Ніва № 49 (2482), 7 снежня 2003 г.

Вымушаны гаспадарыць

Аляксей МАРОЗ

У Махнатым каля 15 малодшых гаспадароў. Сярод іх толькі некалькі асоб мадэрнізавалі свае гаспадаркі і прыстасавалі да еўрапейскіх патрабаванняў.

Калі ў пахмурнае надвор’е еду праз Старое Беразова і Махнатае, на вуліцы пуста. Сумнымі паказваюцца мне вялікія мураваныя і драўляныя дамы, якія будаваліся дваццаць-трыццаць гадоў таму.

У Махнатым пытаюся мужчын пра пілатажныя спатканні на тэму даплат да сельскагаспадарчай вытворчасці. Мае суразмоўцы крытычна ацэньваюць сённяшнюю палітыку ўлад у адносінах да сельскай гаспадаркі, надалей адмоўна ўспрымаюць намаганні Польшчы ўступіць у Еўрасаюз і з настальгіяй успамінаюць мінулае. Раней у Старое Беразова і Махнатае прывозілі экскурсіі, каб паказаць узорныя вёскі з прыгожымі дамамі і гаспадаркамі. Многія гаспадары працавалі ў Гайнаўцы або Бельску-Падляшскім. Пасля працы на прадпрыемствах рускімі трактарамі маркі „Уладзімірац” і польскімі „Ц-330” абраблялі добрую, як на ўмовы Гайнаўшчыны, зямлю. Іх жонкі і дзеці даглядалі жывёлу. Калі былі грошы, вяскоўцы будавалі прыгожыя дамы. Куплялі „фіаты”, „паланезы” і патрэбную сельгастэхніку. Некаторыя за выручаныя грошы будавалі дзецям дамы ў гарадах. Дзесяцігектарных гаспадарак хапала для дастатковага жыцця. Складанасці паявіліся, калі ў краіне пачаліся перамены. Тады страцілі працу „хлопа-работнікі” і панізіўся даход з гаспадарак. Закрылі чыгуначную лінію з Бельска ў Гайнаўку, якой карысталіся жыхары абедзвюх вёсак. Гэта пазбавіла старэйшых людзей зручнага даезду да лекараў і абмежавала выезды за пакупкамі. Малодшыя сяляне паспрабавалі дастасавацца да новых умоў гаспадарання. Пачалі купляць і браць у арэнду зямлю, дакупілі кароў і пачалі інвеставаць у сельскагаспадарчую тэхніку. Аднак вялікія працэнты пад крэдыты прытармазілі іх энтузіязм. Зараз людзі наракаюць на ўмовы гаспадарання і з вялікай асцярожнасцю глядзяць на перспектывы даплат да сельскагаспадарчай вытворчасці.

— Калі нехта зробіць сур’ёзныя памылкі ў дакументах, то могуць забраць нават каля 50% даплат на тры гады, — заўважае Аляксей Лаеўскі з Махнатага, які запомніў перасцярогі працаўнікоў Гайнаўскага аддзялення Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Арганізавалі яны летам адукацыйную сустрэчу ў Махнатым, у час якой вучылі як мерыць поле і пісаць заявы наконт даплат да сельскагаспадарчай прадукцыі. Пасля трэба было запаўняць шматлікія фармуляры і падаваць іх у Гайнаўскае аддзяленне агенцтва. Кантраляваць прыязджалі працаўнікі ваяводскіх структур агенцтва, але вынікаў кантролю гаспадары з Махнатага яшчэ не ведаюць. Пілатажная работа з гаспадарамі Махнатага праводзілася дзеля праверкі вынікаў адукацыйнай працы.

— Найгорш было падлічыць плошчы для даплат, калі нейкі раўчак праходзіць цераз поле, а вакол яго кусты растуць. Складана было абмерыць плошчы пасеваў, калі яны знаходзіліся на адным вялікім участку зямлі. Пра плошчу сельскагаспадарчых участкаў, зарэгістраваных у геадэзічным аддзяленні можна было даведацца ў гмінных работнікаў, — кажа Аляксей Лаеўскі. — Я лічу, што ў наступным годзе яшчэ не будзе даплат, бо адпаведную камп’ютэрную сістэму не паспеюць падрыхтаваць. Цяжка сказаць, што будзе і ў 2005 годзе, бо міністры ўвесь час мяняюцца.

Разбудавалі гаспадаркі ў Махнатым толькі некалькі асоб. Дакупілі яны зямлю і гадуюць кароў. Новыя аборы сведчаць, што гаспадары інвестуюць надалей.

— Горш будзе ў Еўрасаюзе, бо будуць большыя патрабаванні ў адносінах да жывёлаводаў. Увядуць 22% падатак ПДВ і перастануць даваць даплаты да паліва, а таннае збожжа з захаду і Венгрыі панізіць цэны на нашу раслінную прадукцыю, — кажа Міраслаў Карпюк з Махнатага.

Мае суразмоўцы станоўча ацэньваюць адукацыйнае спатканне наконт даплат.

— Каб не адукацыя працаўнікоў агенцтва, хто там патрапіў бы запоўніць правільна ўсе дакументы. У адукацыйнай літаратуры ўсяго не прачытаеш, — гаворыць Аляксей Лаеўскі.

На панадворку Міхала Германовіча сустракаю гаспадыню.

— Зараз цяжка гаспадарыць. Цэны на мінеральныя ўгнаенні і іншыя сродкі прадукцыі ідуць угору, як агонь, а цэны на нашыя прадукты застаюцца на месцы, а нават на некаторыя паніжаюцца. Раней за малако плацілі больш чым па 1 злот за літр, а зараз за якаснае малако атрымліваем па 80 грошаў за літр. Калі рашыцца пакінуць гаспадарку, то хто прыме нас на працу? Мы вымушаны гаспадарыць. Нядаўна мадэрнізавалі абору, прыстасоўваючы яе да еўрапейскіх патрабаванняў. Дакупілі крыху зямлі і гадуем 17 кароў. Аднак не рашыліся выступіць да фонду САПАРД за фінансавай дапамогай на куплю трактара, бо трэба спачатку вылажыць свае сродкі. Пасля здаралася, што гаспадары не атрымлівалі абяцаных грошай, бо кантралёры знаходзілі недахопы ў аборах або гаспадарках, — кажа спадарыня Германовіч.

Яна таксама адмоўна ацэньвае бюракратыю, якая спадарожнічае атрыманню даплат.

— Адзін старэйшы гаспадар нерваваўся ў час адукацыйнага спаткання. Казаў, што не хоча вучыцца запаўняць дакументы і адракаецца даплатаў. З дакладнасцю да адной сотай гектара трэба будзе памерыць усе ўчасткі поля. Добра, што работнікі агенцтва, якія раней нас вучылі, дапамагалі. Малайцы, бо без іх самі мы не справіліся б, — гаворыць спадарыня Германовіч.