Ніва № 40 (2473), 5 кастрычніка 2003 г.

Свята горада

Ігар ГАНДЛЕЎСКІ

20-21 верасня ў Гродне з вялiкай помпай адзначаўся 875-гадовы юбiлей гэтага старажытнага i цi не самага прыгожага горада Беларусi.

Беларускае начальства даўно навучылася ладзiць масавыя пагулянкi, каб адцягваць насельнiцтва ад надзённых сацыяльна-палiтычных праблем. Заўважалася, што юбiлей Гродна быў выкарыстаны ўладамi з мэтай iдэалагiчнай апрацоўкi народу, якi час ад часу патрабуе хлеба i вiдовiшчаў. А ўжо гэтая частка праграмы святкавання была выканана напоўнiцу.

У цэнтры горада разгарнулiся дзесяткi гандлёвых кропак, дзе можна было набываць закусь i алкаголь на любы густ. На Плошчы Ленiна, у Парку iмя Жылiбэра i ў Лядовым палацы прайшлi канцэрты з удзелам лепшых калектываў мастацкай самадзейнасцi горада i зорак беларускай эстрады. У Гродна нават завiтаў Патрыяршы экзарх усяе Беларусi мiтрапалiт Фiларэт, якi выступiў на Плошчы Ленiна з адмысловай прамовай, а наступнага дня адслужыў лiтургію з нагоды Ражджаства Прачыстай Багародзiцы.

Паказушнае шоу атрымалася: тэатралiзаванае шэсце па вулiцах горада, скокi з парашутамi, адкрыццё памятнага знакa Давыду Гарадзенскаму ля Каложскай царквы, рэкламныя акцыi, канцэрты, конкурсы i гульнi, святочны феерверк... Аднак дух сапраўднай беларускасцi абсалютна не адчуваўся падчас святкавання юбiлею слаўнага беларускага горада. Назiраўся разгул прымiтыўнай расейшчыны, а гiстарычныя помнiкi еўрапейскага класа былi толькi дэкарацыяй арганiзаванай мясцовымi ўладамi масавай п’янкi-пагулянкi.