Ніва № 41 (2474), 12 кастрычніка 2003 г.

У храм за білетамі

Аляксей МАРОЗ

У Аляксандра-Неўскую Свята-Троіцкую лаўру заязджалі мы двойчы. Першы раз прыбылі перад закрыццём Свята-Троіцкага сабора. Тады дазволілі нам зайсці ў храм і прылажыцца да мошчаў св. князя Аляксандра Неўскага. На наступны дзень прысутнічалі мы на галоўным богаслужэнні. Людзей у храме было мала. Студэнты Духоўнай акадэміі і семінарысты, якія засталіся на час канікулаў у Пецярбургу, маліліся з самой раніцы. Пазней на малітву збіраліся пецярбуржцы і паломнікі.

У 1712 годзе на месцы перамогі князя Аляксандра Неўскага над шведамі заснавана была драўляная царква. Пазней распачалася будова мураванага корпуса і царквы. У 1724 годзе імператарам Пятром І у лаўру былі перанесены мошчы св. Аляксандра Неўскага. Перад рэвалюцыяй манастыр лічыўся даволі багатым. Яго капітал састаўляў 3 мільёны рублёў. На тэрыторыі лаўры жыло 150 манахаў і паслушнікаў. У манастыры было 11 цэркваў. Частка іх стаяла на прыманастырскіх Лазаравых могілках, дзе пахаваны вядомыя пісьменнікі і дзеячы культуры. Пакояцца тут Фёдар Дастаеўскі, Пётр Чайкоўскі ці Міхаіл Ламаносаў. Будова велізарнага Свята-Троіцкага сабора распачалася ў 1719 годзе. Знаходзілася ў ім многа вялікіх ікон і залатых упрыгожанняў. Пасля рэвалюцыі сабор перайшоў да абнаўленцаў (з 1923 па 1926 год), якія падтрымалі савецкую ўладу, а на плошчы перад саборам пачалі хаваць „выдатных” бальшавікоў. У 1933 годзе свецкія ўлады закрылі сабор і перадалі яго на Дом навукі. Толькі праз 20 гадоў сабор вярнулі праваслаўным і пасля двухгадовага рамонту распачаліся ў ім богаслужэнні. У 1989 годзе ў царкву вярнулі мошчы св. Аляксандра Неўскага, якія ад 1922 года знаходзіліся ў Музеі гісторыі рэлігіі і атэізму. Манастырскі комплекс складалі шматлікія цэрквы, якія ў дваццатыя і трыццатыя гады забралі праваслаўным. Многіх не вярнулі да гэтага часу, а на Лаўрскія могілкі яшчэ і зараз можна ўвайсці толькі за музейным білетам.

Пасля Літургіі ў сабор заходзілі вернікі і турысты. Многія прыкладаліся да мошчаў і ікон. Звонку сабор і манастырскія будынкі часткова адрамантаваны. Відаць, што Неўская лаўра намнога бяднейшая за Сергіеву лаўру. Можа таму, што распаложана яна ўсярэдзіне горада і паломнікам, якія пакідаюць ахвяраванні, цяжэй дабрацца да лаўры.

Вялікае ўражанне зрабіла на нас Васкрэсенская царква, якую называюць „Спас на крові”. Ужо здалёк відаць яе каляровыя мазаікі і таму хацелася зайсці ўсярэдзіну. На месцы аказалася, што храма не вярнулі праваслаўным вернікам. Надалей працуе ён як музей. Жыхары Расійскай Федэрацыі маглі ўвайсці ўсярэдзіну за 50 рублёў (каля 2 долараў). Замежным наведвальнікам (нават з Беларусі і Украіны) за ўваход трэба было заплаціць па 250 рублёў (каля 10 долараў). Хаця царква звонку вельмі прыгожая, усярэдзіне — пустая, без прастола, аналояў, харугваў і царкоўнага начыння. Гіды асаблівую ўвагу звярталі на каштоўныя мазаікі з выявамі біблейскіх сюжэтаў. Ззаду храма было пазначана месца, на якім Ігнат Грынявіцкі ў 1881 годзе забіў цара Аляксандра ІІ. Стаіць там крыж з мармуру і граніту, перад якім у мінулым гарэла лампада. Каля мазаічных ікон змешчана пакаянная малітва св. Васілія Вялікага, якая ўзмацняе пакаянны характар царквы. Спачатку на месцы смяротнага ранення цара збудавана была капліца і толькі ў 1888 годзе распачалася будова храма. Мазаіка, якая захапляе турыстаў, выконвалася ў майстэрні Фраловых і лічыцца адной з лепшых у свеце. Царква была закрыта ў 1930 годзе і перад ІІ сусветнай вайной разглядалася прапанова яе ліквідацыі. Хаця пасля сталі лічыць храм помнікам архітэктуры, адкрылі ў ім майстэрні і склады дэкарацый. У 1970 годзе „Спас на крові” быў перададзены музею „Ісаакаўскі сабор” і пачаліся ў ім рэстаўрацыйныя працы. Зарэгістраванае ў 1990 годзе праваслаўнае згуртаванне выступіла да ўлад з просьбай вярнуць ім царкву, але не дачакалася станоўчага рашэння. Можна сказаць, што Санкт-Пецярбург з’яўляецца выключэннем сярод вялікіх рускіх гарадоў, якія паспяхова вяртаюць храмы Рускай праваслаўнай царкве. Васкрэсенская царква і Ісаакаўскі сабор з’яўляюцца прыкладамі насмешкі сённяшніх улад над святынямі.

У цэнтры горада, побач цэркваў, раскінуліся прыгожыя магазіны з вопраткай і прамысловымі прадуктамі, рэстараны і кафэ. Складаней было знайсці магазіны з кніжкамі і прадуктамі харчавання. У многіх месцах турыстам прапанаваліся экскурсіі па каналах горада. Турыстычныя бюро заахвочвалі наведаць прыгарады.