Ніва № 47 (2480), 23 лістапада 2003 г.

Дом сацыяльнай дапамогі ў Старыне

Аляксей МАРОЗ

Са студзеня 2004 года пачне працаваць Дом сацыяльнай дапамогі ў Старыне, на які прыстасаваны быў школьны будынак. Яго адкрыццё адбылося 8 лістапада з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Марка Поля, міністра замежных спраў Владзімежа Цімашэвіча і падляшскага віцэ-ваяводы Ежы Паўяновіча. На мерапрыемства сышліся пажылыя жанчыны са Старыны і суседніх пасёлкаў.

— Хочам, каб дом наведвалі жыхары навакольных вёсак. Будуць яны маглі паразмаўляць між сабою. Апякункі асяродка будуць дапамагаць хворым і адзінокім са Старыны, — заявіла Ева Курулішвілі, генеральны сакратар Польскага камітэта сацыяльнай дапамогі.

Падставовая школа працавала яшчэ ў сямідзесятыя гады. У 1984 годзе па дэмаграфічных прычынах школа была закрыта. Пасля ў будынку знаходзіўся асяродак адпачынку. Арганізаваліся там Сустрэчы „Зоркі” і адпачывала школьная моладзь. На адкрыццё Дома сацыяльнай дапамогі рашыўся тры гады таму Польскі камітэт сацыяльнай дапамогі, якім кіраваў Владзімеж Цімашэвіч. Улады Дубіцкай гміны перадалі будынак за сімвалічную залатоўку. Узамен улады мадэрнізавалі дарогу з Войнаўкі ў Старыну. Многа абсталявання дом сацыяльнай дапамогі атрымаў ад дабрачынцаў. У асяродку будуць працаваць лекар, дзве медсястры і абслуга. Будуць арганізавацца заняткі па народным рукадзеллі, разьбе, а летам — у агародчыку.

— У гміне вялікае беспрацоўе і будзем прымаць на працу асобы з наваколля. Асяродак створаны згодна еўрапейскім стандартам. Знаходзіцца ў ім сем пакояў, а каля кожнага — ванная і туалет, — сказаў дырэктар асяродка Казімеж Пулторак.

Жыхары будуць маглі карыстацца рэабілітацыйным залам і пакоямі дзённага адпачынку. Са студзеня ў асяродку зможа пасяліцца 40 асоб, а пасля плануецца пабольшаць колькасць месцаў да васьмідзесяці. Ахвотных стаць жыхарамі Дома сацыяльнай дапамогі ў Старыне накіроўваць будуць гмінныя асяродкі сацыяльнай дапамогі.