Ніва № 47 (2480), 23 лістапада 2003 г.

Дух рэвалюцыі

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Незаўважна мінула чарговая гадавіна выбуху Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля 1989 г. друк, радыё і тэлебачанне ішлі навыперадкі ў ідэях на трактаванне яе гумарыстычна. Мабыць, таму, што ў гэтым годзе не трапілася круглая гадавіна, рэвалюцыйныя жарты не кінуліся мне ў вока (вуха). Затое ў хатніх шуфлядах з рознага тыпу дакументамі трапіў я на каталог з выставы, арганізаванай у 1977 г. з нагоды рэвалюцыі ў беластоцкім Музеі рэвалюцыйнага руху (маладзейшых інфармую, што сёння гэта Гістарычны музей). Расказвала яна аб удзеле жыхароў Беласточчыны ў гэтай падзеі, сімвале, які, ці гэта каму падабаецца ці не, змяніў лёсы свету. Перакідваючы гэты каталог прыпомніў я сабе сямейныя аповеды аб Рамуальдзе Муклевічы, блізкім сваяку маёй бабулі з боку маці. Памятаю з дзяцінства, як адна маладая стажорка радыёжурналістыкі, сёння вядомая і з рознымі званнямі універсітэцкая выкладчыца, прабавала штосьці аб Муклевічы выцягнуць ад мае бабулі. Да яе візіту бабуля старанна падрыхтавалася. Апранула нават уласнаручна пашытую, снежна-белую, карункавую святочную блузку, так, быццам маглі яе ўбачыць радыёслухачы. Стажорка прыйшла, пачала ставіць пытанні. Бабулі, аднак, адняло голас. Не магла выціснуць з сябе ў мікрафон ні слова. Толькі пасля таго, як пакінула хату свежаспечаная журналістка, бабуля разгаварылася. Сёння з яе ўспамінаў памятаю толькі тое, што бабуля не магла зразумець, чаму Рамуальда Муклевіча Сталін загадаў у 1938 годзе расстраляць. Аб гэтым, дарэчы, даведалася ўжо пасля апошняй вайны. Фактычна, цяжка зразумець існасць хвалі сталінскіх чыстак з таго і іншых перыядаў. Бабуля, мабыць, перад радыёмікрафонам нават у той час, значыць, у канцы сямідзесятых, не змагла паставіць такое пытанне. Памятала Рамуальда Муклевіча з далятаючых з розных бакоў аповедаў, як удзельніка штурму на Зімні палац, намесніка камандзіра ваеннай авіяцыі СССР і ўрэшце ў 1926-1933 гадах камандзіра савецкага ваеннага флоту, ці, пасля, намесніка народнага камісара ваеннай прамысловасці. Не сказала мне, аднак, як гэты, народжаны ў Супраслі, тэкстыльшчык з Беластока і Лодзі, трапіў каля 1914 г. у Расію (здаецца, у Петраград). Мабыць, ужо не даведаюся, бо няма ўжо ў маёй сям’і нікога, хто мог бы мне пра гэта сказаць.

Маўчаць таксама сем’і іншых удзельнікаў рэвалюцыі, якія паходзілі з Беласточчыны. Цяжка гэтаму здзіўляцца. Колішніх герояў прадстаўляюць сёння як ворагаў і здраднікаў. Нікому ўжо не хочацца нават адказваць на пытанні, як яны ўмяшаліся ў Рэвалюцыю, што імі кіравала, якія гэта былі людзі. А шмат з іх адыгрывала значную ролю ў гэтай падзеі, мабыць, не рашаючую, але сімвалічную. Як успомненыя ў музейным каталогу Якуб Мартынюк з Новага Беразова ці Эдвард Шэўка са Старасельцаў, якія знаходзіліся на крейсеры „Аўрора” ў час, калі меў ён даць знак-залп рэвалюцыянерам. Праўда, калі я быў у Расіі ў канцы ўлады Гарбачова, той факт паставілі пад сумненне, ды, так ці іначай, абодва салдаты служылі на „Аўроры”. Так як і ў патушэнні, як гэта калісьці акрэслівалася, антысавецкага загавору Керанскага і Краснова прымаў удзел Аляксандр Пэршка з Гайнаўкі. Прозвішчаў пералічыць можна шмат. Налічыў я больш за дзве сотні беластачан. Ці аб іх удзеле, незалежна, як яго ацаняем, трэба забыць або глядзець выключна праз прызму ацэнак вялікай гісторыі? Сумняваюся.

Сёння, даслоўна, няма часу на такія дыскусіі. Амаль дзень да гадавіны выбуху Кастрычніка 1917 г. левы польскі ўрад вуснамі віцэ-прэм’ера Ежы Гаўзнера прадказаў сур’ёзныя скарачэнні ў бюджэце будучага года. Як усё паказвае, датычыць яны будуць таксама найслабейшай часткі грамадства: пенсіянераў. Урад прабуе, аднак, даць народу пачуццё нейкай справядлівасці. У сябе таксама будзе скарачаць. Апавяшчае ашчаднасці ва ўрадавай адміністрацыі ў цэнтры і ў глыбінцы — у ваяводскіх управах. Хоча абмежаваць лік міністэрскіх дарадчыкаў і іншых чыноўнікаў, закупку аўтамашын, а нават не выключае ліквідацыі Сената. У сапраўднасці гэтых скарачэнняў, аднак, не адчуюць кішэні грамадзян. Для прыкладу, маршалак Сената Лёнгін Пастусяк прыпомніў, што ўтрыманне Вышэйшай палаты парламента каштуе кожны месяц кожнага падаткаплацельшчыка каля 25 грошаў. Мусіць, аднак, пры прапагандысцкай ігры віцэ-прэм’ера Гаўзнера злаваць, напрыклад, факт, што будучы бюджэт падляшскага ваяводы будзе пабольшаны на каля 14 мільёнаў. А за тыя грошы будуць куплены восем аўтамашын, паменяны вокны ў ваяводскай установе і разбудавана канферэнц-зала.

— Гэта ашчаднасці. Мусім клапаціцца за маёмасць. Іначай усё зруйнуецца, — тлумачыў у Радыё Беласток Анджэй Танаеўскі, генеральны дырэктар ПВУ.

Гэтыя выказванні, а перш за ўсё дзеянні ўзмацняюць пачуццё несправядлівасці, недавер да ўлады, боязь за будучыню, з і так цяжкім сёння. Такія настроі — падставы рэвалюцыі, таксама Кастрычніцкай. Але нашто аб гэтым памятаць? Азваўся ўва мне рэвалюцыйны дух. Урэшце ж, і ў маіх венах плыве таксама кроў Рамуальда Муклевіча.