Ніва № 45 (2478), 9 лістапада 2003 г.

Самакіраванне па-над межамі

Аляксей МАРОЗ

Трэцяя стажыроўка дэпутатаў мясцовых саветаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый з Беларусі, якая адбылася з 23 па 26 кастрычніка на Гайнаўшчыне, праходзіла пад агульным лозунгам „Польшча — Беларусь. Самакіраванне па-над межамі”.

— Наладжваючы мерапрыемства на першым месцы паставілі мы абмен вопытам. Пакажам беларускім гасцям як працуюць нашы самаўрады, чыноўнікі і як паўстаюць нізавыя ініцыятывы. Ці наш вопыт можна будзе выкарыстаць у Беларусі, нашы госці вырашаць самі, — сказаў Міхась Андрасюк, старшыня Беларускага самаўрадавага форуму ў Гайнаўцы, арганізатар мерапрыемства. — Радныя Гайнаўшчыны пры нагодзе пазнаёміліся з формамі самакіравання ў Беларусі, а госці — з жыццём беларусаў Беласточчыны.

— Хочам адукаваць нашых дзеячаў, каб пасля пераменаў у нашай краіне не пачыналі мы працы з першых крокаў, — гаворыць Аляксандр Жучкоў, старшыня праўлення Фонду імя Льва Сапегі з Мінска.

Удзельнікі стажыроўкі прысутнічалі на сесіі Рады Белавежскай гміны і спаткаліся з войтам Аннай Байко. Наведалі Дырэкцыйны парк і прыватны скансэн каля Белавежы. Госці з Беларусі цікавіліся пытаннямі сацыяльнай дапамогі і з гэтай мэтай наведалі ў Белавежы дом сацыяльнай дапамогі „Ракітнік”, а ў Гайнаўцы — Гарадскі асяродак сацыяльнай дапамогі, Павятовы цэнтр дапамогі сям’і і Дом самадапамогі. Беларускіх дэпутатаў найбольш уразіла самадзейнасць жыхароў Дома самадапамогі, якія шчыра і займальна выступілі з беларускімі песнямі „Беларусачка” і „Аксамітны летні вечар”.

— У нас не сустрэнеш такіх як у Гайнаўцы ўмоў для абяздоленых, — адзначыў Віталь Броўка з Цэнтра развіцця рэгіянальнай актыўнасці ў Сянно (Віцебшчына).

— Палітычная і гаспадарчая трансфармацыі спрычыняюцца да росту беспрацоўя і павелічэння колькасці наведнікаў асяродкаў сацыяльнай дапамогі. Таму многа ўвагі адвялі мы, каб паказаць існуючую ў нас сетку сацыяльных ўстаноў, — кажа Міхась Андрасюк.

Арганізатары прапанавалі гасцям цыкл дакладаў пра дзейнасць няўрадавых арганізацый і самаўрадаў у Польшчы. Дырэктар Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь Яўген Вапа паінфармаваў аб дзейнасці беларускіх суполак у Польшчы.

У складзе дэлегацыі было двое настаўнікаў. Іх найбольш зацікавіў візіт у Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Госці запрасілі моладзь наведаць Беларусь.

— Многія ліцэісты яшчэ не былі ў нашай краіне і не ведаюць сапраўднай Беларусі. Мы хочам пазнаёміць моладзь беларускага ліцэя з нашымі вучнямі. Прадбачвем, што вясной ліцэісты з Гайнаўкі наведаюць нас, — лічыць настаўніца біялогіі Вольга Ахрук з Гродзенскага аддзялення Фонду імя Льва Сапегі. У Гродне зараз няма беларускіх школ, а толькі беларускія класы. Беларускамоўная моладзь гуртуецца ў нефармальных групах і гуртках зацікаўленняў.

Андрэй Аляхновіч з Аб’яднання беларускіх скаўтаў з Крупак (Міншчына) запросіць вучняў беларускага ліцэя і настаўніка гісторыі Яўгена Янчука на археалагічныя раскопкі гарадзішча каля Крупак. Археолагі працуюць там ад 1999 года. Ужо знойдзены прадметы VІІ стагоддзя.

Беларускія госці наведалі ў Гайнаўцы Музей і асяродак беларускай культуры і Свята-Троіцкі сабор. Пабывалі таксама на фестывалі „Бардаўская восень” у Бельску-Падляшскім. Уразіла іх вялікая колькасць моладзі, якая прыйшла слухаць беларускія песні.