Ніва № 42 (2475), 19 кастрычніка 2003 г.

60-я гадавіна бітвы пад Леніна

Нельга адбіраць славу салдатам, сказаў прэм’ер Лешак Мілер пад Леніна, дзе 12 кастрычніка адбыліся святкаванні 60-й гадавіны бітвы 1-й Дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі.

— Пасляваенная гісторыя і палітыка давялі да таго, што салдацкі подзвіг не заўсёды ўшаноўваўся належным чынам. Раз усхваляліся заслугі адных, іншы раз — другіх. Гэта так, быццам да пралітай за айчыну крыві можна было прымяняць розныя меркі — гэта не было ні справядлівае, ні разумнае; заўсёды было крыўднае і прыносіла непатрэбную горыч, — заявіў прэм’ер-міністр Польшчы ў сваім выступленні на ваенных могілках.

Прэм’ер Мілер дадаў, што салдаты дывізіі імя Касцюшкі адкрылі дарогу да Польшчы тым палякам, якія знаходзіліся яшчэ на тэрыторыі Савецкага Саюза. Выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Беларусі Сяргей Сідорскі і шэф польскага ўрада ўсклалі вянкі на магілах польскіх салдат.

Падчас урачыстасці на ваенным мемарыяльным комплексе адбылася кароткая сустрэча Лешка Мілера з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

Набажэнства на могілках адслужыў палявы біскуп Войска Польскага генерал Славой Лешак Глудзь. Адбыліся таксама экуменічныя малітвы: пратэстанцкая і праваслаўная. Удзельнічаў у іх праваслаўны ардынарый Войска Польскага епіскап генерал Міран. Другая частка ўрачыстасцей адбылася ля Музея савецка-польскай баявой садружнасці.

— Гэта была наша супольная перамога; баявая слава двух народаў не павінна быць забытая, — сказаў прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі да ўдзельнікаў святкаванняў і жыхароў Леніна.

Непасрэдна пасля заканчэння цырымоніі прэм’ер Мілер падаўся на аэрадром, скуль адляцеў у Польшчу. Перамоваў паміж шэфам польскага ўрада і яго беларускім калегам не было.

Паводле ПАП