Ніва № 42 (2475), 19 кастрычніка 2003 г.

Новы закон аб СМІ

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Беларускі парламент на сваёй восеньскай сесіі мае разгледзець доўгачаканы як унутры краіны, так і за яе межамі праект „Закону аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. Цікава, што разгляд гэты прыходзіцца якраз на момант узмацнення ціску на няўрадавыя грамадска-палітычныя выданні, ды і ўвогуле грамадскую супольнасць.

Няма ніякай таямніцы ў тым, што справа са свабодай слова ў Беларусі, а дакладней яе адсутнасцю, стала адным з галоўных пытанняў да лукашэнкаўскай улады з боку міжнародных арганізацый. З-за таго з вялікімі цяжкасцямі даецца беларускім дыпламатам распавядаць аб тых „працэсах дэмакратызацыі”, якія нібыта адбываюцца ў дзяржаве. Бо факты, як вядома, рэч упартая і сведчаць яны аб іншым. А менавіта, аб закрыцці незалежных газет (апошнім часам перасталі выходзіць больш за два дзесяткі няўрадавых выданняў), аб крымінальным пераследзе за прафесійную дзейнасць журналістаў (Маркевіч, Мажэйка, Івашкевіч), аб закрыцці няўрадавых арганізацый і рэсурсных цэнтраў, якія сваёй незалежнай дзейнасцю, між іншым, стваралі хай сабе кволую, але рэальную магчымасць станаўлення ў рэгіёнах краіны крыніц альтэрнатыўнай інфармацыі.

Самога праекта закону яшчэ ў парламенце няма, бо ўрад, а дакладней Міністэрства інфармацыі пакуль яго туды не перадаў. Як не перадаў і ў Савет Еўропы, што прынамсі, абавязаўся зрабіць яшчэ некалькі гадоў таму. Але цяпер аб факце такой перадачы сумнявацца не выпадае, бо аб законапраекце ва ўсю распавядаюць на самым вышэйшым узроўні і таму бачна, што ўвага да яго надзвычай высокая. Нават вышэй за вартую.

Пачынаючы ад беларускага прэзідэнта, па сваёй савецкай звычцы, мясцовае чынавенства бачыць у разнастайных законах не механізм рэгулявання той ці іншай дзейнасці, а сродак абмяжоўвання ўсялякай ініцыятывы, калі яна паходзіць не з уладных кабінетаў альбо з імі не ўзгоднена. Менавіта гэтым тлумачыцца патрабаванне А. Лукашэнкі ўзмацніць адказнасць за распаўсюд неверагоднай інфармацыі. У выніку за „неверагодную інфармацыю” выданне можа „атрымаць на арэхі” не толькі ад суда, як гэта было калісьці, але і ад пракуратуры, і ад Міністэрства інфармацыі. Папросту кажучы, ужо і гэтыя ведамствы набываюць права закрываць „непраўдзівыя” газеты.

Больш таго, да сродкаў масавай інфармацыі стаў належыць і Інтэрнэт. „Неверагодная” інфармацыя адтуль можа стаць недаступнай шляхам блакавання пэўных сайтаў. Такі выпадак у беларускай гісторыі быў 9 верасня 2001 года, калі да беларускіх сайтаў грамадска-палітычнай накіраванасці звычайнаму карыстальніку не было магчымасці выйсці, каб нешта даведацца аб ходзе прэзідэнцкіх выбараў. Дарэчы, менавіта за змест размешчанай у Інтэрнэце інфармацыі пацярпелі вышэйзгаданыя журналісты гродзенскай „Пагоні”.

Не даюць спакою цяперашняму беларускаму прэзідэнту і ягонаму атачэнню расійскія СМІ, якія як нейкія страшэнна ўзброеныя ворагі Беларусі „прастрэльваюць” яе тэрыторыю, „падбухторваючы дэструктыўную стыхію” (вызначэнні цытаваныя з адпаведнай нарады ў А. Лукашэнкі). З таго ўсё менш і менш магчымасцей беларускаму люду глядзець тэлеканалы самага блізкага брата і саюзніка — Расіі. Бо на іх месца ўключаюцца толькі што ўзніклыя мясцовыя студыі і каналы. З аднаго боку такая „нацыяналізацыя” тэлебачання надае ўпэўненасці, што і беларусы не горш за расіян здольныя рабіць сваё тэлебачанне, але, з другога — дзе ж тым жа беларусам у сваёй краіне даведацца аб тым, што недаспадобы ўладам?

Па меркаванні многіх праваабаронцаў, няўрадавым СМІ варта рыхтавацца да дзейнасці ў падполлі, гэта значыць пераходзіць на пазіцыі існаваўшага калісьці ў СССР так званага „самвыдата”. Але здаецца, што моцнага штуршка да зацікаўлення людзьмі незалежнай інфармацыяй гэта не прынясе — агульнае стаўленне беларусаў да падзей у краіне не змянілася з таго часу калі, вобразна кажучы, дыхаць было лягчэй. Яно застаецца на ўзроўні абыякавасці да ўсяго і, у першую чаргу, да ўнутранай палітыкі і эканомікі. Разам з тым, нешматлікіх беларускіх журналістаў-дэмакратаў такое становішча навучыць абапірацца толькі на ўласныя сілы і рэсурсы, не спадзеючыся на дапамогу звонку. Толькі ў такі, умоўна кажучы, „плюс” могуць пераўтварыцца шматлікія „мінусы” новага закону аб друку.