Ніва № 47 (2480), 23 лістапада 2003 г.

Еўрапейскія варштаты

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

— Во, глядзі, прыехала файная пані міністр! — гукнуў рабочы з лапатай да калегі пад беластоцкай Вышэйшай школай фінансаў і кіравання на від выходзячай з БМВ Дануты Гюбнэр. — А мне што там... Пайшлі капаць! — пачуў у адказ.

Міністр па еўрапейскіх справах зараз пасля гаварыла да тлуму студэнтаў і гасцей вучэльні аб сітуацыі Польшчы паўгода да ўваходу ў Еўрасаюз.

— У гэты майскі дзень будучага года не заўважым ніякай розніцы паміж Польшчай, якая была дагэтуль, а тою, якая будзе ў Еўрасаюзе, — пачала прафесар Гюбнэр.

Зараз потым падкрэсліла, што найцяжэйшым ад 1994 г. (дата заявы Польшчы аб хадайніцтве ў ЕС) было прыстасаванне права да еўрасаюзных стандартаў. Да гэтай пары ўдалося змяніць блізка 400 законаў. Засталося яшчэ трынаццаць.

І далей:

— Маем цяпер цалкам старэючую Еўропу. Некаторыя краіны ўжо не ў змозе запрацаваць на ўласныя пенсійныя фонды. Таму дыскутуецца аб міграцыйнай палітыцы. Будзе ў Еўропе ўзрастаць запатрабаванне на рабочую сілу, добра адукаваную. Трэба, значыць, слядзіць за тэндэнцыямі ў паасобных краінах.

Прытым міністр зазначыла:

— У сённяшніх краінах ЕС няма такое, як у Польшчы, цягі да хуткага здабывання добрай адукацыі. Мабыць, таму ўяўляюць нас як нацыю спантанна арыентуючуюся на канкрэтныя дзеянні. Аднак, важна, каб адукацыя, спецыяльнасці, былі звязаны з патрэбамі рынку працы.

На адно з пытанняў маладога чалавека, які прызнаўся, што валодае некалькімі мовамі, скончыў два факультэты за мяжой і не можа знайсці працы, міністр Гюбнэр адказала:

— У мае рукі трапляюць дзесяткі заяў ад маладых людзей, якія валодаюць трыма-чатырма мовамі. Але мая ўстанова не мае штатаў. Аднак, цікава, што ёсць значная група моладзі, якая хоча працаваць у публічнай адміністрацыі. Ёсць, аднак, іншыя магчымасці. Трэба прымаць удзел у конкурсах на працу ў еўрапейскіх структурах. Сёння працуе ў іх каля трохсот, галоўным чынам маладых людзей (Савет Еўропы, Парламент, Еўрапейскі сакратарыят і г.д.).

На думку міністр Дануты Гюбнэр, шанц для моладзі — гуртаванне ў свайго роду двух-трохасабовыя фірмы, якія будуць дапамагаць у апрацоўванні рознага роду фармальнасцей неабходных для здабывання грошай з Еўрасаюза. Тут у першую чаргу маглі б гэта скарыстаць выпускнікі школ, не толькі вышэйшых вучэльняў, якія вяртаюцца ў вёску і разбіраюцца ў тым, як запаўняць фармуляры патрэбныя на даплаты для сялян.

— На Падляшшы можна таксама выкарыстаць усходнюю мяжу як крыніцу прыбытку, — зазначыла міністр. — Гэты рэгіён ляжыць на стыку культур з прыцягальнымі каштоўнасцямі.

Не скрывала, аднак, што разам з уваходам у ЕС разрасцецца штаб чыноўнікаў працуючых у адміністрацыі, ды прытым гэта група павінна стацца больш прафесійнай, каб умела выкарыстоўваць наплываючыя еўрапейскія сродкі.

