Ніва № 40 (2473), 5 кастрычніка 2003 г.

Царква на Сонечным Стоку

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У Беластоку па вуліцы Сікорскага красуецца новая царква з адметнай ад іншых храмаў архітэктурай. Расказаць пра яе будаванне папрасіў я настаяцеля прыхода а. Уладзіміра ЦЫБУЛІНСКАГА.

Вялікай прагай Яго Высокапраасвяшчэнства, уладыкі Савы, было заснаванне прыхода ў новым жылым раёне Беластока, які ахоплівае пасёлкі Сонечны Сток, Зялёныя Горкі і Лясная Даліна. Шэсць гадоў доўжыліся захады, асабліва намаганні архіпастыра, каб атрымаць месца пад будову прыхадскога храма. 14 лютага 1989 года Яго Высокапраасвяшчэнства выдаў дэкрэт аб заснаванні новага прыхода Васкрэсення Хрыстова з сядзібай па вуліцы Сікорскага 9. Тым жа дэкрэтам настаяцелем назначаецца протаіерэй Уладзімір Цыбулінскі. 17 кастрычніка 1991 Аддзел грамадзянскіх спраў Ваяводскай управы выдаў пастанову аб перадачы нерухомасці ва ўласнасць прыхода.

На атрыманым прыходам пляцы былі тры незаселеныя домікі, дрэўкі і пустое поле. Зараз была арганізавана Прыхадская будаўнічая рада з мэтай пабудовы царквы і арганізацыі прыхадскога жыцця. Нашы вернікі пасля работы прыходзілі працаваць на царкоўным пляцы; найперш абгарадзілі яго драўляным плотам. З пачатку мая 1989 года, калі атрымалі дазвол на пабудову часовага храма, сталі збіраць драўніну для яго пабудовы. 7 мая 1989 года, у дзень Антыпасхі, адбылося пасвячэнне пляца і быў устаноўлены крыж пад новую царкву. У нядзелю, 26 лістапада таго ж года, архіепіскап Сава пасвяціў толькі што збудаваны часовы храм; у набажэнстве ўдзельнічала каля 2 тысяч вернікаў.

22 красавіка 1990 года пасля Літургіі ўладыка Сава пасвяціў крыж для новай, мураванай царквы. Адначасна было пасвечана месца і закладзены краевугольны камень пад прыхадскі дом і катэхетычны пункт. У канцы багаслужбы архіпастыр заклікаў вернікаў да ахвярнай працы дзеля Божай справы.

Выкананне праекта новай царквы было даручана архітэктарам Яну Кабацу і Ежы Усціновічу. Адразу пачалася работа. Спачатку сталі будаваць прыхадскі дом, каб было дзе жыць святарам; будова доўжылася каля пяці гадоў. Многа працы ў яго ўзвядзенне ўклаў інжынер Мікалай Місюкевіч, кіраўнік будовы. Усе вернікі актыўна ўключыліся ў грамадскія пачыны. Прыхадскі дом быў здадзены ў карыстанне ў канцы 1994 года.

Паралельна з будовай прыхадскога дома былі выкапаны катлаваны пад царкву і заліты фундаменты. Было расходавана 35 тон канструкцыйнай сталі і каля сотні тон цэменту. Цэглу для царквы вазілі аж з Газдніцы, што між Баляслаўцам і Жаганем на паўднёва-заходнім канцы Польшчы. Цэглу бралі таксама з беластоцкіх „Сілікатаў” і з дэмантажу.

9 чэрвеня 1998 года на царкве былі ўстаноўлены крыжы, выкананыя на Чыгуначным заводзе стальных канструкцый у Старасельцах; крыжы замацавалі спецыялісты з беластоцкай фірмы „Інсталь”. 1 кастрычніка 1999 года былі падвешаны званы, адлітыя ў ліцейні Фельчынскіх у Тацішаве каля Глівіцаў; адзін звон важыць 720 кілаграмаў, другі — 450. Роўна годам пазней у новай царкве было адслужана першае набажэнства; службу ўзначаліў мітрапаліт Сава.

Дубовы іканастас для царквы Васкрэсення Хрыстова ў Беластоку быў выкананы Дзмітрыем Файко ў Тарнопалі на Украіне і ў элементах прывезены ў наш горад. Іконы для іканастаса былі напісаны майстрамі Бельскай школы іканапісу. Паліхромную распіску царквы выконвае Віктар Доўнар з Мінска разам са сваімі вучнямі.

Душпастырскую службу ў царкве Васкрэсення Хрыстова вядуць, апрача настаяцеля а. Уладзіміра Цыбулінскага, а. протаіерэй Валянцін Алясюк, а. Пётр Кірылюк ды дыяканы Славамір Астапчук і Марыян Раманчук. У прыходзе працуюць тры хоры: прыхадскі і маладзёжны вядзе Марыян Раманчук, а дзіцячы — матушка Іаанна Раманчук.

Асабліва ўрачыста ў Васкрэсенскім прыходзе адзначаюцца два святы. Галоўная ўрачыстасць, якую ўказвае назва прыхода, святкуецца тут у першую нядзелю пасля Вялікадня, у дзень Антыпасхі. Другое свята адзначаецца 1 кастрычніка ў гонар іконы Божай Маці Усецарыцы, Ратуючай людзей ад усялякіх хвароб; копія гэтай цудатворнай іконы прывезена са Святой Гары Афон.

* * *

Айцец Уладзімір Цыбулінскі стаўляе ўжо другую царкву; першую будаваў у Чыжах. Будова храма з’яўляецца вельмі складаным мерапрыемствам, патрабуе вялікіх затрат не толькі часу і сіл, але і вельмі часта здароўя. Стрэс з’яўляецца неадлучным спадарожнікам бадай кожнага будаўніка, але будаўнік храма знаходзіцца ў тых прывілеяваных абставінах, дзе молат уладыкі і накавальня вернікаў гартуюць у ім непахіснага паслушніка Божай справы. І гэтае высакароднае пасланніцтва патрабуе пастаяннай ахвяры, ад чаго хібае здароўе, адсутнічае сон. Айцец Уладзімір Цыбулінскі прайшоў выпрабаванне інфарктам, шмат часу даводзіцца яму праводзіць на малітвах у бальніцы. Трэба спадзявацца, што Усемагутны Бог спагадае яму, а Усецарыца Багародзіца гаючымі ласкамі падратуе ягонае прысвечанае высакароднай справе здароўе.