Ніва № 45 (2478), 9 лістапада 2003 г.

Канцлагер у Картуз-Бярозе

Яўген МІРАНОВІЧ

Нядаўна выйшла друкам манаграфічнае апрацаванне маладога гісторыка Беластоцкага універсітэта Войцеха Сляшынскага, прысвечанае канцлагеру ў Картуз-Бярозе*. Гэтая ўстанова, створаная санацыйнымі ўладамі ў 1934 г., упамінаецца ва ўсіх падручніках па гісторыі, але большасць літаратуры на гэтую тэму паказвае яе як турму з абвостраным рэжымам. Прабывала там таксама некалькі соцень дзеячаў беларускіх дэмакратычных арганізацый і беларусаў, абвінавачаных у камуністычнай дзейнасці.

Сляшынскі пісаў працу на аснове малавядомых дакументаў, знойдзеных ім у Брэсцкім абласным архіве. Абшырныя іх фрагменты паказваюць умовы жыцця зняволеных і брутальнасць паліцыйных службаў. Канцлагер быў арганізаваны паводле савецкіх і нямецкіх узораў. Логіка яго стварэння заключалася ў ізаляванні палітычных ворагаў санацыі, а таксама ўсіх падазроных, якім цяжка было даказаць якую-небудзь віну. Згодна распараджэнню прэзідэнта Рэчы Паспалітай ад 17 чэрвеня 1934 г., падпісаным таксама членамі ўрада, паліцыя магла арыштаваць кожнага, каго падазравала ў парушэнні публічнага парадку і саслаць у Картуз-Бярозу на тры месяцы. Час зняволення маглі прадаўжаць яшчэ некалькі разоў, калі камендант канцлагера лічыў, што зняволены пасля трохмесячных здзекаў можа надалей прадаўжаць сваю дзейнасць. Першым камендантам стаў Вацлаў Костэк-Бярнацкі, вядомы як садыст яшчэ з часу І сусветнай вайны.

У Картуз-Бярозу санацыя пасылала ўкраінскіх і беларускіх дзеячаў, членаў апазіцыйных польскіх партый, камуністаў, спекулянтаў і крымінальнікаў. Апошняя катэгорыя зняволеных часта выкарыстоўвалася паліцыяй у праследаванні палітзняволеных. Крымінальнікі выконвалі функцыі інфарматараў, назначаліся дзяжурнымі, мелі права беспакарана біць палітычных. Арыштаваныя ўваходзілі на тэрыторыю канцлагера паміж двума радамі паліцыянтаў з гумовымі дубінкамі, якія катаваннем віталі свае ахвяры. Першыя дні зняволеныя стаялі тварам да сцяны ў бараку, спаць можна было толькі на бетоннай падлозе. За парушэнне загаду маўчання ці неадпаведны адказ паліцыянту чакала катаванне.

Побач канцлагера жылі паліцыянты са сваімі сем’ямі. Пасля цяжкага дня садыстычных здзекаў адпачывалі ў акружэнні жонак і дзяцей. Часам брутальнасць паліцыі вяла да смерці зняволеных, але найчасцей, калі некага падазравалі, што можа памерці, адсылалі дадому ці ў шпіталь. Такім чынам стастыстыка паказвала невялікую колькасць ахвяр брутальнасці дзяржаўных функцыянераў.

Дакументы, прыведзеныя Сляшынскім, выяўляюць запланаваную сістэму фізічнага і псіхічнага праследу. Некалькі секундаў мелі зняволеныя каб пакарыстацца туалетам, некалькі мінут каб паабедаць. Забаронена было хадзіць, трэба было перамяшчацца подбегам. Забаронена было размаўляць і смяяцца. Дазвалялася гаварыць шэптам і толькі ў нядзелю. За парушэнне рэгламенту чакалі жахлівыя пакаранні. Вартавыя звярталіся да сваіх падапечных словамі „ты, скурвысыне”.

Спачатку абсалютную большасць турэмшчыкаў састаўлялі палітзняволеныя, ад 1938 г. улады да амаль 50 працэнтаў пабольшылі лік крымінальнікаў, што жыццё першай катэгорыі вязняў учыніла кашмарным. У 1934-1937 гадах больш за 70 працэнтаў зняволеных абвінавачваліся ў прыхільнасці да камунізму. Сярод „камуністаў” найбольш было беларусаў і яўрэяў. У гэты перыяд каля 20 працэнтаў прабываючых за дратамі ў Картуз-Бярозе састаўлялі ўкраінскія нацыянальныя дзеячы і 10 працэнтаў — польскія. З 1 верасня 1939 г. у Картуз-Бярозу накіравалі некалькі тысяч грамадзян Польшчы падазроных у спрыянні Нямеччыне. Не хапала харчоў для раптоўна пабольшанай колькасці зняволеных. Ноччу з 17 на 18 верасня 1939 г. паліцыянты, якія пільнавалі зняволеных, пакінулі канцлагер. Наступнага дня Картуз-Бярозу заняла Чырвоная Армія.

*W. Sleszynski, Oboz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934-1939, Bialystok 2003, ss. 152.