Ніва № 41 (2474), 12 кастрычніка 2003 г.

Хто будзе гаспадарыць у Гацьках і Райску?

Мікола ВАЎРАНЮК

— Зямлю забралі ў нашых бацькоў у час калектывізацыі, найлепшую, у найбольш зручным месцы, — кажа Аляксандр Коршак з Гацькоў. — Выглядае на тое, што мы яе ніколі не будзем рабіць.

Уладзімір Васілюк арэ і абсявае зямлю сваю, матчыну і сястрыну. Разам 19 гектараў, параскіданых па кавалках. Калі ідзе сваім панадворкам, за плотам бачыць у адным кавалку 117 гектараў бяспанскай зямлі.

— Тое, што я маю, на сённяшні дзень, нішто, — гаворыць ён і паказвае за плот — вось, дзе мая перспектыва.

* * *

Трыста дваццаць гектараў зямлі ў Бельскай гміне між вёскамі Гацькі, Райск і Храбалы належалі Дзяржаўнаму сельскагаспадарчаму камбінату ў Бельску-Падляшскім, а калі той разваліўся, перайшлі пад Скарб дзяржавы. Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці ў Сувалках аб’явіла аўкцыён на дзесяцігадовую арэнду гэтага арэала.

Ёсць зямля, ёсць ахвотныя яе рабіць. У чым праблема? Чаму гаспадары з Гацькоў, Райска, Храбалоў баяцца прыняць удзел у аўкцыёне, паехаць у Сувалкі і не ўзяць сабе гэтыя гектары?

— Не маем ніякіх шанцаў, мы забедныя, — кажа Мікалай Семянюк з Райска, які трымае трыццаць свінаматак. — Да нас прыязджалі такія паны, якія гаварылі: купім усе вашы гаспадаркі разам з вамі.

— Гэты аўкцыён не на нашага гаспадара разлічаны, — кажа Уладзімір Васілюк. — Хто з нас можа ўзяць сто гектараў? Чаму ж не пабіць гэтае поле на меншыя дзялянкі, скажам па дваццаць гектараў?

— Няма такой практыкі дзяліць зямлю, якая ідзе пад арэнду, — тлумачыць Адам Крухэльскі з Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці ў Сувалках. — Гэта абцяжарвала б коштамі Скарб дзяржавы. Мы працуем у яго карысць і не можам дапусціць дадатковых выдаткаў.

Таму гэтая зямля была выстаўлена на аўкцыён раней выдзеленымі ўчасткамі: 11 га, 37,5 га ды 51,5 га каля Райска, 223 га ў граніцах трох вёсак: Храбалоў, Райска і Гацькоў. У межах тае апошняе — былая свінаферма. Пры чым, якраз за пустыя будынкі Агенцтва запатрабавала ўдвая большую арэндную плату — 500 цэнтнераў пшаніцы ў год — чымсьці за ворную зямлю (усяго 280 цэнтнераў). Стан гэтых будынкаў, мякка кажучы, нездавальняючы. Але нават, калі б яны былі ў надзвычай добрай кандыцыі — такая буйная гадоўля нікому з мясцовых не пад сілу.

Чатырох гаспадароў з Гацькоў: Уладзімір Васілюк, Яўген Казлоўскі, Аляксандр Коршак і Андрэй Мельнічук ахвотна ўзялі б у арэнду і падзялілі між сабою частку найбольшага зямельнага ўчастка — 117 гектараў, які ў межах гацькоўскіх палёў. Але паколькі такога падзелу не прадбачвалася, яны не падалі сваіх заявак на аўкцыён.

Жыхары Райска такія заяўкі на меншыя дзялянкі падалі, нягледзячы на тое, што Агенцтва адмоўна паставілася да іх прапановы, каб аўкцыён абмежаваць адно да трох найбліжэйшых вёсак: Райска, Гацькоў і Храбалоў. У Сувалках тлумачыліся законамі і пастанавілі: у аўкцыёне могуць прымаць удзел жыхары Бельскай гміны ды суседніх, калі маюць хоць адзін участак на тэрыторыі Бельскай. На практыцы да аўкцыёна былі дапушчаны жыхары дзесяці гмін.

