Ніва № 40 (2473), 5 кастрычніка 2003 г.

Улюбёны ў беларускі тэатр

Сяргей ЧЫГРЫН

Дзесьці ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, калі быў я яшчэ школьнікам, трапіла аднойчы мне ў рукі невялікая кніжачка, вокладка якой была напалову чырвонай, напалову белай. На вокладцы стаяла прозвішча — А. Лабовіч. Называлася кніжачка „Тэатр змагання”. Думалася, што яна будзе пра вайну, бо тады ваенная тэматыка была самай папулярнай і сярод дарослых чытачоў і гледачоў, і сярод падлеткаў і моладзі.

Прачытаўшы некалькі старонак кнігі, заўважыў, што яна зусім не пра вайну, а пра Заходнюю Беларусь, пра тыя мясціны, дзе нарадзіўся і жыў. А яшчэ, аўтар хораша апісваў дзейнасць заходнебеларускага аматарскага тэатра, гурткоў мастацкай самадзейнасці. Ды і назвы спектакляў былі нам усім, вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам вядомыя, бо ў вёсцы іх ставілі мясцовыя артысты, а таксама прывозілі прафесійныя акцёры са Слоніма, Гродна і Мінска. Гэта найперш пастаноўкі па п’есах „Збянтэжаны Саўка” Л. Родзевіча, „Модны шляхцюк” К. Каганца, „Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, „Прымакі” і „Паўлінка” Я. Купалы і іншыя. Арсень Лабовіч таксама пісаў і пра тэатральнае самадзейнае жыццё сваёй роднай Беласточчыны, дзе ён 28 верасня 1923 года нарадзіўся ў вёсцы Студзянкі каля Васількова. З яго кнігі можна даведацца цікавыя факты, напрыклад, што ў 1937 годзе ў Беластоку было арганізавана Таварыства працаўнікоў беларускага тэатра „Полымя”. Каля двух гадоў працаваў гэты творчы калектыў. А ў лютым 1938 года прадстаўнікі мясцовых улад уварваліся ў яго памяшканне і забралі ўсю дакументацыю — акты, архівы...

Аўтар „Тэатра змагання” апісвае і актыўную дзейнасць студэнтаў з мястэчка Гарадок. У 1933 годзе яны прачыталі болей 20 лекцый аб беларускім тэатры, літаратуры, гісторыі, геаграфіі. Кожная лекцыя суправаджалася дэкламацыямі ці спектаклем. „Так, у Гарадку 8 студзеня 1933 года студэнтка М. Мілючанка прачытала лекцыю „Беларускі тэатр і яго грамадскае значэнне”. Гэта мела не толькі пазнавальнае, але і выхаваўчае значэнне”, — піша даследчык.

У 1971 годзе Арсень Лабовіч выдае яшчэ адну сур’ёзную працу „П’есы А. М. Астроўскага на беларускай сцэне”. Аўтар яе сцвярджае, што творчасць рускага драматурга Астроўскага зрабіла значны ўплыў на развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі. Пачынаючы з XIX стагоддзя, п’есы Астроўскага былі вельмі папулярнымі ў нашых беларускіх тэатрах. Іх шырока ставілі мясцовыя і паказвалі гастрольныя тэатральныя калектывы. Так, напрыклад, у 1874 годзе ў Гродне былі пастаўлены ажно дзесяць яго п’ес...

Акрамя даследаванняў тэатральнага жыцця Заходняй Беларусі і творчасці Астроўскага на беларускай сцэне, Арсень Лабовіч шмат напісаў і апублікаваў матэрыялаў аб праблемах сцэнічнага ўвасаблення драматургіі Максіма Горкага ў тэатрах Беларусі, пра польска-беларускія тэатральныя ўзаемаадносіны і на розныя іншыя тэмы, звязаныя з нашым нацыянальным тэатральным мастацтвам. 28 верасня Арсеню Аляксандравічу Лабовічу споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння. Але яму ніколі столькі не дасі, ён заўсёды быў і застаецца маладым, апантана ўлюбёным у беларускі тэатр. Можа гэта любоў да ўсяго цудоўнага і зберагла яго, і беражэ надалей.

