Ніва № 47 (2480), 23 лістапада 2003 г.

Некаторыя наступствы „Вялікага Кастрычніка”

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Чарговая, 86-я гадавіна кастрычніцкіх падзей у Санкт-Пецярбургу, тагачасным Петраградзе, як і ўсё мінулае стала ўжо набыткам гісторыі. Па-рознаму ўзгадалі яе ў краінах, дзе дзень 7 лістапада калісьці быў святам — дзесьці гэта кароткае паведамленне ў выпуску навін з невялікім расповедам аб сучасным стаўленні да камунізму, дзесьці — выхадны дзень з мудрагелістай назвай, маючы гістарычную сувязь з колішнім найвялікшым святам, а дзесьці — амаль як дзесяткі гадоў таму — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Нягледзячы на агульнае адчужэнне ад камуністычных ідэалаў большасці дзяржаў былога „сацыялістычнага лагера”, яшчэ і сёння паўсюдна там можна сустрэць людзей, якія з пэўнай доляй настальгіі ўспамінаюць „камуну”. Гэта натуральна — чалавечая памяць мае выдатную асаблівасць забываць дрэннае і непрыемнае, тым больш, што жыццё працягваецца, а гэта само па сабе схіляе да высновы — усё што ні робіцца, да лепшага. Іншая справа, што дзе-нідзе неапраўданае пераўпрыгожванне мінулага і замоўчванне яго трагізму сталася нечым накшталт хваробы, якая не дазваляе аб’ектыўна падысці да асэнсавання перажытага народам значнага кавалка гісторыі. Менавіта такая сітуацыя ўзнікла сёння ў Беларусі.

Калі паглядзець звонку на святкаванне вышэйзгаданай даты, то яно сёлета, як, дарэчы, ужо некалькі гадоў запар праходзіць даволі сціпла. Найбольшае праяўленне „ўсенароднай” радасці ад бальшавіцкага перавароту цяпер можна пабачыць толькі на нешматлюдных і кароткачасовых мітынгах, што арганізуюцца мясцовымі ўладамі, ды і тое не паўсюдна. Так, у Мінску ціхае ўскладанне кветак членамі Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) да помніка Леніну ды вывешаныя ўладамі чырвоныя сцягі і транспаранты толькі і нагадвалі аб „Вялікім Кастрычніку”. Большасць насельніцтва Беларусі ўспрымае гэтае свята за звычайны выхадны дзень, больш прыдатны да заканчэння сельгасработ на прысядзібных участках. Нават і прэзідэнт Лукашэнка, быццам бы мімаходзь павіншаваўшы суграмадзян са святам, укаціў у рабочую паездку па Гомельскай вобласці.

Але нягледзячы на тое, што Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі ўжо далёка не самае галоўнае дзяржаўнае свята, савецкая спадчына там падаецца практычна ў ружовых колерах і актыўна выкарыстоўваецца тая сляпая настальгія па камуністычных часах, што прысутнічае, дзе менш, дзе больш, ад Чукоткі да Балкан.

У той жа час варта адзначыць, што непасрэдна камуністамі беларускія ўладутрымаючыя сябе ўжо не называюць. Яны, як А. Лукашэнка, прынцыпова беспартыйныя, што, па іх меркаванню, мусіць сведчыць аб наўпроставай сувязі з беларускім насельніцтвам, якое насамрэч аказалася самым савецкім на тэрыторыі былога СССР.

Нягледзячы на нібыта „левізну” беларускага электарату, вышэйзгаданая Партыя камуністаў знаходзіцца ў апазіцыі да цяперашняга дзяржаўнага кіраўніцтва. Згодна тлумачэнняў кампартыйных лідэраў, трэба разумець, што сёння ў Беларусі ніякі не сацыялізм — краінай валадарыць вышэйшая бюракратыя, якая бескантрольна распараджаецца ўсім багаццем беларускага народа. Выкарыстанне ёю сацыялістычных лозунгаў не больш як падман, бо насамрэч гэтая дзяржаўная машына працуе на патрэбы аднаго чалавека — прэзідэнта. Таму сёння праграмай-мінімум для беларускіх камуністаў стала дэмакратызацыя грамадскага жыцця. З такога новакамуністычнага погляду на беларускую рэчаіснасць лагічным становіцца ўдзел ПКБ у разнастайных блоках і кааліцыях з тымі, хто напачатку 90-х гадоў забараняў КПСС, апячатваў абкамы і гаркамы, а сёння няўхільна прытрымліваецца „правых”, ліберальных перакананняў.

На жаль, большасць насельніцтва абыякава ставіцца да розных праграм, мэтаў і задач партый, у тым ліку і камуністычнай. Хоць трэба аддаць даніну павагі цяперашнім камуністам з ПКБ — яны ў вялікай ступені крытычна асэнсавалі савецкае мінулае як народа, так і сваёй партыі-папярэдніцы. Для іх камунізм ужо не „карыта, у якое бясконцым патокам цякуць невядома адкуль узятыя даброты, а ўвесь народ можа спакойна да гэтага карыта падыходзіць і хлябаць, колькі яму захочацца”. Адмаўляюць цяперашнія камуністы і ў магчымасці ўкаранення шчаслівай будучыні праз насілле супраць волі і жадання большасці народа. Сваёй задачай яны бачаць пераконванне народа ў тым, што сацыялістычнае грамадства адпавядае людскім інтарэсам.

Такое перасэнсаванне, зразумела, рэч неблагая. Праўда, дасягнуць ПКБ хаця б невялікай часткі сваіх мэтаў у цяперашніх палітычных умовах Беларусі, на мой погляд, не ўяўляецца магчымым, нягледзячы на „падаграваную” лукашэнкаўскай уладай настальгію. І аб гэтым яскрава сведчыць стаўленне да галоўнага камуністычнага свята нібыта „левага” ў большасці беларускага электарату. Народжаная і загартаваная сямю дзесяцігоддзямі сацыялізму па Леніну і Сталіну грамадзянская абыякавасць прывяла да выключнай „савецкасці” беларусаў — некрытычным стаўленні да дзеянняў дзяржаўнага кіраўніцтва, страху адстойваць свае правы, разгляду ўласнага меркавання як чагосьці нікому непатрэбнага.

Ці здолеюць цяперашнія камуністы хоць бы разам з „правымі” змяніць савецкі светапогляд большасці беларускага насельніцтва? Дай Бог нашаму цяляці ваўка з’есці. Хаця ж... чаго ў свеце не бывае.