Ніва № 42 (2475), 19 кастрычніка 2003 г.

У Залуках у грыбны час

Ганна КАНДРАЦЮК

Аўтобусам, разам з табуном грыбнікоў, еду на Гарадоччыну — у Залукі. У дарозе свойскія кліматы: вадзіцель ведае пасажыраў па імёнах і ўжо за Пяшчанікамі высаджвае па некалькі чалавек у лесе. Па дарозе мінаем дзядзькоў і цётак загружаных апенькамі і баравікамі.

— Ой, марозная зіма ідзе! — каментуюць грыбны ўраджай пасажыры.

У месцы, дзе звычайна ў аўтобусах вешаюць іконкі або рымскага папу, наш шафёр пачапіў значок з Пагоняй. А раптам, гэта прывід? — думаю пра апошняе. Аднак і на шыбе аўтобуса прызнак „свойскага” патрыятызму — плакат кандыдата ў сенатары Кшыштафа Біля-Ярузельскага ад СЛД.

Згодна з жаданнем, як тых грыбнікоў, аўтобус прывозіць мяне на месца, пад сам будынак школы ў Залуках.

— А мы ўжо чакаем! — вітае мяне Яўгенія Грушэўская з чайнікам у руках. Якраз перапынак. Усе гарадскія настаўнікі пазайздросцілі б цішыні на перапынках, якая ў параўнанні з гарадскімі, тут проста... анёльская.

— І нашы вучні даязджаюць рэйсавым аўтобусам, — кажа Катажына Філіпяк, дырэктар школы. Мова пра дзяцей з Пяшчанік, бо большасць вучняў і настаўнікаў жыве ў Залуках або ў лясных урочышчах, як дырэктар, якая за мужам лесніком патрапіла сюды аж з Познаньскага ваяводства.

— Уся наша ваколіца жыве з лесу, — адзначаюць спадарыні настаўніцы — хто лесніком, хто дрывасекам, хто ў тартаку работу мае.

Замест наракаць — спяваюць

Найбольш цікавіла мяне справа адраджэння тут беларускай мовы ў школе. Урокі ўзнавілі пасля пяцігадовага перапынку.

— Якім цудам? — пытаю, бо гэта першы такі выпадак у маёй дзевяцігадовай журналісцкай практыцы. Звычайна, калі ў нашых школах выводзілі мову, ніколі яна не вярталася. Хапіла маленькага расчаравання, каб раздзьмухаць агульную непрыхільнасць да „непрактычнай” спадчыны.

— Усё пачалося ад спеваў, — кажуць Яўгенія Грушэўская і Ева Паплаўская. Настаўніцы спяваюць у беларускім калектыве „Каліна”.

— Нашы дзяўчаты спявалі найперш з дарослымі, разам ездзілі на агляды, выступалі. Каб не абмяжоўваць сябе ў падборцы песень, каб не мяшаць галасоў дзяцей і бабуль, у Залуках падумалі пра дзіцячы беларускі гурт і назвалі як сваю кроўную галінку — „Калінкай”. Услед за дарослымі дзеці ставілі тэатральныя спектаклі.

— Пачалі бываць у свеце, выступаць, заваёўваць узнагароды, — успамінаюць настаўніцы. — І тады зразумелі адно: каб выступаць і спяваць трэба ведаць беларускую мову! Вось і пачалі думаць пра навучанне. А бацькі, калі загаварылі пра ўсё на сходзе, адразу згадзіліся. Ды не адны праваслаўныя, у Залуках вывучаюць беларускую мову таксама католікі.

— А адкуль у вас такія прыгожыя касцюмы? — пытаю, гартаючы старонкі школьнай хронікі.

— Самі пастараліся, — чую ў адказ. — Пашыла іх Валянціна Паплаўская — душа і завадатарка беларускай справы ў вёсцы.

Ідуць з духам часу

Пазайздросціць Залукам можна таксама камп’ютэрнага абсталявання. У школе сем камп’ютэраў і асобная зала для ўрокаў інфарматыкі. Навучанне гэтага прадмета вядзецца ўжо з першага класа.

