Ніва № 40 (2473), 5 кастрычніка 2003 г.

Святатацкі здымак

Ганна КАНДРАЦЮК

Здавалася б, час, калі ў сіле была забарона фатаграфаваць выбраныя аб’екты, як вакзалы, будынкі міліцыі ці вайсковыя часці — мінуў разам з Cавецкім Саюзам. Вось у Картуз-Бярозе вайскоўцы дазволілі нам зняць руіны кляштара, хаця быў там вайсковы палігон. Год раней мы сфатаграфавалі бюст Дзяржынскага каля пастарунка міліцыі ў Лагойску.

У выпадку, калі аб’ект можа пацярпець ад частых бліскаў фотаўспышак, яго памячаюць адпаведнай інфармацыяй. Каб зрабіць здымкі ў сярэдзіне гістарычнага будынка, мы раней пыталіся дазволу ў працаўнікоў установы, і ў большасці выпадкаў нам давалі згоду.

У Воўпе непадалёк Ваўкавыска захаваўся самавіты помнік дойлідства — касцёл святога Іаана Хрысціцеля. Даведнікі адзначаюць, што гэта самы вялікі драўляны касцёл Беларусі. Пабудаваны ён у 1773 годзе інфлянцкім біскупам Янам Непамукам Касакоўскім. У сярэдзіне — барокавы алтар пачатку XVII стагоддзя, уфундаваны падканцлерам Казімірам Леанам Сапегам (сынам канцлера Льва Сапегі).

На месцы сустрэла нас незвычайная „гасціннасць”. Калі мы спыніліся ля касцёла і хацелі яго агледзець, у плябаніі, як у салуне з каўбойскага фільма, расхіліліся падвойныя дзверы ганка.

— Нельзя фатаграфіраваць! Забаронена! — паказалі на касцёл расійскамоўныя падлеткі, хлопец з дзяўчынай, і схаваліся ў будынку плябаніі.

Уражаныя сакрэтнай місіяй юных ахоўнікаў, мы рушылі на плябанію пазнаёміцца з гаспадарамі. У Воўпе з’яўляюцца імі місіянеры Ордэна босых рэдэмптарыстаў (расслаўленых у нас за справай іхняга Радыё „Марыя”).

У сярэдзіне „не было” жывой душы. Вартаўнікі-падлеткі, як прывід часоў інквізіцыі, зніклі сярод пакояў прасторнага будынка.

Нейкі час мы стаялі пераступаючы з нагі на нагу і гучна вымаўлялі словы прывітання. Аднак на словы „Niech bedzie pochwalony Jezus Chrystus!” ніхто тут не адгукаўся.

* * *

Нягледзячы на наш досвед, карысна заехаць і пазнаёміцца з касцёлам у Воўпе. У сярэдзіне старажытны алтар — каштоўны помнік манументальнага мастацтва першай паловы XVII стагоддзя. Спалучае ён рысы манерызму і ранняга барока, устаноўлены на высокім масіўным цокале. Алтар мае характэрную XVII ст. структуру трохвосевай аркі з двух’яруснай цэнтральнай часткай. Ніжні ярус падзелены на вертыкалі чатырма калонамі карынфскага ордэра на тры часткі: у цэнтры абраз „Укрыжаванне”, па баках — скульптура св.св. Казіміра і Іаана Хрысціцеля, вышынёй больш за 2 метры. Вонкавыя калоны яруса пазалочаныя, унутраныя ўпрыгожаны разьбой у выглядзе стылізаванай вінаграднай лазы. У тымпане франтона 1-га яруса рэльфная выява Саваофа на воблаку і постаці двух анёлаў па баках. У верхнім ярусе знаходзіцца карціна „Дабравешчанне”, фланкіраваная пазалочанымі калонамі карынфскага ордэра, і скульптурныя выявы св.св. Елізаветы і Кацярыны. Алтар багата аздоблены накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак, херувімаў. Кантраст паміж чорным колерам паверхні алтарных плоскасцей і пазалотнай разьбы і скульптуры характэрны для ранняга барока.

У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай першай паловы XVII ст., упрыгожаны скульптурамі і разьбой аднатыпнай з дэкорам галоўнага алтара.

Здаецца, у Воўпе баяцца паказваць свае святыні і каштоўнасці, а кожны наведвальнік бачыцца як патэнцыйны шкоднік і вораг, якому шкада нават аднаго слова паяснення.

Падумаеце, а адкуль жа гэты здымак? Мне пашанцавала сфатаграфаць касцёл раней, чым у плябаніі расхіліліся, нібы ў каўбойскім фільме, дзверы.