Ніва № 39 (2472), 28 верасня 2003 г.

Шведы ў гісторыі беларусаў

Яўген МІРАНОВІЧ

Нядаўна выйшла ў Беларусі кніжка Андрэя Катлярчука Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў*. Асаблівасцю выдання тое, што аўтар выкарыстаў у ім зусім невядомыя нашым гісторыкам скандынаўскія крыніцы і літаратуру. Атрымалася, як здаецца, больш верагодная за існуючую рэканструкцыя падзеяў, асабліва тых, якія датычаць ранняга сярэднявечча. Менавіта гэты перыяд у кнізе А. Катлярчука прыцягвае асаблівую ўвагу.

Аўтар не пакідае ніякага сумнення, што Кіеўская Русь і Полацкая дзяржава былі створаны вікінгамі. У скандынаўскіх крыніцах Полацк выступае як Polateskia. Галоўнай крыніцай ведаў пра шведскую прысутнасць на беларускай зямлі былі сагі, аповесці пра вікінгаў, іх конунгах (князях) і ваенных паходах. У сагах выступаюць амаль усе тыя ж героі, што і ў кіеўскай Аповесці мінулых гадоў, толькі іх імёны гучаць зусім інакш, чым у стараславянскім летапісе. Полацкі Брачыслаў у Сазе пра Эймунда выступае як Вартылаў, Яраслаў Мудры — Ярызлейфр, Рагнеда — Рагніглд, Рурык — Рорык.

Скандынаўскі перыяд у гісторыі Беларусі пачаўся ў 862 г. разам з прыходам шведскіх плямёнаў русаў, якімі камандаваў конунг Рурык (Rorik). Сталіцай свае імперыі, якую называлі Вялікай Швецыяй, зрабіў Ноўгарад (Holmgard). Уладанне над Полацкам перадаў ён аднаму са сваіх князёў. Наступная інфармацыя ў шведскіх крыніцах пра Полацк з’явілася ў 980 годзе, калі ў гэтым горадзе княжыў Rangvald, вядомы ў беларускай гістарыяграфіі як Рагвалод. „Вікінг Рангвальд стварыў першую гістарычную дзяржаву ў Беларусі, заклаў пачатак дынастыі полацкіх князёў”, — піша А. Катлярчук. Полацкае княства хутка пашырала свае межы коштам ліваў і латгалаў — продкаў сучасных латышоў. Полацк стаў канкурэнтам для Ноўгарада, дзе валодаў конунг Valdemar, вядомы ў нашай гістарыяграфіі як Уладзімір, які ахрысціў Русь. Дарога Дзвіной праз Полацк на Чорнае (Варажскае) мора была карацейшай, чым тая праз Ноўгарад. Той, хто трымаў уладу на гэтай тэрыторыі, кантраляваў гандаль паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Дарога з поўначы вяла праз Konugard (Кіеў), які быў другім горадам у дзяржаве Valdemara-Уладзіміра.

А. Катлярчук на аснове шведскіх крыніц даказвае, што татальная вайна паміж Ноўгарадам і Полацкам была вынікам вялікіх уплываў шведскіх купецкіх карпарацый, якія перадалі грошы Уладзіміру на арганізацыю войска супраць Полацка. Конунг рыхтаваўся да вайны тры гады (977-980) і, сабраўшы ў Скандынавіі вялікае войска, пачаў вайну з Рагвалодам. У яе выніку была знішчана полацкая дынастыя, а князева дачка Рагнеда — згвалтавана пераможцам. Нарадзіла яна Уладзіміру сыноў, якія пасля валодалі ў Кіеве і Полацку, а іх нашчадкі яшчэ сто гадоў вялі паміж сабой вайну за кантроль балтыйска-чарнаморскага гандлёвага шляху. Полацкая дзяржава пражыла свой залаты перыяд, калі князем стаў там праўнук Рагвалода, Усяслаў Чарадзей. Полацк кантраляваў тады вялікую частку балтыйскага гандлю, а спробы Кіева, дзе валодалі нашчадкі Уладзіміра, падпарадкаваць Усяслава закончыліся паражэннем.

Цікава прадстаўляе А. Катлярчук хрышчэнне Русі. Бачыць ён гэтую падзею як частку працэсу хрышчэння скандынаўскіх уладанняў у Еўропе. У 912 г. адбылося хрышчэнне Нармандыі, у 943 г. — шведскага княства Ервік, што ў Ангельшчыне, у 965 г. пачалося хрышчэнне Даніі, у 995 г. — Нарвегіі, у 1008 г. — Готланда, а у 1050 г. — Швецыі. Вікінг Вальдэмар прымаў хрэст як адзін са скандынаўскіх уладальнікаў у Еўропе.

У Полацку хрысціянства з’явілася за справай скандынаўскага місіянера Торвальда, які і закончыў там свой жыццёвы шлях. Аднак дзяржаўнай рэлігіяй учыніла яго Рагнеда, якая заснавала ў Заслаўі першы на беларускай зямлі манастыр.

А. Катлярчук у сваёй кніжцы прадстаўляе тысячагадовую гісторыю беларуска-шведскіх адносін, не толькі палітычнага, але таксама культурнага і гаспадарчага характару. Скандынаўскія крыніцы далі яму магчымасць прыблізіць мінулае з другога пункту гледжання. Такія распрацоўкі надта патрэбныя беларускай гістарыяграфіі.

* Андрэй Котлярчук, Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў, Менск 2002, выд. Энцыклапедыкс, сс. 272.