Ніва № 39 (2472), 28 верасня 2003 г.

На радзіме Уладзіслава Сыракомлі

Ганна КАНДРАЦЮК

— Запрашаем на святкаванне, прыязджайце ў госці! — чуем на развітанне. Ада Уладзіміраўна Рудзько, намеснік дырэктара па выхаваўчай працы, раней пазнаёміла нас са школай. Уражаныя тут беларускім духам не шкадуем пахвал і добрых слоў.

29 верасня г.г. у Смольгаве ўрачыста адзначаць 180 гадавіну з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі. Прыедуць даследчыкі і літаратары з Мінска (ды не толькі), будуць даклады і чытанні, знаёмства з месцамі паэта і наваколлем. З гэтай нагоды ў школе адкрыюць новы музей і камень з табліцай у гонар патрона і слаўнага ўраджэнца.

* * *

У Смольгаў трапілі мы ў палове жніўня, у апошні дзень вандроўкі па Палессі. Мясціна распаложана непадалёк Любані на Случчыне. Тутэйшы краявід пазначаны чырвона-шэрымі горамі солі і курадымячымі камінамі шахтаў.

У Смольгаве, які знаходзіцца два кіламетры ад галоўнай шашы, панавала ранішняя дрымата. Недзе ў палове вёскі, ля крамы, сустракаем кабет.

— А дзе тут двор стаяў? — паясняем, што ідзе нам пра паэта Сыракомлю.

— А... гэта недалёка. Вось, запытайце ў тых, што забор ставяць.

— Мы нетутэйшыя! — зразу адказваюць тыя, але калі называем імя „літоўскага лірніка”, дачнікі ведаюць, у чым справа.

На месцы жыве старажыл Мікола Абмётка. Дзеду за дзевяноста, памятае маёнтак і ўласнікаў. Ёсць толькі праблема, ён глухаваты. У ролю пасрэдніка ўключаецца дзедава дачка, яна яшчэ раз паўтарае нашы пытанні.

— Да вайны (першай) быў у нас пан Мажэйка, — успамінае стары, — пасля маёнтак перайшоў на сына-п’яніцу і ўсё прапала. Апошняе даканала вайна, згарэлі будынкі, а зямля пад калгас пайшла.

Мікола Абмётка паказвае частку вуліцы і агароды, дзе і зараз знаходзяць адломкі керамікі. На дарогу гаспадары частуюць яблыкамі з садка, што вырас на месцы былога фальварка.

* * *

Можна здагадацца, як выглядаў першы дом паэта — сустрэнем яго на малюнках Напалеона Орды. Невялічкі драўляны дом стаіць пад саламянай страхой. Аздабляе яго ганак, абапёрты на чатыры драўляныя калоны. Побач два гаспадарчыя будынкі, далей невялікі домік для чэлядзі. Пасярод двара ўзвышалася вялізная таполя, а пад ёй стаяла альтанка.

У двары была багатая бібліятэка. Аляксандр Кандратовіч, бацька паэта, цікавіўся сусветнай гісторыяй, гадзінамі мог апавядаць пра Цэзара, Сакрата, Платона, Гамэра. Як рамантык і дэмакрат, з увагай ставіўся да вясковага люду. Часта пабываў на яго святах, захапляўся песнямі і легендамі. Больш вынаходлівай і прадпрымальнай была Вікторыя са Златкоўскіх, маці паэта; яна часцей за мужа кіравала гаспадаркай.

Са Смольгавам звязаныя найлепшыя ўспаміны ў жыцці Вікторыі і Аляксандра. У год, калі нарадзіўся Людвік, зямля падарыла ім небывалы ўраджай. Яны, збяднелыя арандатары, урэшце маглі заплаціць частку даўгоў, якія цягнуліся за сям’ёй. Праўда, народзіны сына маці ледзь не прыплаціла смерцю, пасля родаў расхварэлася і праляжала некалькі месяцаў.

* * *

Сёння субота і канікулы. Каб дабрацца ў сярэдзіну школы, трэба найперш адшукаць дырэктара. Дапамагае нам ветлівы настаўнік хіміі. Калі здзіўляемся яго цудоўнай беларушчыне, адказвае:

— У нас усе прадметы вядуцца па-беларуску.

У Смольгаве Сярэдняя школа, у ёй 118 вучняў, якіх навучае 18 настаўнікаў. Будынак з белай цэглы пабудаваны ў пачатку 90-х гадоў, над уваходам красуецца лозунг: „Калі ласка, заходзьце!”, а на пляцоўцы перад школай мора кветак.

Праз некалькі хвілін сустракае нас Ада Рудзько. Пані дырэктар папярэджвае, што ў іх рамонт, школа рыхтуецца да святкавання гадавіны. У школе адкрыюць новы музей Уладзіслава Сыракомлі. Пакуль што, можам паглядзець падрыхтаваныя стэнды.

— Іх аўтарка — Надзея Скрыпнік, — адзначае дырэктарка, — настаўніца беларускай мовы.

Стэнды ўражваюць густоўнасцю і прафесійным выкананнем. Надзея Скрыпнік супрацоўнічала з сыракомлезнаўцам Уладзімірам Мархелем, ездзіла па матэрыялы ў Мінск.

Пытаем пра гісторыю патрона школы. Аказваецца, імя Уладзіслава Сыракомлі прысвоілі дзесяць гадоў назад. У краязнаўча-гістарычным музеі, які знаходзіцца ў гэтай самай школе, пабачым дакумент падпісаны Вячаславам Кебічам. Пра слаўнага ўраджэнца памяталі ў Смольгаве і раней. У яго гонар быў тут пакойчык са сціплымі памяткамі.

* * *

Смольгаў не захаваўся ў памяці паэта. Калі Людвіку пайшоў трэці год, бацькі пераехалі ў Яськавічы, чарговы фальварак у палескай глушы. Аднак пра першае месца паэт захаваў найлепшыя ўяўленні. На гэта паўплывала настальгія бацькоў, якія са Смольгавам спалучалі самыя шчаслівыя гады жыцця.

Нараджэнне будучага „лірніка вясковага” таксама ахінутае цудоўнымі легендамі. Кволыя бацькі доўга не мелі дзяцей. Сынка мела падарыць ім Дзева Марыя, якая пачула малітвы і прагныя просьбы Вікторыі. Гэта было на свята Нараджэння Хрыстова ў Фарным касцёле ў Нясвіжы напрыканцы 1822 года. Праз дзевяць месяцаў нарадзіўся Людвік.

Знаёмства з настаўнікамі і школай ў Смольгаве таксама паказалася самым светлым вобразам беларускай правінцыі. Дбайны і цікавы пераказ памяці, ад якога нараджаецца пачуццё нацыянальнага гонару, маладому пакаленню — найбольш сэнсоўны.