Ніва № 41 (2474), 12 кастрычніка 2003 г.

Экскурсія ў мінулае

Аляксей МАРОЗ

Археалагічны фэст спалучаны з развітаннем з летам, які 28 верасня наладзілі каля Збуча войт Чыжоўскай гміны і Асяродак аховы археалагічнай спадчыны з Варшавы, перарос спадзяванні арганізатараў і сабраў шматлікую публіку. Вялікая стаянка пры дарозе ў Бельск-Падляшскі шчыльна запоўнілася машынамі і аўтобусамі. На мерапрыемства прыбылі не толькі жыхары Чыжоўскай гміны і навакольных вёсак. Пазнаёміцца з жыццём у сярэдневякоўі прыехалі вясковыя выхадцы — жыхары Гайнаўкі, Бельска і Беластока.

Абведзенае насыпам месца старажытнага гарадзішча з’яўляецца зараз уласнасцю гміны. Яшчэ нядаўна пасвіліся на ім каровы і авечкі збучанскіх гаспадароў. Ініцыятыва арганізавання археалагічных раскопак каля Збуча выйшла ад Тадэуша Іванчука са Шлёнска, які купіў дом непадалёк ад гістарычнага месца. Пасля ініцыятыву пераняў войт Чыжоўскай гміны Юрый Васілюк. Рашыў ён арганізаваць фэст, каб гістарычнымі месцамі каля Збуча зацікавіць археалагічныя асяроддзі і музеі Польшчы. Удалося яму гэта зрабіць, бо адгукнуліся археолагі з Варшавы і Гданьска.

— На гэтым месцы ў раннім сярэдневякоўі знаходзіўся ўмацаваны горад. Насып вакол яго выкананы быў з зямлі, камення і драўніны, — заявіў Марэк Герляк, дырэктар Асяродка аховы археалагічнай спадчыны з Варшавы. — У наступным годзе праведзены будуць уступныя раскопкі курганных могілак, што знаходзяцца непадалёк ад умацаванняў і будуць вывучаны курганы. Прадбачваецца выданне турыстычнага даведніка аб гістарычных месцах каля Збуча.

— Фэст наш расслаўляе на ўсю Польшчу Збуч, нашу гміну і Гайнаўскі павет. Госці, якія да нас прыехалі, у наступным годзе хочуць успамагчы археалагічныя раскопкі. У ліпені наступнага года плануем наладзіць чарговы фэст, а ў будучыні выканаем рэканструкцыю ўмацаванага горада з абарончым ровам вакол яго, — сказаў войт Чыжоўскай гміны Юрый Васілюк.

Археалагічны фэст арганізаваўся ў рамках святкаванняў Еўрапейскіх дзён спадчыны і таму можа знайсці водгук у еўрапейскіх краінах.

Мерапрыемства распачалося з музычнага фэсту. Перад публікай спявалі і танцавалі вучні з Комплексу школ у Чыжах і Падставовай школы ў Кленіках. Пасля з беларускімі песнямі выступілі калектывы „Чыжавяне”, „Незабудкі” з Курашава, „Збучанкі”, „Васілёчкі” з Бельска і „Лучына” з Беластока. Ужо падчас музычнага фэсту, які быў развітаннем з летам, можна было наведаць палаткі археалагічных музеяў і паглядзець на „славянскіх рыцараў”, якія прыехалі з Вроцлава і Торуні. Працаўнікі Археалагічнага дзяржаўнага музея з Варшавы паказвалі як у сярэдневякоўі выплаўлялася жалеза. У іх палатцы можна было пабачыць „дымарку” — печ для выплаўкі жалеза, збудаваную паводле сярэдневяковых узораў. Жалезную руду прывезлі з Белавежскай пушчы, каб умовы працы былі падобнымі да тых, якія былі на нашых землях у мінулым. Работнікі дзьмухалі на драўняны вугаль у „дымарцы”, разаграваючы руду да 1 200 градусаў. Не паспеў я спраўдзіць ці з вокісаў жалеза атрымалася чыстае жалеза, бо печ працавала адно 5 гадзін. Жалеза з дымарак у мінулым апрацоўвалі кавалі. На фэсце гайнаўскі каваль Станіслаў Мяжвінскі са сваімі памочнікамі кавалі падковы і цвікі і раздавалі іх госцям мерапрыемства.

— Не ведаем ці паспяхова закончыцца наш эксперымент, бо ў сярэдневякоўі працэс выплаўкі жалеза працягваўся суткі, а ў нас такі кароткі тэрмін, — заявіў працаўнік Археалагічнага дзяржаўнага музея з Варшавы Уладыслаў Вэкер. — Папярэднія доследы сведчаць, што ўмацаваны горад узнік тут у ХІІІ стагоддзі. За ўмацаваннямі ў мінулым магло хавацца насельніцтва навакольных сяліб у час прыходу варожых войск. Тэрыторыя абгароджаная насыпамі была даволі вялікай і ўмацаваны горад мог быць больш развітым. Маглі прабываць у ім пастаянныя жыхары.

Збоку „дымаркі” стаялі работнікі Археалагічнага музея з Гданьска, якія, карыстаючыся спосабам апрацаваным раннімі славянамі, выплаўлялі з бярозавай кары дзёгаць. Дзяўчына ўручную выконвала гліняныя гаршкі.

Частка публікі згуртавалася побач палатак славянскіх рыцараў, якія рыхтаваліся да паказу вайсковых умеласцей. Памагалі ім дзяўчаты, апранутыя ў сярэдневяковую вопратку. „Дружына сленжанскіх вояў” з Вроцлава паказала рыцарскія змаганні з прымяненнем мячоў, тапароў, чаканаў і шчытоў. Грукат зброі адстрашыў наймалодшых, але зацікавіў моладзь і мужчын. Увагу жанчын прыцягнулі крамы з народнымі і стылізаванымі на старадаўнія вырабамі. Можна было купіць жаночыя ўпрыгожанні, вопратку і гістарычныя кніжкі. Свае экспазіцыі падрыхтавалі Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь і Беларускае гістарычнае таварыства (можна было купіць беларускія гістарычныя выданні). Прапанавалася даўняя кухня і піва. Напітак, які ведалі ўжо ў сярэдневякоўі, прыцягнуў мужчын. Каб заняць дзяцей, арганізаваліся ім конкурсы і гульні. Адважныя дазвалялі, каб шнуравалі іх у калодкі. Гульні перапляталіся са змаганнямі рыцараў з Торуні. „Дружына славянскіх вояў” з гэтага горада паказала ўборы і зброю Х-ХІ стагоддзяў.

— Цікавае атрымалася мерапрыемства і варта яго арганізаваць у будучыні. У нас расказвалі, што нешта было тут у мінулым, — сказаў Яраслаў Бялькевіч з Чыжоў.

Вечарам удзельнікі фэсту адпачывалі каля вогнішча, а моладзь гуляла. Жыхары Чыжоўскай гміны ў асноўным лічаць сябе беларусамі. Актыўна падтрымалі яны на апошніх самаўрадавых выбарах Беларускі народна-выбарчы камітэт і масава ўдзельнічаюць у беларускіх мерапрыемствах. Можа на падставе раскопак і дакладнага даследавання знойдзеных прадметаў можна будзе даведацца, адкуль прыйшлі жыхары ўмацаванага гарадзішча.