Падкрэсліла, што Польшчы патрэбна паскарэнне дынамікі гаспадарчага росту. Сёння, беручы пад увагу пакупную здольнасць грамадзян, сярэдні паляк дасягае ледзь 40 працэнтаў даходаў сярэдняга еўрапейца з „пятнаццаткі”. Незалежна ад таго, згодна з інфармацыямі пані міністр, Польшча бачыцца як найбольш прыцягальны партнёр для еўрапейскіх інвестараў і чацвёрты для інвестараў сусветных, м.інш. пасля Кітая і Расіі.

Ужо цяпер міністр па еўрапейскіх справах заклікала сялян, каб на працягу паўтара месяца да 15 чэрвеня будучага года запоўнілі фармуляры неабходныя для атрымання даплат. Калі тэрмінова з гэтым не справяцца, не дастануцца ім еўрасаюзныя грошы.

І завяршыла:

— Хочам увайсці ў ЕС развіваючыся дынамічна, з якім лічацца ў свеце, салідарны і аб’яднаны, які ўзнік, каб будаваць стабільнасць у Еўропе.

У час іншых выступленняў канферэнцыі „Еўрапейскія варштаты ў рэгіёнах” Ежы Ляшчынскі з Падляшскага аддзела Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі прыпомніў, што пасля ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі жывёлы, неабходных у выніку для атрымання еўрасаюзных грошай, неўзабаве чакае жыхароў вёскі абавязак г.зв. ідэнтыфікацыі зямельных участкаў. Пададзеныя разлікі будуць звярацца са спадарожнікавымі здымкамі. У рамках пілатажнай акцыі на Падляшшы, праведзенай у ваколіцах Махнатага і Снядова, паказалася, што 51% сялян правільна і дакладна задэкларавала колькасць грунтаў. Гэтыя даныя будуць неабходныя для карыстання грашыма ЕС.

У сваю чаргу Анджэй Грась, візавы эксперт з Установы камітэта еўрапейскай інтэграцыі прыпомніў, што ў рамках супольнай еўрасаюзнай візавай палітыкі паміж членскімі краінамі будзе весціся абмен інфармацыямі аб непажаданых асобах:

— Пры выдаванні віз г.зв. мяккі крытэрый гэта законны пункт, які гаворыць аб тым, што бярэцца пад увагу факт, ці згаданая асоба не пагражае бяспецы і парадку ў дзяржаве. Апіраецца яна на інтуіцыю консула ў час размоў дзеля атрымання візы.

Раней дадаў:

— Прыдалося б будаваць еўрапейскую супольнасць без віз, але візавая сістэма вынікае з патрэб супольнага ўнутранага рынку. Сам факт увядзення віз выклікае нейкія цяжкасці, асабліва ў індывідуальным руху, ды не стварае перашкод у функцыянаванні малых ці вялікіх прадпрыемстваў. У бізнесе справа ў абмене таварамі і паслугамі, а не людзьмі. Візы — праблема кантрабандыстаў.

Анджэй Грась зазначыў, што Польшча была гатова ў адносінах да Беларусі прыняць украінскі варыянт візавай асіметрыі. Аднак:

— Беларускі бок механічна стаяў на прынцыпе ўзаемнасці. Гэта сістэма некарысная для яе самой. Трэба даць Беларусі час для абдумання вынікаў такое развязкі. Польскі бок не націскае. Аднак, не разлічваю на ніякія змены, і гэта па палітычных прычынах. Калі б яны наступілі, трэба было б прызнаць памылку.

Прытым дадаў, што незалежна ад увядзення сёлета візавай сістэмы, у параўнанні з 2002 годам экспарт з Беларусі ў Польшчу пабольшыўся на 60%, а з Польшчы ў Беларусь — на 50%.

— Усё больш польскія прадпрымальнікі ўсведамляюць сабе выгаду ад прысутнасці ў Беларусі і факту, што ў яе мытны саюз з Расіяй, значыць, што прысутныя яны і на расійскім рынку.