Ніва № 40 (2473), 5 кастрычніка 2003 г.

Зачараванасць і расчараванасць

Віталь ЛУБА

У другой палове верасня давялося мне на некалькі дзён з’ездзіць у Беларусь. Ужо падчас падарожжа з Гродна ў Слонім на прыватным мікрааўтобусе заўважаліся пазітыўныя змены. Напрыклад, дзяржаўнаму аўтатранспарту з’явілася канкурэнцыя ў выглядзе прыватных транспартных фірмаў. Возяць яны пасажыраў хутчэй і танней, прытым вадзіцель прапануе сваім кліентам відэафільмы і магчымасць пакарыстацца мабільнікам. Апошнім разам быў я ў Слоніме тры гады таму. За гэты час у райцэнтры многае таксама змянілася ў станоўчы бок. Горад папрыгажэў, рынак і наваколле адрамантаваныя, пракладзеныя новыя тратуары, магазіны аснашчаны сучасным абсталяваннем, поўныя тавараў, з ветлівай абслугай.

У захапленні ад нядаўняга падарожжа ў Мінск і Рэчыцу засталася мая знаёмая. Спадабаліся ёй новенькі вагон з культурнай правадніцай, чыстая сталіца і гасціннасць людзей. Тады нічога дзіўнага, што пад уражаннем ад Беларусі застаўся пасол Сейма Аляксандр Малахоўскі, які як член дэлегацыі Савета Еўропы пабываў у Мінску. Дэлегацыя Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы правярала як маюцца справы з правамі чалавека ў сувязі з хадайніцтвам Беларусі аб вяртанні ёй статусу адмыслова запрошанай пры Савеце Еўропы, якога яна была пазбаўлена пасля рэферэндуму 1996 г. Членам дэлегацыі наладжана была адмысловая паездка па сталіцы і наваколлі.

Ад зачараванасці прыходзіш да расчараванасці, калі ўсвядоміш сабе непавагу дзяржаўнага апарату да беларускай мовы, скарачэнне беларускага школьніцтва, наступ на незалежныя выданні і няўрадавыя арганізацыі, недэмакратычныя выбары, нявысветленыя знікненні апазіцыйных дзеячаў. У час пабыўкі дэлегацыі ПАСЕ суд закрываў незалежную газету „Местное время”, а падставай такому рашэнню паслужыў факт, што рэдакцыя не паведаміла ўлад аб змене адраса. Гэта ўжо дваццатая газета закрытая на працягу двух гадоў. Чыноўнікі ў адміністрацыйным парадку закрылі адзіны ў рэспубліцы Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа. Будынак школы стаіць пусты, ахоўваюць яго міліцыянты, а ліцэісты вымушаны вучыцца па розных памяшканнях. Нядаўна ў Гродне ліквідавана была грамадская арганізацыя „Ратуша”, цяпер гэтае ж пагражае праваабарончаму цэнтру „Вясна” ў Мінску. Такіх прыкладаў можна прывесці больш.

Захапляючыся парадкамі на вуліцы, варта прыгледзецца як выконваюцца канстытуцыйныя свабоды. Недастаткі ў гэтай сферы відаць простым вокам.