Ніва № 44 (2477), 2 лістапада 2003 г.

Ацэнка — вельмі высокая!

З Зофіяй ТРАНЦЫГЕР-КОЧУК — падляшскім куратарам асветы, размаўляе Ганна Кандрацюк.

— Ці дырэктары або настаўнікі звяртаюцца да вас з праблемамі, якія датычаць навучання беларускай мовы?

— Калі з’яўлюцца праблемы, дырэктары і настаўнікі ведаюць, што ў нас могуць шукаць дапамогі. Апошнім часам праблем не было.

— Ці гэта значыць, што ўсё ідзе добра і паспяхова? Якая ў вас мерытарычная ацэнка навучання беларускай мовы?

— Вельмі высокая. За дзевяноста працэнтаў настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю і гэта выпускнікі беларускай філалогіі. Настаўнікі ў сваю чаргу могуць карыстацца спецыялістычнай дапамогай з боку метадычнага дарадчыка. Дзякуючы ангажаванасці настаўнікаў, моладзь вельмі актыўная. Прымае ўдзел у многіх конкурсах — пачынаючы ад алімпіяды і прадметнага конкурсу беларускай мовы і літаратуры, па ўсякага роду мастацкія: дэкламатарскі, тэатральны. Тут трэба адзначыць дзеянні БГКТ, якое арганізуе гэтыя конкурсы.

Пад кірункам і апекай настаўнікаў беларускай мовы працуюць таксама рэгіянальныя залы, якія нярэдка з’яўляюцца гонарам школы і крыніцай рэгіянальнай адукацыі. У Беластоцкай кураторыі аднаму візітатару даручана каардынацыя спраў звязаных з навучаннем моў нацыянальных меншасцей.

— Аднак да гэтай пары Міністэрства адукацыі не зацвердзіла яшчэ праграм па навучанні беларускай мовы.

— Мы, як кураторыя, выходзім насустрач настаўнікам, разам з беларускім бокам, аблана ў Гродне, арганізуем конкурс „Настаўнік года”. Конкурс накіраваны да настаўнікаў беларускай мовы з Беласточчыны і настаўнікаў польскай мовы з Гродзеншчыны. Адна з задач конкурсу — прэзентацыя аўтарскіх праграм і пасля найлепшыя прадставім Міністэрству дзеля зацвярджэння.

— Скажыце больш пра сам конкурс.

— Конкурс — адзін з пунктаў Дамовы паміж Падляшскім куратарам асветы і Гродзенскім абласным аддзелам народнай асветы ад 25 чэрвеня 2003 года. Конкурс ставіць сабе такія мэты як: пашырэнне і дасканаленне супрацоўніцтва паміж настаўнікамі беларускай мовы ў Польшчы і настаўнікамі польскай мовы ў Беларусі, абмен творчымі досведамі ў дыдактычна-выхаваўчым працэсе і дасканаленне варштату працы настаўніка-філолага. Удзельнікамі могуць быць настаўнікі ўсіх этапаў адукацыі, калі ў іх прафесійная падрыхтоўка, калі ў іх кабінет або рэгіянальныя залы, у якіх праводзяцца ўрокі беларускай мовы, калі рыхтуюць вучняў да конкурсаў (алімпіяда, прадметны, дэкламатарскі, тэатральны).

Конкурс будзе праводзіцца ў двух этапах. У першым трэба даслаць свой адукацыйны праект або аўтарскую праграму навучання на любы этап навучання, сцэнарый урокаў або пазаўрочных заняткаў.

На другім этапе створаная куратарам камісія, якая раней выбірае дзесяць найлепшых прапаноў, пабачыць і ацэніць адкрытыя ўрокі, якія правядуць удзельнікі.

Конкурс пачынаецца 15 кастрычніка 2003 года і будзе праходзіць да 15 мая 2004 года. Падвядзенне вынікаў адбудзецца ў Гродне пры канцы мая будучага года.

— Раней настаўнікі атрымоўвалі з Беларусі дапаможнікі і літаратуру. Ці зараз ёсць такія сувязі і абмен літаратурай на афіцыйным узроўні?

— Падручнікі для навучання беларускай мовы, ва ўсіх тыпах школ, атрымоўваюць вучні бясплатна, фінансуе ўсё наша міністэрства. Калі ідзе пра абмен найнавейшай літаратурай, якая выходзіць у Рэспубліцы Беларусь, дык настаўнікі тут праяўляюць сваю ініцыятыву.

— Цяпер пра іншае. Ходзяць чуткі, што ў Гарадку, дзякуючы беларускай мове, школе ўставілі новыя вокны?

— Акон у Гарадку не зрабілі за кошт дыдактычных заняткаў. На гэтага тыпу інвестыцыі гміны атрымоўваюць мэтавыя датацыі, і іх нельга прызначыць на іншыя справы.

— Ці ў апошні час такога тыпу датацыі атрымалі іншыя школы?

— Апрача Гарадка, датацыі для меншасцей атрымала таксама школа ў Аўгустове што ў Бельскай гміне. Там датацыя мела дапамагчы ў пабудове спартыўнай залы.

— А калі ў такіх школах малое зацікаўленне мовай меншасцей?

— Тут складанасць. Найбольш залежыць ад бацькоў. Вось прывяду станоўчы прыклад з нашага горада. Бацькі дзяцей, якія зараз вучацца беларускай мове ў гімназіі н-р 7 зрабілі ўсё, каб іх дзеці працягвалі навучанне мовы, якое пачалі ўжо ў прадшколлі.

У новым навучальным 2003/2004 годзе беларуская мова як дадатковы прадмет выкладаецца ў 42 школах для 3 629 вучняў. Заняткі праводзяцца ў 25 пачатковых школах для 1 793 вучняў, у 15 гімназіях для 1 006 вучняў, у 2 агульнаадукацыйных ліцэях для 830 вучняў. Статыстыка прыведзена паводле інфармацый дырэктараў школ, перададзеных каардынатару навучання моў нацыянальных меншасцей Кураторыі асветы ў Беластоку.