Ніва № 45 (2478), 9 лістапада 2003 г.

„БАС” — не пагас!

Ганна КАНДРАЦЮК

Не памятаю яшчэ такіх „афлагаваных” Атрасінаў беларускіх студэнтаў — ужо з панадворка ўразіў нас падсветлены бел-чырвона-белы сцяг, які красаваўся ў вечаровым акне. Гарышча, дзе адбывалася імпрэза, было таксама аздобленае на патрыятычны лад. Незалежніцкі сцяг, побач „Пагоня”, на стале напой-медавуха „Гарадоцкая” ў культавай ужо бутэльцы з бел-чырвона-белай бардзюрай.

— А мы ўжо вас дачакацца не маглі! — вітаюць нас у парозе Нікан Шарамэта і Міхал Гжэсь, завадатары беластоцкага БАСу. Каб дапасавацца да інтэр’ера, Нікан прыадзеў белы летні капялюш перавязаны чырвонай стужкай. Першая задача для кандыдатаў у студэнты — таксама пад знакам незалежніцкіх сімвалаў. Першакурснікаў распранулі і апранулі ў кашулькі з бел-чырвона-белым сцяжком, падрыхтаваныя пад апошняе „Басовішча”. Ды, у якасці падарункаў, студэнты атрымалі літаратуру-перасцярогу — „Рабоў” лонданскага гісторыка Юры Весялкоўскага — кніжку прысвечаную праблемам незалежнасці.

Першакурснікі, пакуль паўтарылі за старэйшымі сябрамі словы прысягі, перайшлі даволі цяжкія выпрабаванні. Канкурэнцыі — якія ацэньвала надзвычайная камісія ў саставе: доктар Лена Глагоўская, магістр Гражына Харытанюк, доктар Алег Латышонак і ніжэйпадпісаная магістр — ледзь не лопнулі ад смеху. Другакурснікі праверылі ўмеласці кандыдатаў у студэнты шматгранна — ад чытання „Буквара”, праз спаборніцтва па чышчэнні на час фільцавых чобатаў і даенні белавежскіх „зубрыц”, па шарж на партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Сацыяльна-палітычная тэматыка была насычана смешнай эротыкай, якая хутчэй нагадвала пародыю камп’ютэрных секс-сайтаў.

Таксама, калі прыйшоў час спеваў і танцаў, студэнты расшумеліся як белавежская дуброва. Рэпертуар іх быў шырокі і разнавідны: ад шэдэўраў з „Народнага альбома” па несмяротныя „А ў полі два дубочкі” са спяваннем на ролі (перамаглі дзяўчаты!). Вялікая перамена і ў мове студэнтаў. Многія з удзельнікаў свабодна карыстаюцца беларускай мовай, некаторыя, хаця з дому польскамоўныя, між сабой размаўляюць па-беларуску.

Атрасіны беларускіх студэнтаў ужо чарговы раз адбыліся ў Супраслі, у гасціннай дачы спадарства Латышонкаў. Ноччу з 17 на 18 кастрычніка гуляла тут за трыццаць басаўцаў ды не толькі... Шкада толькі, што студэнцкія „Атрасіны”, ужо з добрых дзесяць гадоў адбываюцца ў малым крузе і датычаць яны ў асноўным толькі студэнтаў беларусістыкі.