Ніва № 42 (2475), 19 кастрычніка 2003 г.

У бурштынавым кабінеце

Аляксей МАРОЗ

У нядзелю рашыліся мы паехаць у Царскае Сяло, аддаленае ад Пецярбурга на некалькі дзесяткаў кіламетраў. Да акраін горада даехалі мы на метро, а пасля пераселіся на пасажырскі чыгуначны транспарт. Раніцай пасажыраў не было многа, былі свабодныя месцы. Калі рашыліся мы спытаць пра наш прыпынак аказалася, што Царскае Сяло ўжо за намі.

Выйшлі мы ў Паўлаўску, дзе наведалі рамантаваную царкву са старымі і новапісанымі іконамі. Побач храма раскінуліся руіны невядомай будоўлі. На Літургію прыйшла невялікая колькасць вернікаў, старэйшых асоб і моладзі. Богаслужэнне доўжылася гадзінамі і некаторыя вернікі выходзілі з царквы ў ходзе службы. Пасля наведалі мы Паўлаўскі палац і велізарны парк побач палацовага комплексу. Турысты шпацыравалі па парку і каталіся на фурманках. Каля касы выстраілася чарга ахвотных увайсці ўсярэдзіну часткова адрамантаванага палаца. Палацова-паркавы комплекс збудаваны быў у канцы ХVІІІ стагоддзя. У лік самых прыгожых залаў можна ўключыць італьянскі і грэчаскі пакоі, карцінную галерэю і бібліятэчны пакой. Асабліва вылучаецца спальня. Многа ў ёй золата, разьбы і каляровых малюнкаў. Сцены прыкрыты ядвабным пано з паліхромнай роспіссю. Турыстаў захапляюць вялікія калідоры і залы са шматлікімі аздобамі. Граніт, мармур, разьба і пазалочаныя элементы састаўляюць прыгожыя кампазіцыі. Паўлаўскі парк (600 гектараў) быў самай вялікай царскай загараднай рэзідэнцыяй.

У Царскае Сяло, якое саветы перайменавалі на Пушкіна (вучыўся тут А. С. Пушкін) пераехалі мы на машыне. Рамантаваліся ў ім толькі некаторыя палацы. Астатнія і праваслаўныя цэрквы перамяніліся ўжо ў руіны. Некаторыя храмы былі здадзены ў публічнае карыстанне з насмешкай над святынямі. Многія турысты стараюцца трапіць у Екацярынінскі палац, дзе знаходзіцца бурштынавага кабінета.

Царскае Сяло — комплекс палацаў, цэркваў, павільёнаў і трыумфальных помнікаў ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў. Было яно любімай рэзідэнцыяй Кацярыны І, Кацярыны ІІ Вялікай, Аляксандра І і Мікалая ІІ. Кацярынінскі палац пачалі будаваць у 1708 годзе як рэзідэнцыю для жонкі Пятра І Кацярыны Аляксееўны. Пасля пачалі разбудоўваць яго ў барочным стылі. Самымі цікавымі з’яўляюцца янтарны кабінет, парадная і карцінная залы. Абсталяванне янтарнага кабінета атрымаў Пётр І у 1716 годзе ад прускага караля Фрыдрыха Вільгельма І. Да канца свайго жыцця цар не распакаваў скрыняў з янтарнымі аздобамі. Не зрабілі гэтага царыца Кацярына і яе сын Пётр ІІ. Толькі царыца Елізавета рашылася ўстанавіць бурштыны ў Зімовым палацы, якія ў 1755 годзе перанесены былі ў Царскае Сяло. У кабінеце было, між іншым, 12 вялікіх янтарных мазаік памерамі 3,7 метра на 1,4-1,9 метра, размешчаных на дубовых плітах. Восенню 1941 года немцы сарвалі са сцен бурштынавае абсталяванне і вывезлі ў Кёнігсберг (сённяшні Калінінград). На сценах засталіся толькі фрагменты янтарных аздобаў. Пасляваенныя пошукі бурштынавага кабінета не далі станоўчых вынікаў і ў 1979 годзе ўрад Савецкага Саюза прыняў рашэнне адбудаваць помнік на падставе дакументацыі і застаўшыхся дэталяў. Аднаўленне кабінета працягвалася 24 гады і каштавала 11,5 мільёна долараў (у ХVІІІ стагоддзі спецыялісты працавалі 11 гадоў). Яе адкрыццё адбылося ў маі 2003 года і было прымеркаванае да святкаванняў 300-годдзя Пецярбурга. Цудоўныя бурштынавыя сцены разам з фларэнцкай мазаікай састаўляюць вельмі прыгожую кампазіцыю.

Турыстаў у Кацярынінскім палацы захапляе адпачывальня з тонкімі калонкамі і каляровымі аздобамі ды сіняя гасцінная з ядвабнымі сценамі, рознакаляровым паркетам і прыгожа распісанай столлю. У Кацярынінскім парку побач рэгулярна пасаджаных дрэў прыцягваюць увагу мармуровая скульптура, барочныя павільёны для адпачынку і прыгожы фантан „Малочніца” (дзяўчынка са збанком).