Ніва № 45 (2478), 9 лістапада 2003 г.

Спяваю з дзяцінства

Размова з Маргарытай КАРПЮК, вучаніцай Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.

— Дабілася ты поспехаў у перадачы „Ідал” на тэлеканале „Польсат”. Зараз знаходзішся ў фінале спаборніцтваў у ліку дзевяці асоб, якіх найвышэй ацаніла польская публіка. Як гэта ўспрымаеш?

— Гэты конкурс з’яўляецца для мяне добрай гульнёй. Хаця, гледзячы з другога боку, гэта таксама вялікі поспех. З ліку дзевяці тысяч кандыдатаў засталося нас толькі дзевяць асоб. Можа нехта мяне заўважыць і выйдзе з нейкай прапановай.

— Раней былі поспехі ў беларускіх конкурсах. Ці ад іх пачалося спяванне?

— Спяваю з дзяцінства. Спачатку я калядавала разам з сябрамі ў Бярнацкім Мосце і Лешуках, дзе жылі мае бабулі. Пасля выступала ў школьных конкурсах. Ніхто не прымушаў мяне да спявання, але было яно ў мяне нечым натуральным. Больш сур’ёзна я зацікавілася спевам, калі паступіла ў белліцэй і стала выступаць у „Знічцы”. У белліцэі я вышкаліла свой голас і асвоілася са сцэнай. У „Знічцы” вельмі добрая атмасфера. Была магчымасць спяваць фальклорныя беларускія песні, што мяне вельмі цікавіла. Апошні этап, гэта выступленні з гуртом „Broken Head” з Гайнаўкі.

— Як трапіла ты на конкурс тэлеканала „Польсат”?

— Раней я асабліва не цікавілася гэтым конкурсам. Ад сябровак даведалася, што ў Гайнаўцы будзе праводзіцца адбор і рашылася ў ім выступіць. Падрыхтавала беларускую і польскую песні і падалася ў Гайнаўскі дом культуры, дзе выступіла з сарака іншымі асобамі. У чарговы этап перайшло нас трое.

— Чаму ты рашылася на беларускую песню?

— Я хацела паказаць сваю культуру.

— Як праходзілі конкурсныя спаборніцтвы ў чарговых элімінацыях?

— Пасля элімінацый у пачатку жніўня засталося асоб 120. У пачатку верасня конкурснае спяванне адбылося ў Вялікім тэатры ў Варшаве, у час якога адабралі 35 чалавек. Чарговыя адборы праходзілі ў студыі тэлебачання „Польсат”. Сярод публікі былі мае сябры, якія падтрымлівалі мяне ў спаборніцтвах. Спачатку засталося нас дзесяць асоб, а зараз дзевяць.

— Як ты адчувала сябе, ведаючы, што па тэлебачанні глядзіць на цябе шмат публікі?

— Была вялікая канкурэнцыя і таму я крыху хвалявалася. Старалася я весці сябе ў студыі натуральна і думаю, што натуральнасць мне і дапамагла. Магло б атрымацца яшчэ лепш. Але, калі публіцы падабалася, значыць, было добра.

— Ці ты сама падбіраеш рэпертуар?

— Спачатку сама я падбірала песні. Былі яны дынамічныя і я іх адчувала. На апошнім этапе мусіла я выбіраць са спіска, прапанаванага арганізатарамі. Рашылася я на песню „Тэлефоны” гурту „Рэспубліка”, бо люблю гэты стыль.

— Хто памагаў табе рыхтавацца?

— Спачатку рыхтавалася сама. Пасля дапамагала мне цёця Мая Карпюк, якая працуе ў музычнай школе ў Варшаве. Зараз працую з нашай настаўніцай Бажэнай Ляўчук. Можна таксама карыстацца дапамогай спецыялістаў запрошаных арганізатарамі, але на працу з імі застаецца мала часу.

— Як успрынялі твае поспехі сябры і сямейнікі?

— У школе ўсе віншуюць і радуюцца маімі поспехамі. Бацькі вельмі задаволеныя, што я перайшла ў фінал.

— Зараз у цябе многа рэпетыцый і выездаў. Ці маеш час на навуку?

— З вучобай атрымліваецца добра. Для мяне цяпер самыя важныя экзамены на атэстат сталасці і паступленне ў вышэйшую ўстанову. Не лічу, што спяванне стане галоўным заняткам у маім жыцці.

— Куды будзеш паступаць?

— Здаўна я хацела працаваць у сродках масавай інфармацыі як журналіст-фотарэпарцёр — у газеце або на тэлебачанні. Таму хачу паступаць на журналістыку.

— Чым цікавішся апрача спявання?

— Ужо доўга фатаграфую (Маргарыта дабівалася поспехаў у агульнапольскіх конкурсах, а ў Гайнаўцы арганізаваліся выстаўкі яе фатаграфій — А. М.). Займаюся валейболам. Цікавяць мяне фальклор і размовы са старэйшымі людзьмі.

— Што хочаш перадаць нашым чытачам?

— Дзякую ўсім, хто галасаваў на мяне, настаўніцы Бажэне Ляўчук і іншым асобам, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы да выступленняў.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксей МАРОЗ