Аўкцыён прайшоў 23 верасня ў Сувалках. Разглядаліся ў ім трынаццаць прапаноў. Тры меншыя ўчасткі — так як прадбачылі жыхары Райска, якія ўдзельнічалі ў аўкцыёне — на дзесяць гадоў трапілі ў рукі нетутэйшых гаспадароў. Аўкцыён на найбольшы ўчастак быў адтэрмінаваны. Не таму, аднак, што не было ахвотных на гэтую зямлю. А таму, што, як сказаў адзін з зацікаўленых, умяшалася якоесьці халернае таварыства „Гай”.

* * *

Таварыства „Гай” у 1999 годзе заснавалі жыхары Гацькоў з мэтай „усебаковага развіцця мясцовай грамадскасці, пры захаванні мясцовых асаблівасцей: прыроды, краявіду і культуры”. На такі пачын натхніў іх „замак” — курган, у якім археолагі знайшлі сляды пасяленняў з другога стагоддзя да нашай эры. Таварыства збірала смецце на „замку”, інтэрвеніравала супраць высечкі дрэў у яго наваколлі, дамагалася ясных крытэрыяў аховы гэтага месца. Замест таго даведалася, што ўчастак зямлі з „замкам” — 40 гектараў — арандуе жыхар Вышкоўскай гміны. Мясцовых ніхто пра такую магчымасць нават не паінфармаваў.

Таварыства „Гай” дабілася хаця таго, што Ваяводскі рэстаўратар прыроды ў Беластоку 12 чэрвеня гэтага года выслаў Гміннай управе ў Бельску-Падляшскім пісьмо з інфармацыяй: „Камавы ўзгорак на ўчастку зямлі № 200 у Гацьках, рашэннем беластоцкага ваяводы № 3/94 ад 17 лістапада 1994 года, быў прызнаны помнікам прыроды”. Пасля гэтага пачаліся працы па стварэнні прыродна-краявіднага комплексу. А карыстальнік зямлі вакол кургана абавязаны так гаспадарыць, каб не пашкодзіць унікальнага краявіду. А унікальны ён не адно дзякуючы археалагічным вартасцям, але таксама эндэмічным раслінам.

Найбольшы ўчастак зямлі, які выстаўляўся на аўкцыён 23 верасня — па-суседску з гэтым помнікам археалогіі і прыроды. У планах добраўпарадкавання Бельскай гміны — павінен ён быць выкарыстаны ў сельскай гаспадарцы. Паколькі разам з ім (і ўдвая даражэй) выстаўляліся на арэнду свінарнікі, дык будучыня сельскай гаспадаркі тут выглядае даволі адназначна.

Самім гацькоўцам тая свінаферма непатрэбная. Дзякуючы актыўнасці таварыства „Гай” — акцыі прыбірання наваколля кургана, канферэнцыям і спатканням з навукоўцамі — жыхары Гацькоў сваю будучыню хутчэй звязваюць з экалагічна чыстай сельскай гаспадаркай, агратурызмам.

— Ахова прыроды не супярэчыць традыцыйнай сельскай гаспадарцы, — пераконвае старшыня таварыства „Гай” Янка Мордань. — У найбліжэйшым акружэнні кургана маглі б пасвіцца коні, каровы, авечкі ці козы. Крыху далей можна было б зямлю араць, але без інтэнсіўнага штучнага ўгнаення. А хто лепш будзе дбаць пра гэтую зямлю, як не людзі, якія кроўна з ёю звязаны на працягу стагоддзяў?

* * *

Аўкцыён на арэнду зямлі між Гацькамі, Райскам і Храбаламі праходзіў згодна з законам. Паказаў, што мясцовыя гаспадары не маюць шанцаў выйграць ва ўмовах ліберальнай эканомікі з прыезджымі землеўладальнікамі.

Другая выснова больш аптымістычная. Таварыства „Гай” паказала, што варта людзям яднацца вакол супольных спраў. І варта памятаць, што „не адным хлебам” чалавек жыве. У нашым штодзённым змаганні за тую лусту з маслам, аказваецца, дапамагчы могуць веды пра, здавалася б, нематэрыяльную спадчыну.

Невядома пакуль, як складзецца лёс гэтай зямлі. Жыхары Райска выслалі петыцыю з патрабаваннем прызнаць няважнымі вынікі аўкцыёна на меншыя яе ўчасткі. Кіраўніцтва Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці з Сувалкаў прыедзе ў Бельск на перамовы з мясцовымі гаспадарамі. Памагла б ім моцная, адназначная падтрымка Бельскай гміны.