— Мы самі знайшлі спонсараў, — кажа пані дырэктар. — Камп’ютэры падарылі нам фірмы да якіх мы звярнуліся з просьбай аб дапамозе. Праўда, нашы камп’ютэры не новыя, але яны добра служаць вучням.

У школе краязнаўчы і этнаграфічны міні-музей. Вядзе яго настаўніца гісторыі Івона Лех. Настаўніца родам з-пад Шудзялава, таму без цяжкасці можа назваць прадметы па-тутэйшаму: маслабойка, капанька, рэшата...

Звяртаем увагу таксама на стэнд прысвечаны Студзеньскаму паўстанню. На першым плане браты Сабалеўскія, паўстанцы з недалёкага Радуліна. У недалёкай Кнышынскай пушчы захаваліся магілы паўстанцаў. Апякуюцца імі гарцэры-скаўты.

— У мінулым годзе мы занялі першае месца ў конкурсе гарцэрскай песні, — кажа спадарыня Лех. — І гэта дзякуючы нашай „Калінцы”, якая спявае таксама па-польску.

— А тут пішам пра нашага слаўнага ўраджэнца, — настаўніца гартае краязнаўчую хроніку. На старонках мастак Лёнік Тарасэвіч на фоне карціны-лесу.

Пад пагрозай ліквідацыі

На перапынку сустракаемся з навучэнцамі беларускай мовы. Пакуль запісаліся дваццаць асоб.

— А ці ўмееце размаўляць па-просту? — пытаю дзетак, якія з цікавасцю слухаюць пра „Зорку”.

— Тааак! — крычаць хорам у адказ.

— A ja nie bardzo umiem, — перабіваецца нехта сола. Спадарыня Грушэўская сабрала ўжо патрэбныя кніжкі і дапаможнікі. Вучні таксама ў захапленні ад першых урокаў.

Але праблема ў чым іншым. Школа ў Залуках ад гадоў працуе пад пагрозай ліквідацыі. У 0-6 класах займаецца 45 вучняў.

— А колькі ў вас настаўнікаў?

— На штатах шэсць, — інфармуюць.

У Залуках не апусцілі рук, у школе прыкладны парадак і добрая для навукі атмасфера. Настаўнікі замест наракаць кажуць пра будучыню. Што ў сувязі з мяжой Еўрасаюза з Беларуссю, тут будуць аставацца маладыя сем’і. Бо нават ужо можна сказаць пра пэўныя пазітыўныя змены. Моладзь астаецца ў вёсцы, бо ў горадзе ўсё больш складана з працай і кватэрай.

За існаванне школы змагаюцца ўсе — тут не толькі асветная ўстанова, а свайго роду вясковы цэнтр культуры. Спяваюць калектывы, ставяцца тэатральныя пастаноўкі, святкуюцца вясковыя ўрачыстасці.

— На шчасце ўсё менш гаворыцца пра ліквідацыю школы, — настаўніцы ўспамінаюць сёлетнія дажынкі, у якіх актыўна ўдзельнічала школа. Войт, каб падзякаваць за ангажаванасць, пажартаваў:

— No, teraz to ciezko was bedzie rozwiazac!

За здароўе вёскі

Пакуль вярнуцца ў Беласток (іншым) аўтобусам, але з тым жа кандыдатам у сенатары ў акне, прыслухоўваюся жыццю вёскі. Усюды цішыня, задбанасць, пустэча. Толькі праз вуліцу час ад часу пракоціцца цяжкі грузавік з драўнінай. Ды яшчэ пад крамай, дзе выстойваюць мясцовыя аматары выпіўкі. Страшна падыходзіць, хоць чую там шчырую беларускую гутарку.

Звяртаю ўвагу на незвычайную дэталь. У пачатку вёскі, дзе крыжы, беларускі надпіс лацінкай: Za zdarowje Zycielej wioski Zaluki. Spasi nas Hospadzi.

Дай Божа, хочацца пажадаць Залукам. І фатаграфую на ўсякі выпадак той надпіс: а раптам гэта прывід?!