Ніва № 41 (2474), 12 кастрычніка 2003 г.

Белая вежа або Камянецкі стоўп

Ганна КАНДРАЦЮК

— А ў нас рамонт! — рабочы з пнеўматычным молатам заступіў нам дарогу.

— Не жартуйце! — уміг мы страцілі рашучасць і з недаверам зірнулі ўверх. На ўсіх паверхах Белай вежы вуркацелі адбойныя малаткі, ляскалі дошкі, пераклікаліся рабочыя.

— Спецыяльна з Польшчы прыехалі, — пачалі мы. — Спецыяльна, для вашай вежы.

Беларусы спагадныя людзі, асабліва дзядзькі з рамонтнай брыгады. Наш рабочы адклаў малаток, паглядзеў на нас літасціва і з пэўным захапленнем.

— Пачакайце тут, — бліснуў залатой усмешкай, — шчас спрашу брыгадзіра.

Праз момант мы ўздымаліся на верх Белай вежы. Першыя два паверхі мы адолелі па драўляных драбінах, зробленых на час рамонту. Далей лезлі драўлянымі ўсходамі з разнымі парэнчамі. Пяты паверх, які вядзе на галерэю вежы, у клімаце старажытных замкаў. Апошні адрэзак забірае найбольш энергіі, высокія мураваныя прыступкі (як у Мірскім замку) адымаюць апошнія сілы. Пасля ўжо толькі стаіш і глядзіш, аддыхваешся, захапляешся.

На карце шукаем мясціны па простай лініі ад Камянца на Беласточчыну. Замест, як унушае назоў нашай Белавежы — бачым Грабарку!

* * *

У сапраўднасці вежа — з чыронай цэглы, а сам Камянец сорак кіламетраў ад Белавежскай пушчы. Будынак вядомы таксама як Камянецкая вежа або Камянецкі стоўп. Яшчэ дзесяць гадоў назад вежа была размаляваная на белы колер. Супраць варварскай трактоўкі гістарычнага помніка пратэставалі мастакі і гісторыкі, і, дзякуючы ім, будынку вярнулі першапачатковы выгляд.

Камянецкая вежа пабудаваная паміж 1276-1288 гадамі дойлідам Алексам, паводле загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча, як памежны апорны пункт. На працягу стагоддзяў чатыры разы разбураная і спаленая. Будынак грунтоўна рэканструяваны ў 1903 годзе.

Вежа мае каля 30 метраў вышыні, вонкавы дыяметр 13,5 метра, таўшчыня сцен 2,5 метра. У сярэдзіне падзяляецца драўлянымі памостамі на пяць паверхаў. У сценах знаходзяцца нішы і стралковыя байніцы. Вежа перакрытая нервюрным скляпеннем з кранштэйнамі, над якімі ўзвышаецца баявая галерэя, пазначана 14 зубцамі.

З высі прасторны далягляд на даліну ракі Лясной і Белавежскую пушчу. Прывабна выглядае і сам Камянец, адной з прыгажэйшых тут карцін Сімяонаўская царква ў рэспектыўна-рускім стылі.

У сярэдзіне вежы размяшчаецца краязнаўчы музей. На жаль, з-за рамонту мы не змаглі яго аглянуць.

* * *

У Камянцы мы сустрэлі турыстаў, і гэта не былі арганізаваныя экскурсіі з калгасаў і прадпрыемстваў, толькі маладыя сужонствы і парачкі, якія прыехалі на ўласных машынах.

Горш з турыстычнымі паслугамі, у мястэчку нельга купіць паштоўкі і даведнікі пра горад і наваколле. Замест славутай настойкі „Белавежскі бальзам” у магазіне нам прапанавалі гарэлку брэсцкага разліву „Беларусь сінявокая”. Самы нясмачны выпадак сустрэў нас у рэстаране „Юбілейная”. Рэстаран пабудаваны ў цэнтры, непадалёк вежы. У сярэдзіне ўжо праведзены „еўрарамонт”, на практыцы гэта абазначае замену ранейшага інтэр’ера прывезенымі з Беластока аддзелачнымі матэрыяламі як керамічная плітка, тэракота, шкляныя і пластмасавыя ўпрыгожанні.

Нягледзячы на рух у мястэчку, у рэстаране не было жывой душы. Каб пасмакаваць рэгіён, мы заказалі катлету „Белавежская пушча” і салаты. Каб адзначыць дзень нараджэння сяброўкі Дыяны, мы заказалі шампанскае. Другі заказ атрымаўся без закіду, дзеля юбілейнага напітку мы атрымалі спецыяльныя кілішкі. Затое катлетка з паэтычнай мянушкай да вечара стаяла нам у горле. Не цяжка здагадацца, што пачаставалі тут тухлым мясам. Каб не пакрыўдзіць гаспадароў, мы міжвольна глыталі „белавежскую пушчу” і ўяўлялі старадаўнія гасціны, на якіх, у якасці смакоцця, падавалі дзічыну, якая, згодна рэцэпту, павінна набраць паху, пакуль трапіць на стол.

* * *

Белая вежа вытрымоўвае параўнанне паміж уяўленнем і рэчаіснасцю. Як сімвал абароны ды моцы натхняла паэтаў і жывапісцаў. Нас сустрэлі таксама незвычайныя эмоцыі, дарога па драбінах, у якіх дзе-нідзе не хапала прыступак, удала заступіла модны экстрэмальны спорт. Калі мы зыходзілі з галерэі, нам асіставаў згаданы ўжо рабочы. Дзядзька, як рыцар, стаяў з элегантна працягнутай рукой і з прамяністай усмешкай дапамагаў выбрацца з цёмнага лабірынту.

Зразумела, такі гонар сустрэў толькі абраных дзяўчат-журналістак, якія рашыліся ўвайсці на легендарную вежу. Нашы хлопцы, стомленыя спёкай і соннасцю мястэчка, як заварожаныя, шлындаліся вакол стаўпа.