Ніва № 42 (2475), 19 кастрычніка 2003 г.

Палацы асуджаныя на знішчэнне?

Ганна КАНДРАЦЮК

— Што за краіна — адны руіны! — спачувальна заўважыў знаёмы, які аглянуў здымкі з апошняй вандроўкі па Беларусі.

Другая выснова мела дзелавіты характар.

— Такі патэнцыял! З самой турыстыкі можна жыць.

Мова тут пра помнікі мінулага: палацы, касцёлы, цэрквы асуджаныя на знішчэнне. Звычайна такія руіны, пазначаны як помнікі рэспубліканскага значэння і нібыта яны ахоўваюцца дзяржавай. На практыцы пра лёс гістарычнага будынка рашае дырэктар калгаса, якому да лямпачкі меркаванні захавальнікаў фондаў і іх патрабаванні. Калі нават праводзіцца рамонт, выконваюць яго найменшым коштам. Усюды апраўдваюцца нерэнтабельнасцю і безграшоўем.

Праблема не толькі ў адказнасці і безграшоўі. Сучасны беларус, хай і крытычны ў адносінах да савецкага, інстынктыўна ўшануе бальшавіцкія месцы памяці. А вось палац, хай і з эпохі рэнесансу, не прадстаўляе экс-савету каштоўнасці. Гістарычны будынак успрымаецца як звычайны свіран, і ў адрозненне ад апошняга, яго можна бяскарна апаганіць. Як палац у Мураванай, які паводле пісьмовых сведчанняў з’яўляецца навучальнай установай і як помнік архітэктуры ахоўваецца дзяржавай...

* * *

У Малой Бераставіцы (дзесяць кіламетраў у простай лініі ад Крынак) мы адшукалі сямейную магілу Анацэвічаў. Найцікавейшым архітэктурным помнікам у наваколлі лічыцца палацава-паркавы комплекс у Мураванай. Двор знаходзіцца за межамі мястэчка. Шлях да сядзібы значаць дубовыя прысады і сажалкі.

Ухабістай гравейкай пад’язджаем пад сам дом. Навокал здзічэлы парк і сельскагаспадарчыя будынкі. Ад навучальнай установы няма следу. Карціна палаца выклікае міжвольную прыгнечанасць і бяссілле. Хаця будынак сыплецца „ў вачах”, ён незабяспечаны. У сярэдзіне, пасля таго як заваліўся дах, выраслі бярозы і дзікі бэз.

Адзіную пра палац звестку знаходзім у энцыклапедычным выданні „Архітэктура Беларусі”:

Мураванская сядзіба, помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму. Створана ў другой палове XIX стагоддзя. У комплекс уваходзяць сядзібны дом, бакавыя флігелі і гаспадарчыя пабудовы. Перад галоўным фасадам сядзібнага дома прамавугольны парадны партэр, да якога вядзе ўязная алея. За домам лесапарк з сістэмай алей і прамавугольнымі сажалкамі і каналамі. Сядзібны дом прамавугольны ў плане 2-павярховы мураваны будынак. Галоўны фасад аздоблены архітэктурным дэкорам і лепкай, цэнтр вылучаецца пілястрамі і франтонам (порцік не збярогся). Прамавугольныя вокны маюць прафіляваныя ліштвы. Планіроўка калідорная з аднамаршавымі лесвіцамі.

* * *

Жыхары Бераставіцы наведваюць дворскі парк, прытым будынак палаца абыходзяць шырокім кругам. Няма чаму здзіўляцца, руіны не ўзбуджаюць рамантычнага палёту, хутчэй наадварот — прыцягваюць вандалаў і ўсякай масці варвараў, каб канчаткова зраўняць з зямлёй. У свядомасці навакольных жыхароў палац запісаўся чорнаю славай, калі тут пасля вайны размясцілася НКВД.

Заняпад будынка наступіў на працягу апошніх гадоў.