Ніва № 40 (2473), 5 кастрычніка 2003 г.

Радныя адклікалі, людзі выбралі

Міхал МІНЦЭВІЧ

15 верасня г.г. на ХІХ сесіі Гміннай рады ў Орлі склаў прысягу новавыбраны войт Міхал Іванчук. У сесіі прысутнічалі ўсе солтысы, жыхары гміны і СМІ. Канферэнцыйная зала не змясціла ўсіх ахвотных пабачыць гэтую падзею і многія тоўпіліся на калідоры.

60-гадовы Міхал Іванчук прыняў пасаду войта ў выніку нечарговых выбараў пасля заўчаснай смерці папярэдняга гаспадара гміны Яна Добаша; у другім туры перамог контркандыдата Пятра Сельвесюка, набраўшы 1 187 галасоў — на 97 больш за канкурэнта. Выбаршчыкі гаварылі мне, што галасавалі за Міхалам Іванчуком, бо добра помняць інвестыцыі, якія праводзіў ён, калі раней быў войтам.

Міхал Іванчук быў ужо арлянскім войтам у 1989-1999 гадах. У той перыяд была закончана пабудова школы і многасямейнага дома, пабудавана ачышчальня сцёкаў ды — найважнейшае — накрыта асфальтавым насцілам звыш 60 кіламетраў дарог і пракладзена за 70 кіламетраў водаправодаў; дзякуючы апошнім дасягненням Міхала Іванчука называюць у народзе „будаўніком дарог і водаправодаў”. 23 снежня 1999 года быў ён адкліканы тадышняй Гміннай радай з пасады па прычыне „браку супрацоўніцтва з Радай”. У той час бываў ён і няслаўным героем публічнай актыўнасці пад хмяльком.

— Даю зарок, — заявіў Міхал Іванчук, — што буду сумленна выконваць істотныя з грамадскага пункту гледжання задачы. Каб дабіцца найлепшых вынікаў спадзяюся адпаведнага супрацоўніцтва з цэлай Гміннай радай і я перакананы, што будзе яно складвацца нармальна. Мусім дбаць не пра ўласную выгаду — войта, Рады або чыноўнікаў — але пра тое, што патрэбнае грамадству.

Гмінная рада ў Орлі рашыла, што войт будзе атрымоўваць 5 680 злотаў брута ў месяц. Прыняла таксама „Стратэгію развіцця Арлянскай гміны да 2015 года”.