Ніва № 47 (2480), 23 лістапада 2003 г.

З Магілёва ў Беласток

Студэнты факультэта славянскай філалогіі Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта, пад кіраўніцтвам дэкана факультэта Аляксея Лаўшука і Аляксандра Макарэвіча, загадчыка кафедры беларускай літаратуры правялі ў Беластоку восем працавітых дзён па запрашэнні філалагічнага факультэта Беластоцкага універсітэта. Адной з прычын прыезду была моўная стажыроўка, кожны дзень пачынаўся з заняткаў па польскай мове.

— Мы не толькі вывучалі граматыку польскай мовы, але і чыталі мастацкія тэксты, прымянялі атрыманыя веды на практыцы, — успамінаюць студэнты Валянцін Вішнявецкі і Алена Жарыкава. — Трапілі мы і на заняткі даследчыка прафесара Міхала Кандрацюка. Напачатку праслухалі лекцыю па анамастыцы на польскай мове, а пасля спецыяльна для нас прафесар перайшоў на беларускую мову, якую ён выдатна ведае. Пасля абеду звычайна праходзілі культурныя мерапрыемствы. Спачатку мы пазнаёміліся з гісторыяй Беластока, наведаўшы Гарадскі музей. Больш за ўсё нас уразіў макет горада, які перадаваў яго выгляд у XVII стагоддзі... Вельмі цікава было сустрэцца з пісьменнікамі і літаратуразнаўцамі Янам Чыквіным і Галінай Тварановіч. Паэт чытаў нам свае вершы, распавядаў аб сваім жыцці, творчым шляху. Пагутарылі і аб развіцці сучаснай літаратуры, аб творчасці пісьменнікаў літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. На развітанне мы атрымалі ў падарунку кнігі вершаў пісьменнікаў „Белавежы”. З пісьменнікамі сустрэліся таксама ў рэдакцыі газеты „Ніва”. Віктар Швед расказваў пра сваё станаўленне як паэта, чытаў вершы, а з Мірай Лукшай у нас завязаліся цёплыя сяброўскія адносіны. Атрымалі мы ад пісьменнікаў кнігі з аўтографамі, а таксама выданні Праграмнай рады тыднёвіка „Ніва”. Наведалі мы і Беластоцкі драматычны тэатр, глядзелі спектакль па рамане Фёдара Дастаеўскага „Злачынства і пакаранне”. Былі прыемна ўражаны тым, як рэжысёр Тамаш Ман перапрацаваў гэты велічны твор для пастаноўкі на малой сцэне. Была ў нас цудоўная паездка ў Бельск-Падялшскі. Там мы наведалі беларускую гімназію і ліцэй, дзе даведаліся, як выкладаецца наша родная мова на польскай зямлі, пагарталі падручнікі па беларускай мове польскага выдання, пазнаёміліся з настаўнікамі і вучнямі, прысутнічалі на ўроках. А пасля крыху пагулялі па вуліцах Бельска. Натрапілі на дом, дзе здымаўся фільм „Знахар” Ежы Гофмана. Здзівіла тое, што праваслаўных храмаў у гарадку больш, чым каталіцкіх, аднак беларускай мовы на вуліцах не чутно... Захапіў нас і Беласток, які ўяўляецца нам сапраўдным еўрапейскім горадам, дзе адчуваеш таксама подых былых стагоддзяў.

— Хочам выказаць вялікую падзяку рэктару нашага універсітэта, дэкану Аляксею Лаўшуку, прафесару Міхалу Кандрацюку з Беластоцкага універсітэта за моўную стажыроўку. Асабліва ўдзячны мы выкладчыцам Ніне Андрасюк і Аліне Філіновіч, якія зрабілі ўсё магчымае, каб мы не сумавалі ні адной хвілінкі. Заўсёды ветлівыя, шчырыя, дасціпныя, яны праводзілі для нас лекцыі, ездзілі з намі на экскурсіі, дамаўляліся і праводзілі сустрэчы з дзеячамі літаратуры і мастацтва і проста заўсёды былі побач.

(куша)