Ніва № 45 (2478), 9 лістапада 2003 г.

Галадоўка ваўкавыскіх таксістаў

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Пэўна адной з яскравых і ў той жа час трагічных падзей жыцця беларускага бізнесу гэтага года можна назваць кастрычніцкую галадоўку ваўкавыскага ўладальніка фірмы „Радыё-таксі 22222” і ягоных работнікаў. Больш таго, гэтая падзея паказала, што людзі ў Беларусі здольныя змагацца за свае правы, зразумела, калі яны гэтага захочуць.

Гісторыя канфлікту прадпрымальніка з мясцовымі падатковымі ўладамі разгортвалася вельмі імкліва. Яшчэ да сярэдзіны гэтага года ўсё было добра. Справа, якой займаецца Мікалай Аўтуховіч, задавальняла не толькі яго і маючых ад гэтага працу шафёраў, дыспетчараў і іншых супрацоўнікаў, а таксама кліентаў, але і навакольныя ўстановы і арганізацыі. Хто толькі не прасіў ва ўдачлівага бізнесмена грошы — і мясцовая вертыкаль, і ваенны камісарыят, і дзіцячы дом, і праваслаўная царква, і іншыя, і іншыя. Нікому не было адмовы. Але ўсё гэта ў мінулым і не стала індульгенцыяй у вачах прыгнятальнікаў прыватнай ініцыятывы ў Беларусі. Цяпер прадпрымальнік і ягоныя работнікі без суда пакараныя. Такія рэаліі беларускай прававой сістэмы ў галіне падаткаабкладання.

А рыба, як гаворыцца, гніе з галавы. У маі гэтага года прэзідэнт А. Лукашэнка прымае дэкрэт № 4, па якім прыватным прадпрымальнікам забараняецца прымаць на працу больш за тры асобы. Калі ліміт перабольшаны, то маючы камерцыйную жылку чалавек мусіць па-іншаму сплачваць падаткі, якія ў даным выпадку змяняюцца ў бок павелічэння. Літаральна ў апошнія дні гэты дэкрэт ператварыўся ў закон, прыняты беларускім парламентам. Натуральна, што сутнасць яго не змянілася. А па дзеючай Канстытуцыі дэкрэты прэзідэнта ў Беларусі прыраўнаныя да законаў, якія прымаюць дэпутаты.

Нельга казаць, што М. Аўтуховіч абыякава паставіўся да прынятага вышэйшай уладай дакумента. Афіцыйна ён пакінуў у сябе траіх работнікаў, астатнія былі пераведзены ў штат партнёрскай фірмы і, нягледзячы на тое, што фактычна засталіся працаваць на былых сваіх пасадах, фармальна былі аформлены як працуючыя па часовых дамовах. Такі крок не з’яўляецца нейкім парушэннем заканадаўства — за ўсё плацяцца падаткі. Больш таго, такая схема вядзення сваёй справы рэкамендуецца перыядычнымі сродкамі масавай інфармацыі на бізнес-тэматыку. Але для падатковай інспекцыі, з кіраўніцтвам якой у галадаючага прадпрымальніка калісьці ўзнік канфлікт, закон як дышаль — вярці ім як хочаш. Абвесціўшы правінцыйнага бізнесмена правапарушальнікам і згодна нададзеных паўнамоцтваў падаткоўцы за некалькі гадзін арыштавалі 13 ягоных таксовак, пазбавіўшы пры гэтым працы паўсотні чалавек. Аб нязручнасцях, з якімі сутыкнуліся патэнцыйныя пасажыры казаць, пэўна, і не варта.

Такія адносіны і падштурхнулі прадпрымальніка і ягоных работнікаў да рашучай акцыі пратэсту. Трэба нагадаць, што самыя галадоўкі ў сучаснай гісторыі Беларусі мелі месца неаднаразова. Хоць і не з’яўляюцца яны масавай з’явай. Так, ужо больш за дваццаць дзён галадуе жанчына ў Бабруйску, патрабуючы сустрэчы з А. Лукашэнкам дзеля вырашэння сваіх сацыяльна-бытавых праблем. Да апошняга часу рабіла яна гэта разам з такой жа сяброўкай, але тая з-за пагаршэння здароўя спыніла галадоўку. Абвяшчалі галадоўкі і дэпутаты Вярхоўнага Савета ў 1995 годзе супраць рэферэндуму, які тычыўся надання рускай мове статусу дзяржаўнай і вяртання мадэрнізаваных савецкіх сімвалаў замест нацыянальных. Акцыя была спынена, калі галадуючых літаральна павыкідвалі з залы пасяджэнняў спецыялізаваныя міліцэйскія падраздзяленні. Звычайна галадуюць затрыманыя і арыштаваныя ўдзельнікі розных апазіцыйных мітынгаў і пікетаў, спыняючы такую форму пратэсту з выхадам з-за кратаў. Варта заўважыць, што галадоўкі ў Беларусі часцяком з’яўляюцца выбухам эмоцый.

Ваўкавыская ж галадоўка сумленна працуючых людзей выклікана абсалютным свавольствам уладутрымаючых і вызначаецца надзвычайнай салідарнасцю. У гэтым яе асаблівасць. Што пераможа — вера ў сваю правату ці разуменне непераходзячай каштоўнасці ўласнага здароўя? Сярод галадуючых ужо ёсць ахвяры — з-за пагаршэння самаадчування двое чалавек былі шпіталізаваныя.

Цяжка прадбачыць чым скончыцца канфлікт. Падаецца, што самае галоўнае, каб галадуючыя, сярод якіх ёсць і жанчыны, засталіся жывымі і здаровымі, і, нарэшце, зразумелі, што змагацца за свае правы можна толькі аб’яднаўшыся ў арганізацыю, якая будзе мусіць гэта рабіць на больш-менш прафесійным узроўні. І галадоўкі ў такім выпадку акажуцца папросту непатрэбнымі.

Як кажуць у народзе, пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца. Ваўкавыскія галадоўшчыкі стварылі першасную суполку прадпрымальніцкага прафсаюза „Садружнасць”. Лепш пазней, чым ніколі.