Ніва № 47 (2480), 23 лістапада 2003 г.

Мова вучоных дурняў

Яўген МІРАНОВІЧ

Апошнім часам уся краіна жыве праблемай правільнага запаўнення фармуляраў, на аснове якіх польскія сяляне змогуць атрымаць еўрасаюзныя грошы. Курсы па адукацыі сялянства пачалі праводзіць нават некаторыя каталіцкія епіскапы. Аказваецца, прыбытковасць гаспадаркі будзе цяпер залежаць не ад вынікаў працы ў полі, але ад правільнасці запісаў у рубрыках. Некалькі тысяч новых чыноўнікаў стане вырашаць каму даваць, а каму не даваць еўрасаюзныя датацыі.

З моманту вялікай адміністрацыйнай рэформы Польшчы прайшло некалькі гадоў. Узніклі паветы і самаўрадавыя ваяводствы. Засталася таксама, як раней, ваяводская дзяржаўная адміністрацыя. На працягу апошніх шасці гадоў адміністрацыя памножылася ў два разы. Мэтай рэформы мела быць скарачэнне ліку чыноўнікаў, а выйшла — як заўсёды. Цяпер, каб утрымаць гэты апарат, трэба ашчаджаць на ахове здароўя, адукацыі, культуры і пенсіянерах.

Найгоршае аднак у гэтым шаленстве размнажэння дзяржаўных структур тое, што яны зусім не працуюць у карысць грамадзян і дзяржавы, а толькі дзеля апраўдання свайго існавання. Спроба аформіць якую-небудзь справу заўсёды пачынаецца з запаўняння шматлікіх фармуляраў, да якіх абавязкова трэба прыкласці каштоўную марку, сама менш за 10 злотых. Пасля трэба пачакаць пакуль начальнікі не прымуць адпаведныя рашэнні. Працягваецца тое чаканне тыднямі. У канцы атрымліваем інфармацыю, што трэба нам прынесці яшчэ нейкія пасведчанні ад іншых бюракратаў. Зноў фармуляры, маркі, чаканне...

Ужо прайшоў год, калі „пачаў я купляць” гектар бацькоўскай зямлі, якая ад дваццаці гадоў знаходзілася ва ўладанні Заблудаўскай гміны і ляжала сабе аблогам. Гмінная і павятовая адміністрацыя, натарыусы і суды ўзялі ўжо два разы больш грошай, чым тая зямля вартая. Але калі я ў надзеі чакаў канчатковага судовага рашэння, атрымаў паведамленне з суда, зместу якога нават пры дапамозе Вялікага тлумачальнага слоўніка польскай мовы не мог зразумець. Судовы рэферандар піша так: „Sad Rejonowy Wydzial Ksiag Wieczystych wzywa do zlozenia zwrotnego poswiadczenia odbioru wyslanego do Agencji Nieruchomosci Rolnych zawiadomienia o tresci aktu notarialnego, ewentualnie pisemnej informacji Agencji, odnosnie zawiadomienia jej tresci w/w aktu notarialnego w terminie 14 dni pod rygorem oddalenia wniosku”. Вядома толькі, што чыноўнік нечага патрабуе. Можна таксама меркаваць, што ён з’яўляецца ўласнікам дыплома юрыдычнага факультэта. Пэўна выйшла нейкае распараджэнне нейкага важнага міністра, напісанае паўпісьменным чыноўнікам ягонай канцылярыі. Вучонаму дурню судовай адміністрацыі стала яно інструментам тэрору ў адносінах да грамадзян. Каб спыніць гэты бюракратычны кашмар, чалавек найчасцей вымушаны купляць паслугі ў іншага юрыста, які за адпаведную суму зможа расшыфраваць бюракратычную балбатню.

Афармленне нават нязначнай справы патрабуе часу, грошай і сталёвых нерваў. Атрымаўшы такое пісьмо, чалавек ставіць сабе пытанне: чаму, разумеючы ўсе словы, не разумею сутнасці напісанага? Хто тут непісьменны? Чаму трэба пасылаць нешта ў нейкую „агенцыю”, да якой чалавек не мае ніякага дачынення? Чаму грамадзянін вымушаны афармляць карэспандэнцыю, якую раней вялі паміж сабой установы за грошы падаткаплацельшчыкаў? Цяпер плацім нават большыя падаткі, але нічога з гэтага не вынікае, толькі расце армія тэрарыстаў з пячаткамі дзяржаўных устаноў.

У цывілізаваным свеце адміністрацыя прызначана служыць грамадзянам, а ў нас можа скласціся ўражанне, што грамадзянін існуе дзеля таго, каб тупы чыноўнік змог даказаць „kto tu rzadzi”. Калісьці мяне вучылі, што два і два гэта чатыры. Аднак, калі на кантроль у „Ніву” прыйшоў камсамолец з НІК, пачаў пераконваць, што паводле законаў два і два можа быць нават шэсць з паловай. Колькі ў сапраўднасці два і два, яго не цікавіць, важна тое, што ў гэтай справе сцвярджаюць законы. А яны вырашаюць, аказваецца, пра ўсё — у выглядзе сотняў распараджэнняў, кодэксаў, спецзаконаў. Чалавек, які выходзіць з хаты, павінен ведаць, што ягоны кожны крок ацэньваецца ў кантэксце згоднасці з законамі. Прабаваў я нават прачытаць тыя найбольш неабходныя ў штодзённым жыцці, але іхняя мова нагадвае слэнг крымінальнікаў — зразумелы выключна ў гэтым асяроддзі.