Ніва № 39 (2472), 28 верасня 2003 г.

Нацыянальная разнароднасць „Ператоча”

Аляксей МАРОЗ

У час Мастацкіх інтэграцыйных сустрэч „Ператоча”, якія 13 і 14 верасня арганізаваў у Белавежы Фонд „Царкоўная музыка” з Гайнаўкі пры дапамозе Белавежскага асяродка культуры, прэзентавалася беларуская, польская, украінская, яўрэйская, нямецкая і ромская культура. Жыхары Белавежы і турысты мелі нагоду пазнаёміцца з песнямі, якія выконвалі калектывы з Падляшша і Любліна.

— „Ператоча” — гэта месца перад токам у гумне, на якім выконвалі цяжкую працу — малацьбу. Арганізаваліся на ім таксама вяселлі і вясковыя забавы. З’яўляецца яно сімвалам багацця нашай культуры і адкрытасці. Адкрытым на ўсіх з’яўляецца і наша мерапрыемства, — заявіў дырэктар Фонду „Царкоўная музыка” Мікола Бушко. — Гэта мая чарговая прапанова для Белавежы (ідэя белавежскага „Купалля” выйшла ад Канстанціна Майсені, Міхала Байко і мяне).

Мерапрыемства пачалося выступленнем пушчанскіх гейналістаў і Калектыву песні і танца „Малое Падляшша” з Сямятыч. Вучні паказалі польскія народныя танцы і песні. Калектыў „Маланка” з Бельска-Падляшскага прадставіў беларускія песні ды захапіў публіку прыгожым спевам. Члены капэлы „Дравутня” з Любліна праспявалі ўкраінскія і лэмкаўскія песні. Сабраным спадабалася ігра на мандаліне, флейце і скрыпцы. На другі дзень пасля гейналістаў спявалі жанчыны з Курашава. Пачалі яны сваё выступленне дажынкавымі песнямі, а кіраўнік калектыву Ніна Грыгарук сола выканала прыпеўкі. Маргарыта Карпюк з Гайнаўскага белліцэя выступіла з дзвюма песнямі на беларускай мове. З песняй „За туманам” перайшла яна ў фінал конкурсу ў папулярнай тэлеперадачы „Ідал”. Прыступіла яна да конкурсу ў ліку 9 тысяч аматараў і зараз будзе змагацца за перамогу разам з 34 адабранымі камісіяй асобамі. У нямецкіх народных касцюмах выступілі члены калектыву „Folk Brothers” з Беластока, якія прадставілі тырольска-баварскую музыку. Яўрэйскі фальклор прэзентавала „Cymes Kapela” з Беластока, а цыганскі — калектыў „Andro Verde”, таксама з Беластока.

— Паказваем культуру, якая развівалася на абшары Белавежскай пушчы і ў яе наваколлі. Жывуць у нас беларусы, палякі, украінцы, рускія. Трэба памятаць таксама пра яўрэяў, якіх многа жыло ў Белавежы, Нараўцы, Свіслачы, Пружанах ды немцаў, якія некалькі соцень гадоў былі ў нас найлепшымі леснікамі. Іх працу добра ацанілі польскія каралі і рускія цары. Многа немцаў жыло ў Бярнацкім Мосце. Засталіся ў нас яшчэ прозвішчы Мілер, Мерынг, Корх, Сац, Вапа. Паколькі развівалася ў нас перад усім беларуская культура, на плакатах змясцілі мы беларускі калектыў, які фатаграфаваўся ў нашым скансэне. Формула арганізавання мерапрыемства ў будучыні адкрытая, — заявіў дырэктар Фонду „Царкоўная музыка” Мікола Бушко.

Фонд „Царкоўная музыка” займаецца прапагандаваннем царкоўнай музыкі (ён жа арганізатар Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі) і свецкай культуры. Цэнтр прамоцыі рэгіёна, які дзейнічае пры Фондзе, займаецца свецкай культурай і быў адказны за арганізацыю мерапрыемства ў Белавежы, якое атрымала дафінансаванне Цэнтра грамадзянскай адукацыі „Польшча-Беларусь”.

— „Ператоча” — мерапрыемства, якое расслаўляе культуру Белавежы і наваколля. Будзем намагацца арганізаваць яго і ў наступным годзе, каб замацавалася яно як наша пастаяннае мерапрыемства, — сказала выконваючая абавязкі дырэктара Белавежскага асяродка культуры Аніта Гвай.