Ніва № 39 (2472), 28 верасня 2003 г.

Святкаванне паміж

Хоць сярод некаторых гісторыкаў святкаванне 490-годдзя ўзнікнення Падляшскага ваяводства выклікае сумненні, то праводзіліся яны ў сталіцы рэгіёна з вялікай пампезнасцю і пад лозунгам „Krzepmy sie!”. Першае святкаванне дня нараджэння ваяводства, сарганізаванае маршалкоўскай і ваяводскай управамі ды Канфедэрацыяй дваровай шляхты мела быць у прынцыпе „прамацыйна-культурна-адукацыйным мерапрыемствам, накіраваным да жыхароў нашага шматкультурнага ваяводства і першым крокам да падрыхтоўкі 500-годдзя”. Так прынамсі ў адзін голас паведамлялі прэс-інфарматаркі ваяводы і маршалка.

Да даты 29 верасня 1513 г. дакапаўся ў архівах гісторык Уладзімір Ярмолік і разам са сваім калегам па прафесіі Ежы Урвановічам яе распаўсюдзілі. У той якраз дзень русін Іван Сапега стаў падляшскім ваяводам. Аднак, як прызнаюцца ледзь не аднагалосна гісторыкі, тагачаснае Падляшша не мела нічога супольнага — перш за ўсё тэрытарыяльна — з сённяшнім. Да таго ў межах Польскай Кароны ў цэласці тэрыторыя ваяводства ўфармавалася толькі ў 1569 г. на Люблінскім сойме. Незалежна ад тых сумневаў цяперашнія адміністрацыйныя і самаўрадавыя ўлады ваяводства (здамінаваныя кіруючым таксама і краінай Саюзам левых дэмакратаў) рашылі святкаваць, каб — як гэта патлумачылі іх прадстаўнікі — „інтэграваць улады з людзьмі мастацтва і падляшскай грамадскасцю”.

Niepospolite Artystow Poruszenie

Першы дзень святкавання праходзіў пад знакам духоўных уцех, ды не толькі. Шматлюдна сабраны пад ратушай натоўп мог пасля поўдня паслухаць музыку пад лозунгам „Закусі музычныя, інакш мастацкае асарці” ды „Музычны цымэсік”. Ігранне, хоць і адпавядала ўрачыстасці, аднак, натоўпу не прывяло да ўздыму. У час аднаго з выступленняў намнога больш цікавасці выклікаў праезд па вуліцы пажарных машын на сігнале. Больш прыцягваў парад беластоцкіх тэатраў, якія ўехалі пад ратушу на аўтаперавозчыках-лафетах, у старадаўніх строях і з агромнымі лялькамі. Гэта было „Niepospоlite Artystow Poruszenie”. Тры лафеты, кожны ў сваю чаргу, уяўлялі сталы: бяседны, ваенны, пакаяльны. Акцёры вялі дыялог адпаведнымі для кожнага лафета тэкстамі, у галоўным Кітовіча. Быў яшчэ адзін стол пад самым муром ратушы (у значнай меры бяседны), за якім тосты падымалі мясцовыя мастакі са сваімі сябрамі. Тут „непаспаліты зрух мастакоў” ішоў сваім шляхам. Парад завяршылі гарматні залп, уезд вялізнага драўлянага Пегаса, які выплёўваў феерверкі, тост валадароў ваяводства ў сармацкіх строях і пачастунак (гарачая капуста ды хлеб са шмальцам), які скаштавалі нешматлікія, бо хапіла яго толькі па прынцыпе „хто першы, той лепшы”.

— Віват за ўсе падляшскія сем’і, за красу і ўражлівасць падляшскіх жанчын, за розум ды спеласць падляшскіх мужчын, — падымаў тост цяперашні ваявода Марэк Стшалінскі.

У час імпрэзы да журналіста „Нівы” падышоў суарганізатар мерапрыемства Ежы Квачынскі з Канфедэрацыі дваровай шляхты — пахваліўся, што яго згуртаванне падмацавала двух беластачан, у якіх ёсць пацвярджэнне іхных баярскіх каранёў з Беларусі.

Выстава Адама Сяменчыка

Вялікія жарсці сярод тлумна сабраных гасцей у галерэі Драмтэатра запанавалі ўвечары, у час адкрыцця выставы „Паміж” 26-гадовага Адама Сяменчыка з Гарадка (зараз жыве ў Варшаве). У рамках свята прыдалі яму назву „Тэатральна-мастацкі кактэйль”. Вернісаж 12 палотнаў, папраўдзе мультымедыйны паказ, меў сваю прэм’еру ў Ам’ен у Францыі. Слайды, музыка, аўтарскія тэксты ў выкананні трох акцёраў (рэжысура і адна з роляў Марка Тышкевіча), а таксама развешаныя побач карцін, урэшце самі карціны, якія ўспыхвалі экспрэсіяй яркіх колераў. Як сцвярджае мастак, усё гэта мела „паказваць міжчалавечую прастору”, тую, пра якую абвяшчаў загаловак выставы — „паміж”. Акцёры, у сваю чаргу, у больш за паўгадзінным тэатральным мерапрыемстве, як сказаў рэжысёр М. Тышкевіч — „даставалі на паверхню тое, што скрываецца паміж радкамі” тэксту, раскідаліся цэлай палітрай эмоцый і пачуццяў, якія нараджаюцца паміж двума чалавекамі, жанчынай (Івона Шчэнсная) і мужчынам (Мацей Стэмпня). Прычым гледачы маглі ўбачыць феерыю колераў і абстрактных формаў толькі пасля паказу — раней былі яны завешаныя.

Пасля вернісажу сабраныя гулялі пад Драмтэатрам пад акампанемент гурту „Скальды”.

Конкурс на гімн

На другі дзень святкавання ў палацы Браніцкіх гісторыкі дыскутавалі аб гісторыі ваяводства.

— Шмат хто можа здзіўляцца, што жыве на Падляшшы. З гістарычнага пункту гледжання, фактычная сталіца павінна быць, хутчэй, у Седльцах, чым у Беластоку, — сказаў прафесар Адам Дабронскі.

Пры нагодзе падляшскі маршалак аб’явіў конкурс на гімн ваяводства, які мае спасылацца на ягонае былое ды сучаснасць. Да тэксту можа прыкладацца музыка, але неабавязкова. Гімн будзе выконвацца пры нагодзе чарговых юбілеяў. Дакладныя правілы конкурсу будуць аб’яўлены пазней. Ужо, аднак, вядома, што кожны аўтар і ягоная прапанова будуць прадстаўлены на інтэрнэт-старонках Падляшскай маршалкоўскай управы.

(холм)