Ніва № 47 (2480), 23 лістапада 2003 г.

Неплацежаздольны „Рольмак плюс”

Аляксей МАРОЗ

Гаспадары, што раней прадавалі збожжа і свіней у Макаўцы, пачалі разважаць, ці не абанкруціўся сельскагаспадарчы кааператыў з гэтай вёскі. Мясакамбінат прадпрыемства, які раней уваходзіла ў склад Cельскагаспадарчага вытворчага кааператыва „Рольмак” у Макаўцы, перастаў плаціць гаспадарам за пастаўленую імі свініну, а пасля не заплаціў сваім работнікам.

Па дарозе ў Макаўку бачу камбайны, якія ўбіраюць цукровыя буракі. На кааператыўным панадворку стаяць машыны і ляжыць вялікая куча кукурузнага зерня. Паміж будынкамі ходзяць работнікі. У офісе пажылы гаспадар хоча купіць парасяты. Відаць, што Макаўскі сельскагаспадарчы кааператыў яшчэ дзейнічае.

Кааператыў працуе нармальна

— Хаця выдаем зарплату толькі за верасень, то кааператыў працуе нармальна. Выконваем раней намечаныя планы і пагрозы банкруцтва няма. Фінансавыя ўмовы таксама нядрэнныя. Прыбытак ад продажу буракоў і кукурузы атрымаем ажно ў снежні і таму замарудзіліся мы з зарплатамі. Ёсць запасы збожжа. Аднак шкада зараз яго прадаваць, калі цана яго невялікая, — заяўляе Віктар Рэент, старшыня ўправы Сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва „Рольмак” з Макаўкі. Да горшага фінансавага становішча кааператыва спрычыняецца свінагадоўля. Паколькі цана на свініну вельмі панізілася, прадаваць яе прыходзіцца ніжэй сабекошту. З продажам быдла стрымаліся, бо цана на яго панізілася яшчэ больш чым на свініну.

Змены ў Макаўцы

Раней жывёла з сельскагаспадарчага кааператыва перараблялася на мяса ў мясцовым мясакамбінаце. Гэтае прадпрыемства перапрацоўвала таксама скупленых свіней і быдла. Мясакамбінат „Рольмак плюс” у Нарве ўзнік у 2001 годзе на аснове мяснога прадпрыемства сельскагаспадарчага кааператыва. Кааператыў „Рольмак” захаваў фактычны кантроль над новым прадпрыемствам, пакідаючы сабе 85% паёў. Меў права да гэтага, бо надзяліў новую суполку зямлёй, будынкамі і некаторымі машынамі для перапрацоўкі мяса. Іншыя машыны здаў у арэнду. Апошнія ўзносы купілі работнікі і прыватныя асобы. Сярод іх быў старшыня Віктар Рэент.

— У 2001 годзе рашыліся мы на аддзяленне сельскагаспадарчай вытворчасці ад іншай прадукцыі. Тады адасобіліся мясакамбінат і нашы крамы, якія перанялі працоўныя суполкі. Крамы абавязаны былі прадаваць вызначаныя квоты нашых мясных вырабаў. Магазін у Нарве пераняў мясакамбінат. Нашай уласнасцю застаўся толькі адзін магазін каля рынку ў Гайнаўцы, — кажа Віктар Рэент. — Мясакамбінат патрабаваў дафінансавання, каб прыстасавацца да ўмоў дзейнасці ў Еўрасаюзе. Лічылі мы, што новая суполка з’яднае працаўнікоў і спрычыніцца да больш эфектыўнай работы.

Чаму абанкруціліся?

Да фінансавых складанасцей мяснога прадпрыемства спрычынілася нізкая рэнтабельнасць мясных камбінатаў у 2001 і 2002 гадах і, магчыма, няправільная палітыка развіцця. Каб утрымацца на рынку, трэба было інвеставаць у машыны, прыстасоўваючы прадукцыю да рыначных патрабаванняў. У прадпрыемстве „Рольмак плюс” мала было сродкаў на інвестыцыі і не знайшоўся інвестар, які даў бы грошы на мадэрнізацыю. Задоўжанасць камбіната ад 2001 і 2002 гадоў ускладніла работу ў 2003 годзе. Суполка перастала плаціць пастаўшчыкам свіней і быдла, у тым ліку Сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву „Рольмак”. Пасля сяляне стрымалі пастаўку сыравіны і абвострылі патрабаванні вяртання грошай за папярэднія пастаўкі жыўнасці. Некаторыя рашыліся падаць справу ў суд. Каля мяснога камбіната пачалі збірацца сяляне з патрабаваннем вярнуць даўгі. Калі суполка апынулася без сыравіны і даўгі перавысілі вартасць прадпрыемства, банкі не захацелі даваць новыя крэдыты. Управа мясакамбіната рашылася паставіць суполку ў стан неплацежаздольнасці.

— Выдатна пагоршыўся фінансавы вынік прадпрыемства пры папярэдняй управе. Яе старшынёй быў чалавек, які хацеў інвеставаць у прадпрыемства. Аднак пасля некалькіх месяцаў адмовіўся ад інвестыцый і пакінуў старшынства, — кажа сённяшні старшыня ўправы мясакамбіната „Рольмак плюс” Марк Павільч. — Яшчэ ў жніўні накіраваную ў суд заяву аб эканамічнай няздольнасці адобрыў наш галоўны пастаўшчык сыравіны кааператыў „Рольмак”. Прадбачваў ён растэрміноўку даўгоў так, каб найменш трацілі малыя пастаўшчыкі, значыць, сяляне. З першага кастрычніка ўступіла ў сілу пастанова аб пагадненнях і мы вымушаны былі нанова ствараць праект пагаднення і прадставіць яго суду. Трэба было распрацоўваць каштоўныя аналізы перспектыў развіцця прадпрыемства і мы не рашыліся на падрыхтоўку чарговага пагаднення. Быў шанц выправіць становішча прадпрыемства, але артыкулы ў прэсе выклікалі паніку сярод нашых пастаўшчыкоў і таму наша ўправа ў другой палове кастрычніка рашылася выступіць у гаспадарчы суд з заявай аб эканамічнай няздольнасці. Перад гэтым рашэннем палепшылася якасць нашых прадуктаў і вырасла продаж мясных вырабаў. Хаця прадавалі мы ў два разы менш, чым раней, паменшала колькасць зваротаў нашых прадуктаў з магазінаў. Зараз усе абавязацельствы прадпрыемства складаюць суму больш чым 1 мільён злотых. Найбольш стратны на нашым банкруцтве кааператыў „Рольмак”. Завінавачанасць для яго перавышае суму 200 тысяч злотых. Страціў ён таксама капітал і маёмасць, перададзеныя нашаму прадпрыемству. Ліквідатар, які будзе выплачваць нашыя абавязацельствы, у першую чаргу заплаціць працаўнікам, установам і індывідуальным пастаўшчыкам.

У суполцы „Рольмак плюс” працавала пад 50 чалавек (апошнім часам каля сарака). Зараз звольнены амаль увесь калектыў. Вялікая бяда кранула некаторыя сем’і, дзе па двое бацькоў, што працавалі на мясакамбінаце, апынуліся без працы. Забяспечаны машыны і вытворчыя цэхі. Некалькі сторажаў даглядаюць за маёмасцю, старшыня Марк Павільч са сваім памочнікам чакаюць рашэння суда і прыезду ліквідатара. Будынкі і машыны можа купіць любы мясны камбінат і адкрыць тут свой філіял або хаця апрацоўваць купленую жыўнасць.