Ніва № 46 (2479), 16 лістапада 2003 г.

Дзве польскія нацыі

Яўген МІРАНОВІЧ

Лозунг „праваслаўны паляк” беларускімі дзеячамі ўспрымаецца як праява канфармізму г.зв. „нашых”, якія не хочуць мець клопатаў у працы, пазбягаюць раздражняць шавіністычна настроеных суседзяў, не хочуць ускладняць жыцця сваім дзецям. Хаця — як вучаць у школьных падручніках — жывем сярод найбольш талерантнай нацыі ў свеце, ведаем як гэта выглядае на практыцы. Таму апрача звычайнай асіміляцыі, „нашы” ўцякаюць у польскасць, каб дасягнуць пачуццё бяспечнасці, псіхічную выгоду, адмоўна не вылучацца з натоўпу.

Праваслаўны паляк, у адрозненні ад этнічнага паляка, сам па сабе не мае пачуцця місіі змагання за замацаванне свае нацыі. Польскім шавіністам робіцца ён толькі ў сітуацыі, калі яго ангажаванасць нехта можа заўважыць і пераканацца ў адданасці польскай справе. Праваслаўны паляк пастаянна жыве ў пачуцці страху, што ў яго польскасці нехта можа сумнявацца. Таму ненатуральна часта падкрэслівае, што ён „як паляк” думае так і так. Палякі-католікі зрэдку адкрыта гавораць, што думаюць пра сваіх „рускіх”. Найчасцей усіх праваслаўных успрымаюць як адну „кацапскую масу”, але, зразумела, менш іх раздражняе актыўная дэманстрацыя польскасці такім ці іншым схізматыкам, чым адкрытае выяўленне беларускасці.

Эліта „найбольш талерантнай нацыі” на еўрапейскі манер будзе паўтараць пустыя лозунгі пра шматкультурнасць, памежжа, узаемнае праніканне ўплываў, але да фурыі прыводзіць іх, напрыклад, самое акрэсленне „гісторыя Беларусі”, „гісторыя беларусаў”. Чагосьці такога не было, няма і быць не павінна. Там была польская зямля, пасля прыйшля Расія і гвалтам яе забрала, а пасля бальшавікі яшчэ прыдумалі беларусаў.

Праваслаўны паляк тым часам сам па сваёй волі не будзе змагацца за Польшчу ад Познані да Смаленска, ад мора да мора. Не стане ён таксама ганарыцца імперыяй, якая мела сілу праследаваць каланізаваныя „рускія народы”, не перажывае роспачы, калі чытае пра ўключэнне Беларусі ці Украіны ў межы Імперыі Раманавых. Праваслаўнага паляка не раздражняе таксама беларускае слова, хіба, што загаворыш да яго на гэтай мове ў прысутнасці этнічных палякаў. Тады можа цябе нават зненавідзець. Звяртаючыся да яго на беларускай мове здраджваеш яго найглыбей скрываную таямніцу. Ахвотна за тое слухае ён беларускія песні. Прыйдзе нават на бэгэкатоўскі канцэрт і будзе там адчуваць сябе як сярод сваіх.

Па палітычных прыкметах праваслаўны паляк — прыхільнік левай арыентацыі. Этнічны паляк на Беласточчыне найчасцей схіляецца да эндэцкай арыентацыі. Праваслаўны паляк не мае нічога супраць існавання беларускіх арганізацый, але падчас выбараў не стане ён галасаваць на беларускіх кандыдатаў. Не жадае ён публічнага існавання беларускай праблемы. Баіцца, што можа яна засмактаць яго, нават супраць яго волі. На сямейным узроўні беларускасць яму не перашкаджае. Нават не ўсведамляе, што ў гэтым плане ён цалкам згодны з эндэкамі. Польскі нацыяналіст аднак не са страху перад беларускасцю імкнецца сапхнуць яе на абочыну, у зону прыватнасці, а проста для ідэі. Польскасць не пераносіць ніякай канкурэнтнасці.

Паляк-католік у адносінах да іншых нацый заўсёды прымае пазіцыю Конрада Валенрода. Ніколі не гаворыць таго, што думае і не робіць таго, што гаворыць. Дэманстрацыйнай ветлівасці ці прыхільнасці на словах часта спадарожнічаюць дзеянні, якіх можна спадзявацца ад людзей крайне нам непрыхільных. Праваслаўны паляк можа паступаць так сама, аднак не для ідэі, а толькі як служака і для асабістага інтарэсу. Нікчэмнасць у адным і другім выпадку абазначаць будзе тое самае, але тая для ідэі быве няспынная.

У штотыднёвіку „Палітыка” (н-р 44) быў апублікаваны артыкул Тамаша Шароты „Лісты нянавісці”, у якім аўтар апісвае як контрразведка нацыянальнага падполля знішчыла ў час нямецкай акупацыі інтэлектуалаў сярод АКаўскага кіраўніцтва за арганізацыю дапамогі яўрэям. Тагачасным валенродам выгадна было, калі немцы вырашалі па іх волі яўрэйскую праблему на польскай зямлі. Перашкаджаць гітлераўцам лічылі злачынствам супраць інтарэсаў польскай нацыі. Нянавісць да чужых была такой вялікай, што прымушала забіваць нават сваіх.