Ніва № 49 (2482), 7 снежня 2003 г.

Знікаючыя перспектывы

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Беларуска-расійская інтэграцыя за апошні час паказала істотную тэндэнцыю да змянення. Адным з найцікавейшых момантаў гэтага працэсу становяцца стасункі з Крамлём беларускай апазіцыі. Канешне, казаць аб нейкім наўпроставым уплыве на кіраўніцтва Расіі з боку беларускіх антылукашыстаў яшчэ заўчасна, але сёлетнія іх сустрэчы ў Маскве з палітолагамі, палітэкспертамі і аналітыкамі наводзяць на думку, што палітычныя апаненты Аляксандру Лукашэнку становяцца цікавымі ў „трэцім Рыме”.

Спатканні беларускіх апазіцыянераў з расійскім палітычным бамондам, звычайна правага кірунку, насілі з мінулага года даволі сталы характар. Аналізуючы паведамленні прэсы прыходзіш да высновы, што найбольш вызначылася тут кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая мела калісьці моцную фракцыю ў парламенце — Вярхоўным Савеце. Але нават частыя вандроўкі ў Маскву надавалі большае значэнне гэтай партыі хіба толькі ў сваіх уласных вачах. Прэзідэнцкая ўлада выкарыстоўвала такія кантакты з выгадай для сябе, багата паліваючы інфармацыйным „брудам” не маючых выйсця да дзяржаўных СМІ палітычных апанентаў. Тут дастаткова ўзгадаць выпадак у мінскім аэрапорце, калі спроба ўдзелу ў канферэнцыі па пытаннях беларуска-расійскіх стасункаў скончылася для Барыса Нямцова, кіраўніка адной з расійскіх правых партый дэпартацыяй, забаронай на ўезд у Беларусь і абвінавачаннямі ў фінансаванні беларускай апазіцыі.

Але такое становішча, калі ваяжы ў расійскую сталіцу больш былі патрэбныя беларускім апазіцыянерам, па ўсяму відаць, праходзяць. Афіцыйная палітыка Беларусі гэтага года заўважна адрозніваецца ад леташняй. На пярэдні план для А. Лукашэнкі выйшаў прынцып „Не до жиру — быть бы живу”. Паварот ад інтэграцыйных лозунгаў да ідэалогіі беларускай дзяржавы, хай блытанай, мала для каго зразумелай і, верагодна, часовай з’явы, засведчыў імкненне цяперашняга беларускага прэзідэнта да захавання ўсіх эканамічных рычагоў свайго панавання перад рэальна ўзнікшай небяспекай пранікнення буйнога расійскага капіталу ў Беларусь, калі, вобразна кажучы, беларускую палітычную музыку будзе заказваць расійскі капіталіст.

Разам з тым нецалкавітая адпаведнасць дзеянняў А .Лукашэнкі патрабаванням расійскіх палітычных і эканамічных вярхоў прывяла да таго, што цяпер расіяне пачалі „зандзіраваць глебу” на прадмет альтэрнатывы беларускаму „бацьку”. Так, напрыканцы лета ў сталіцу Расіі былі запрошаны прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партый правага кірунку. Сустрэчу з імі ладзіў так званы „Савет па знешняй і абароннай палітыцы Расіі”. Нягледзячы на гучную назву, гэта ўсяго толькі грамадскае аб’яднанне, якое, тым не менш, мае адпаведны ўплыў на фармаванне палітычных поглядаў крамлёўскага кіраўніцтва. Абмен думкамі на прадмет развіцця расійска-беларускіх дачыненняў і апазіцыйных поглядаў на іх абодва бакі прызналі карысным. Сцвярджаючы непахіснасць прынцыпу незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, апазіцыя, больш таго апазіцыя правая, нацыянальная, прызнае вялікае значэнне ў беларускіх справах расійскага стаўлення.

Наступным крокам азнаямлення з беларускім апазіцыйным бамондам вышэйзгаданага Савета стала лістападаўская сустрэча з кіраўніцтвам партый левага накірунку і некаторымі дэпутатамі цяперашняга беларускага парламента. Цікава, што ўдзел у гэтым спатканні прыняла дэпутат Наталля Машэрава, дачка Пятра Машэрава, трагічна загінуўшага колішняга камуністычнага кіраўніка Беларусі, які і дагэтуль карыстаецца пашанай у народзе. Па выніках сустрэчы, выявілася, мабыць, самае галоўнае, што не даспадобы расіянам — меркаванне аб павелічэнні ў беларускім кіраўніцтве колькасці людзей з антырасійскімі поглядамі. А гэта ў сваю чаргу перашкаджае станаўленню т.зв. Саюзнай дзяржавы, а кажучы проста — уплыву Расіі на сітуацыю ў Беларусі. Больш таго, аб перашкодзе аб’яднання ў адну дзяржаву з боку А. Лукашэнкі ўжо заяўляюць некаторыя расійскія палітыкі яскравай нацыяналістычнай афарбоўкі, кшталту Дзмітрыя Рагозіна, які заўсёды вызначаўся непрыманнем дзяржаўнасці Беларусі.

Цяжка сказаць куды завядзе цяперашняе беларускае кіраўніцтва неакрэсленая пазіцыя ў вызначэнні свайго месца і месца Беларусі ў палітычнай прасторы сучаснай Еўропы. Але відавочна, што ні лаўры аб’яднальніка, ані беларускага незалежніка Аляксандру Лукашэнку ўжо не „свецяць”.