Ніва № 40 (2473), 5 кастрычніка 2003 г.

Люд на пустыні

Яўген МІРАНОВІЧ

У нядзелю пасля 6 гадзіны раніцай на хвалях Радыё Беласток можна пачуць перадачу „Magazyn Kresowy”. Гэта сантыментальнае падарожжа па слядах мінулай і сучаснай прысутнасці палякаў у Літве, Беларусі і Украіне. Праграма робіцца журналістамі з пачуццём місіі падтрымання пачуцця еднасці жыхароў зямлі, якая да вайны была часткай польскай дзяржавы з жыхарамі сучаснай краіны. Слухаючы грамадзян Беларусі і Літвы, мясцовых палякаў і каментарыяў рэдактараў, няраз можна адчуць як нацыя, якая мае за сабой дзяржаву змагаецца за свае інтарэсы. Змест перадачаў паказвае, што паміж палякамі з Кракава, Познані, Гродна, ці Ліды няма ніякіх разыходжанняў наконт нацыянальнай традыцыі, культуры, гістарычнай спадчыны. Міцкевіч, Сянкевіч, Матэйка, Пілсудскі і Дмоўскі — гэта супольныя ўсім палякам сімвалы. Нашы мясцовыя аўтарытэты гэтым часам разважаюць пра дзве беларускія нацыі, культуры, літаратуры — беластоцкую і савецкую нейкую.

У нядзелю 21 верасня карэспандэнт з Вільні расказаў пра пачатак новага навучальнага года ў адным мястэчку на Віленшчыне, дзе побач сябе існуюць літоўская і польска-расійская школы. У польска-расійскай, — расказваў мясцовы паляк, — усё выглядала вельмі сумна. У першы клас прыйшло толькі 17 дзетак. Раней бывала іх пад сотню. Палякі ў гэтым годзе, — заяўляў, — паслалі сваіх дзяцей у літоўскую школу, таму што там раздавалі дармовыя рукзакі, кніжкі, сшыткі і ўсё астатняе, што неабходнае школьніку. Раней, калі з Польшчы дасылалі такія ж сувеніры, дзеці траплялі ў польскую школу. Здавалася, распавядаў ён пра паводзіны добра мне вядомага люду. Тамтэйшы селянін, які да гэтага часу гаворыць на беларускай мове, калі трэба можа быць і літоўцам. Калі б у Беластоку за карыстанне беларускай мовай давалі працу, а дзеткам кніжкі, рукзакі, або ласункі — перапіс насельніцтва паказаў бы праўдападобна зусім іншы этнічны склад нашага горада. Калі б у Мінску, Гродне, ці Магілёве дырэктар школы, куратар або міністр асветы хаця б прывітаў 1 верасня дзяцей на беларускай мове... Можна так сабе марыць і марыць...

Хваляць сучасныя ўлады Беларусі беларускія палякі. Здзіўляюцца чаму так дрэнна паказваюць Лукашэнку і яго таварышаў у польскіх газетах і тэлебачанні. Кіраўнічка хору ў Іўі заявіла амаль пра залаты час для польскай культуры ў Беларусі, які настаў у апошніх гадах. Магчыма, мы, беларусы — грамадзяне Польшчы — таксама ўсхвалялі б эскімосаў, якія кіравалі б гэтай краінай і мелі аднолькавыя адносіны да польскай і беларускай культуры.

Іўеўскі ксёндз расказваў пра маланкавы рост моладзі, якая вывучае польскую мову, пра лагеры ў Польшчы тым, якія польскай мовай ніколі не валодалі. Калі вярталіся з Польшчы, проста рваліся вывучаць мову краіны, якая іх так ветліва прыняла. Знайшлі сваю польскасць, — заключыў святар. Што знайшлі б беларускія дзеткі з Беластока, калі б паслаць іх у Беларусь?

Ксёндз, з якім размаўляў журналіст з Польшчы, гэта чалавек з пачуццём свае адказнасці не толькі за справы рэлігійнага, але і нацыянальнага жыцця. Ён звычайна ведае, што нішто так не замацоўвае тоеснасці як нацыянальная рэлігія. Сярод святароў нашага Польскага аўтакефальнага праваслаўнага касцёла існуе перакананасць, што праваслаўе можа быць веравызнаннем палякаў. У Бога няма ні грэка, ні яўрэя, — тлумачаць айцы. Быў аднак выбраны народ. І каб ён мог быць выбраным, трэба было яму спачатку стаць народам — духоўнай і культурнай супольнасцю і ператрываць усе неспрыяльныя ды жахлівыя перыяды. Выбраны народ меў свайго Майсея і сотні іншых, імёны якіх усхваляюцца ў „Святым пісанні”. Вялі яны і вучылі ізраільскі люд. Выбраны народ меў перш за ўсё волю застацца сабою — выбраным народам.

Беларусам чорт пасылае ўсякіх панамарэнкаў і лукашэнкаў, для якіх народ, як культурная супольнасць — гэта найвышэйшае зло. Народ наш мае толькі адну волю — уцячы ад самога сябе, стаць палякамі, рускімі, абы кім, толькі не быць беларусамі. Сотні гадоў ужо блукае наш люд на пустыні, гнаўшыся за ўсякімі прывідамі, не шукае ані сваёй запаветнай зямлі, ані не чакае свайго майсея.