А шлях да тэатральнага мастацтва ў беластоцкага хлопца быў просты. У 1949 годзе ён скончыў Беларускі тэатральны інстытут, пасля заканчэння якога працаваў у культурна-асветных установах Гродна, Стоўбцаў, Навагрудка. З 1959 года — у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пасля працаваў загадчыкам рэдакцыі мастацтва і архітэктуры выдавецтва БелСЭ, быў загадчыкам кафедры рэжысуры і майстэрства акцёра Мінскага інстытута культуры.

З 1991 года да сённяшніх дзён Арсень Аляксандравіч працуе ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Дарэчы, музей гэты толькі ў мінулым 2002 годзе адкрыў сваю першую экспазіцыю, якая называецца „Вытокі тэатральнай і музычнай культуры на беларускіх землях”. Акрамя гэтай у музеі дзейнічаюць для наведвальнікаў яшчэ тры выстаўкі: „Вобразы памяці” (да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і мемарыяльныя экспазіцыі, прысвечаныя творчасці выдатных майстроў тэатральнай сцэны: Л. Александроўскай, С. Станюты, М. Яроменкі і яго сям’і.

Напярэдадні юбілею, я задаў некалькі пытанняў Арсеню Лабовічу.

Арсень Аляксандравіч, як гэта вы, беластоцкі юнак з глыбінкі, надумаліся стаць тэатральным крытыкам?

— Тэатразнаўцам я стаў найперш таму, што адчуў у сабе патрэбу выказаць думкі, пачуцці аб тэатры, да якога мяне прыцягвала патрэба душы, патрэба, так бы мовіць, натуры. А калі канкрэтна казаць, дык першыя крокі ў гэтым кірунку я зрабіў, калі быў студэнтам і па заданні выкладчыка гісторыі тэатра Уладзіміра Іванавіча Няфёда пісаў тэматычныя рэфераты. Затым, калі працаваў акцёрам у Гродзенскім тэатры, абласным Доме народнай творчасці, выкладчыкам Гродзенскага культасветвучылішча, пісаў розныя рэцэнзіі на спектаклі. Адначасова адчуў, што такім акцёрам, як разумеў з тэатразнаўчага пункту гледжання, я быць не змагу, таму і перакваліфікаваўся ў тэатразнаўцу.

Чым вы займаецеся цяпер?

— У сучасны момант асноўны мой занятак — гэта стварэнне навуковых канцэпцый, творчых распрацовак для раскрыцця дзейнасці майстроў беларускай сцэны і музычнага мастацтва ў экспазіцыях музея, дзе я працую, адлюстравання іх дзейнасці па радыё і тэлебачанні.

Што вы скажаце пра сучасны стан тэатральнага мастацтва Беларусі? Што вас радуе і турбуе?

— Пра стан беларускага сучаснага тэатральнага мастацтва гаварыць цяжка, даруйце за каламбур, таму што яно ў цяжкім стане. Традыцыйная, рэалістычная драматургія нібы адышла ў мінулае, а новая не з’явілася. Асобныя творы як бы з’яўляюцца, але яны другасныя, у іх не хапае арыгінальнасці і навізны, не кажучы ўжо пра нацыянальны каларыт і сутнасць. Галоўны напрамак разлічаны на эпатаж публікі, а не на пранікненне ў сэнс, псіхалогію сучаснага чалавека з яго турботамі, канфліктамі і роздумам.

Турбуе страта народных каранёў у мастацтве, не столькі ў літаральным сэнсе, колькі ў іх трансфармацыі на сучаснасць, на пераасэнсаванне мастацкіх каштоўнасцей. Радуе? З’яўленне і развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу сярод моладзі ў розных галінах грамадскага жыцця, прадчуванне надзеі.

Ці падтрымліваеце сувязі са сваёй маленькай радзімай — Беласточчынай?

— Родная вёска Студзянкі ніколі не забываецца. Я там, хоць і не так часта, але бываю. Там жывуць: мой пляменнік Аляксандр Лабовіч — сын брата Сяргея, Арсень Гаўрылюк — сын сястры Любы, а таксама яго родная сястра Ірына Шутко. У Беластоку ж жыве пляменніца Марыя, па мужу Харытон. А ў Варшаве пражывае яшчэ адзін пляменнік — Яўген Лабовіч (палкоўнік у адстаўцы, аўтаінжынер) і шмат іншых блізкіх і далёкіх сваякоў.

На развітанне Арсень Аляксандравіч Лабовіч, карыстаючыся нагодай, запрасіў усіх наведаць музей, дзе ён працуе.