікі (мае тут быць іх 150) і 160 функцыянераў Памежнай стражы (будзе іх на 40 больш; падтрымліваюць іх 33 пагранічнікі кандыдацкай службы).

ЕС: палітыка добрага суседства

Ва ўрачыстым адкрыцці пагранперахода прыняла ўдзел немалая колькасць афіцыйных гасцей, сярод іх — прэм’ер Лешак Мілер, міністр замежных спраў Владзімеж Цімашэвіч, пасол прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Польшчы Бруна Дэтомас, паслы і консулы абедзвюх дзяржаў і ваяводы — гродзенскі і беластоцкі.

— Гэты пагранпераход — рэалізацыя польскай стратэгіі ў галіне дастасоўвання краіны да патрабаванняў Еўрасаюза, — прыпамінаў падляшскі ваявода Марэк Стшалінскі. — Некалькі тыдняў таму быў здадзены ў карыстанне апошні будынак Памежнай стражы. Цяпер, адкрываючы гэты пагранпераход, можам сказаць, што канчаем стваранне асноўнай інфраструктуры на польска-беларускай мяжы.

На думку прэм’ера Л. Мілера, каб еўрасаюзная мяжа не канчалася на Бугу, „нашы ўсходнія суседзі, сярод іх Беларусь, мусяць прайсці яшчэ далёкую дарогу”.

— Сёння жадаю ім таго, каб Еўропа была больш бяспечная, больш канкурэнтная, каб давала сваім грамадзянам вышэйшы ўзровень жыцця. Мы ў Польшчы шмат ужо зрабілі ў гэтым напрамку.

Пасол прадстаўніцтва ЕС у Польшчы падкрэсліў:

— Польшча атрымае разам на праекты звязаныя з мяжой 500 млн. еўра (прыстасаванне да фітасанітарных, ветэрынарных стандартаў і г.п.). Польшча ў гэтай сферы будзе мець найлепшае і найбольш сучаснае абсталяванне. Кузніца ў гэтым мерапрыемстве — найважнейшы элемент.

І дадаў:

— Добра ахоўваная мяжа не азначае мяжы замкнутай. Дзякуючы мадэрнаму абсталяванню перасяканне гэтай мяжы павінна быць лягчэйшае, чым раней. Бяспека не азначае толькі кантролю, але і лепшае супрацоўніцтва мундзірных службаў па абодвух баках мяжы. Еўрасаюз вялікае значэнне дае пашырэнню і экспарту каштоўнасцей, якія ЕС прадстаўляе таксама звонку. Гэта тэма яго палітыкі і добрага суседства. Няма сумненняў, што дзякуючы гэтай палітыцы трансгранічнае і прыгранічнае супрацоўніцтва яшчэ паправіцца.

Ёсць патрэба ў новых пагранпераходах

У час кароткай прэс-канферэнцыі Лешак Мілер паінфармаваў аб сваёй сустрэчы з прэм’ерам Беларусі, якая адбылася дзень раней.

— Я заахвочваў пана прэм’ера, каб Беларусь арыентавалася на кантакты з ЕС, вядома, выпаўняючы ўсе неабходныя крытэрыі. Стараемся ўтрымліваць з Беларуссю кантакты, якія заахвоцілі б яе ўладу да дэмакратычнага курсу і дэмакратычных перамен.

У сваю чаргу міністр Владзімеж Цімашэвіч заявіў:

— 12 снежня дойдзе да даўно планаваных польска-беларускіх перамоў наконт іншых пагранпераходаў на нашай мяжы. Маю надзею, што на ўзроўні віцэ-міністраў і шэфаў розных службаў паразуменне будзе дасягнута. Пасля пацвердзім яго на палітычным узроўні. І гэта павінна стварыць ясную і празрыстую перспектыву. Ёсць патрэба адкрыцця новых пераходаў. Хопіць паглядзець на тое, чаго чакаюць людзі перасякаючыя мяжу.

Неўзабаве ў размове з журналістамі пасол РБ у Польшчы Павел Латушка, у якога пыталіся аб магчымасці адкрыцця новых пераходаў, сказаў:

— Гэтыя пераходы будуць служыць не толькі Беларусі і Польшчы, але і заходняй і ўсходняй Еўропе. Дафінансаванне тады аднаго і другога боку павінна быць роўнае. Іначай узнікне „бутэлька”, з аднаго боку шырэйшая, з другога — вузкая. А пяройдзе столькі грамядзян, колькім удасца праціснуцца праз тое горла. Так кажам і ў Бруселі, так размаўляем і з нашым польскім партнёрам.

— Ці Беларусь выказвае гатоўнасць набліжэння да Еўрасаюза? — пыталі мы спадара пасла.

— Беларусь гістарычна і тэрытарыяльна — у Еўропе. Будучыня Беларусі — дэмакратычная еўрапейская дзяржава. Я ў гэтым упэўнены. Беларусь адкрытая на супрацоўніцтва з ЕС. Сёння ставіцца пытанне, ці ЕС адкрыты на Беларусь. Пачынае адкрывацца, але не ў ста працэнтах. Прэм’еры Польшчы і Беларусі размаўлялі аб гэтым у Варшаве; мы прысуджаны на супрацоўніцтва.

— А ці Беларусь гатова была б фармальна прыступіць да еўрасаюзных структур?

— Палітычна такой заявы не даем. Але ў будучыні, хто ведае... Пабачым, як нашы заходнія суседзі будуць функцыянаваць у ЕС і тады вернемся да гэтага пытання.