Ніва № 42 (2475), 19 кастрычніка 2003 г.

Візы на мяжы сяброўства

Яўген МІРАНОВІЧ

Яшчэ не так даўно польска-савецкую мяжу называлі мяжой сяброўства брацкіх славянскіх народаў. Аднак каб сяброўства не было надта блізкім, савецкія народы і палякаў раздзяляла заслона з калючага дроту і парусотметровая паласа памежнай зямлі, якой шчыльнасць па абодвух баках пільнавалі тысячы пагранічнікаў і іншых службаў. Раней беларусам, каб прыехаць у Польшчу і наведаць сваякоў, трэба было падацца ў Маскву і там аформіць патрэбныя дакументы. Выезд з Беластока ў Гродна напамінаў падрыхтоўку да экскурсіі вакол свету.

Пры канцы васьмідзесятых гадоў пачаў даваць трэшчыны Савецкі Саюз, а ў межах імперыі з’явіліся вялікія шчыліны. На яго тэрыторыю пачалі ўлівацца хвалі палякаў шукаючых там халадзільнікаў, тэлевізараў, вопраткі, гаршкоў, каўбасы, цукеркаў і ўсяго астатняга, чаго не было ў кіраванай генераламі краіне. Неўзабаве зусім лопнула структура савецкай дзяржаўнасці, галоўным злучальным элементам якой была палітычная паліцыя. Аказалася, што дзесяткі гадоў інтэграцыі пры дапамозе прапагандысцкіх, адміністрацыйных і паліцыйных сродкаў не аб’ядналі народаў.

Разам з развалам Савецкага Саюза парваліся эканамічныя сувязі паміж рэспублікамі — цяпер незалежнымі краінамі. Непазбежны стаў гаспадарчы і фінансавы крызіс, інфляцыя, разгубленасць постсавецкага грамадства. У Польшчы тым часам, у выніку рэформаў Бальцаровіча крамы і базары запоўніліся нават экзатычнымі прадуктамі. Праз мяжу, гэтым разам у заходнім напрамку, рушыла хваля грамадзян з постсавецкіх рэспублік. Невядома чаму на беларускіх мытнях дзяржаўныя службы прабавалі затрымаць гэты натоўп. Большасць турыстаў везла на базары Польшчы папяросы, спіртныя напіткі, каўбасу, сыр і прадукты металургічнай вытворчасці. Свае тавары прадавалі яны ўдвая танней чым у польскіх крамах, але, відаць, быў ад гэтага прыбытак. У Польшчы куплялі фальшаваныя джынсы, красоўкі, а ў палове дзевяностых гадоў амаль усё — ад мэблі да капусты. Пасажырскі цягнік Варшава — Масква запоўнены быў таварамі мясцовай вытворчасці з надпісамі на бірках „Made in Germany”, „Made in England”, аўтобусы італьянскай мэблі проста з рук беластоцкіх хаўтуршчыкаў. У Беластоку маланкава ўзнікла турыстычная база для абслугоўвання „рускіх”. Начлег за дзесяць злотых (3 долары) можна было знайсці зараз каля базараў. У нашай „крэсавай крэпасці” з’явіліся надпісы на рускай мове, а мясцовыя рыцары пачалі размаўляць на „этом языке как истинно русския”. З Лодзі і Варшавы не паспявалі пастаўляць прадукты на экспарт.

І тады ўпершыню ў Польшчы прыдумалі, што трэба рыхтавацца да інтэграцыі з Еўропай і пачаць кантраляваць рух людзей на ўсходняй мяжы. У 1997 г. з’явіліся ваўчэры і на базарах ды крамах для „рускіх” стала пуста. На вуліцу выйшлі беластоцкія купцы з пратэстам супраць рашэнняў улад закрываючых межы грамадзянам Беларусі і Расіі. „Рускія” сталі пажаданымі гасцямі, але некаторыя з іх, асабліва аптавікі, хутка памянялі вектары сваёй гандлёвай актыўнасці і падаліся ў Турцыю, дзе знайшлі яшчэ таннейшыя крыніцы тавараў. У Польшчы тым часам хутка лічылі затраты. Экспарт на працягу года скараціўся на 4 мільярды долараў. Гэта была сапраўдная катастрофа для беластоцкага гандлю і дробнай вытворчасці.

Маючы прыкры вопыт, у гэтым годзе палякі не надта ахвотна ўводзілі візавы рэжым. Нават адтэрмінавалі на 3 месяцы канчатковы тэрмін. У Беларусі з гандлю з Польшчай жыло пару соцень тысяч грамадзян. Польскімі прадуктамі запоўнены былі крамы і базары. У першых днях візавага рэжыму рух людзей на мяжы ўпаў амаль да нуля. Але, зразумела, будзе ён раскручвацца. Праз некалькі месяцаў праўдападобна ўсё вернецца да нормы, хаця затраты гандлюючых па абодвух баках — непазбежныя.

Візавы рэжым мае аднак другое вымярэнне. Дзеліць ён Еўропу на „нашых” і „не нашых”. Сярод „нашых” праезд з краіны ў краіну ёсць нічым не абмежаваны. Выезд на ўсход гэта неабходнасць афармлення дакументаў, кантролю, затрата часу ў чаканні афармлення праезду і часта прыкрае стаўленне пагранічных ці мытных службаў. Усходняя мяжа заўсёды атаясамліваецца з не надта прыемнымі момантамі. Візавы рэжым толькі замацоўвае такі стан.