Ніва № 42 (2475), 19 кастрычніка 2003 г.

Цi будзе Польшча адвакатам Беларусi?

Iгар ГАНДЛЕЎСКI

Падчас вiзiту ў Беларусь маршалак Сената Польшчы Лёнгiн Пастусяк, гаворачы на сустрэчы з журналiстамi ў Мінску пра пашырэнне Еўрасаюза ды ўсталяванне ўзаемазразумення памiж Усходам i Захадам, выказаў вельмi цiкавую фразу: „Мы можам узяць на сябе ролю адваката Беларусi”.

Але спачатку (3 кастрычнiка) маршалак Сената прыехаў у Гродна па запрашэннi актывiстаў польскай дыяспары, якую здаўна патрануе Сенат. А ўжо наступнага дня Л. Пастусяк паўдзельнiчаў у афiцыйным адкрыццi помнiка Адаму Мiцкевiчу ў Мінску.

У Гродне Л. Пастусяк наведаў сярэднюю школу № 36 з польскай мовай навучання, дзе меў гутарку з вучнямi i настаўнiкамi. Затым сустрэўся з кiраўнiком вобласцi Уладзiмірам Саўчанкам i старшынём гарвыканкама Аляксандрам Антоненкам. Цэлую гадзiну высокi госць з Варшавы прысвяцiў спробе прымiрыць асобных дзеячаў польскiх грамадскiх арганiзацый Беларусi. Дзеля гэтага яму нават давялося ўнесцi змены ў праграму вiзiту.

— Я звярнуўся да лiдэраў польскiх суполак з прапановай захавання адзiнства, — патлумачыў журналiстам Л. Пастусяк. — Вельмi важна, каб яны супрацоўнiчалi. Я незадаволены тым, што адносiны памiж лiдэрамi такiя, што яны не толькi не могуць супрацоўнiчаць, але нават не могуць размаўляць памiж сабою.

Каб залагодзiць канфрантацыю памiж лiдэрамi польскiх суполак, пра якую „Нiва” больш падрабязна пiсала ўлетку (гл. артыкул „Працяг вайны ў Саюзе палякаў Беларусi”, № 28 за 13 лiпеня 2003 г.), было вырашана арганiзоўваць адмысловыя сустрэчы асноўных фiгурантаў канфлiкту ў... Генеральным консульстве Польшчы ў Гродне! Але гэта, калi скандал у Саюзе палякаў Беларусi даўно выйшаў за межы гэтай грамадскай арганiзацыi ды набыў мiжнародны розгалас, падаецца малаэфектыўным i загадзя безвынiковым.

Падчас сустрэчы маршалка Сената з прадстаўнiкамi польскiх грамадскiх арганiзацый Беларусi намеснiца старшынi Гродзенскага аблвыканкама Марыя Бiрукова абвясцiла працэнтную колькасць палякаў у органах беларускай улады:

— Палякi складаюць 21,6% дэпутатаў мясцовых Саветаў у Гродзенскай вобласцi. З васьмi членаў Савета Рэспублiкi ад Гродзенскай вобласцi тры — гэта палякi, з 13 дэпутатаў Палаты Прадстаўнiкоў адзiн з’яўляецца палякам. У дзяржаўных органах вобласцi палякi складаюць 18,9% ад агульнай колькасцi дзяржаўных службоўцаў.

Але, на думку ганаровага старшынi Саюза палякаў Беларусi Тадэвуша Гавiна, калi няма свабодных выбараў, дык пра нейкае прадстаўнiцтва палякаў у органах беларускай улады гаварыць увогуле не выпадае. Гэтыя лiчбы складалiся з „савецкiх людзей”, у чыiх пашпартах была некалi пазначана польская нацыянальнасць. I галоўная iх вартасць — лаяльнасць да ўлады, а не абарона правоў мясцовых палякаў.

Паводле апошняга перапiсу насельнiцтва на Гродзеншчыне пражывае 294 тысячы палякаў, што складае 24,8% ад агульнай колькасцi жыхароў вобласцi.

4 кастрычнiка маршалак Л. Пастусяк разам з паслом Польшчы ў Беларусi Тадэвушам Паўлякам, старшынём Савета Рэспублiкi Беларусь Генадзем Навiцкiм ды iншымi афiцыйнымi асобамi прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыццi помнiка Адаму Мiцкевiчу ў Мінску. Па iронii лёсу гэты помнiк усталяваны непадалёк следчага iзалятара, так званага „Пiшчалаўскага замка”, дзе некалi чакалi прыгавору „касiнеры” Кастуся Калiноўскага — удзельнiкi Студзеньскага паўстання 1863 года.

На адкрыццё помнiка Адаму Мiцкевiчу не прамiнулi прыйсцi прадстаўнiкi творчай iнтэлiгенцыi ды кiраўнiкi апазiцыйных партый. Але, натуральна, выступiць iм нiхто не дазволiў. Усе падыходы да помнiка, афiцыйных асобаў i мiкрафонаў былi блакаваныя супрацоўнiкамi спецслужбаў у цывiльным. Тым не менш Л. Пастусяк пасля адкрыцця помнiка адказаў на пытаннi журналiстаў. Ён зазначыў, што ягоны вiзiт нельга лiчыць „прарывам” у беларуска-польскiх узаемаадносiнах.

— Мы зацiкаўлены, каб польска-беларускiя стасункi развiвалiся добра, у нас ёсць супольныя iнтарэсы, як, напрыклад, рух праз мяжу, — сказаў маршалак Сената. — Добры эканамiчны абарот у паўмiльярда долараў... Нядаўна наша краiна звярнулася з прапановай быць пасрэднiкам памiж Беларуссю i НАТА. Мы б хацелi, каб у хуткiм часе Беларусь iнтэгравалася ў Еўрасаюз. Шырэйшай будзе сфера еўрапейскай iнтэграцыi, стабiлiзацыi i бяспекi... Мы можам узяць на сябе ролю адваката Беларусi.

Але цi захоча мець такога адваката найвышэйшае кiраўнiцтва Беларусi? У сённяшняй сацыяльна-палiтычнай сiтуацыi гэта малаверагодна. Бо новая Еўропа не будзе трываць на сваiм целе таталiтарнага паразiта. Цяпер быць адвакатам Беларусi азначае апраўдваць поўнае здушэнне свабоды прэсы i дэмакратыi ў гэтай краiне.