Ніва № 39 (2472), 28 верасня 2003 г.

Развітанне з Юравецкай?

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

— Што гэта будзе, не ведаю. Мабыць, не прыеду, а прынамсі не буду прыязджаць так часта, як раней. Шматразовая віза за 50 еўра гэта для мяне маёнтак! Ну, а будуць пры выдаванні віз яшчэ іншыя абвастрэнні, — кажа Эдзік, які гандлюе на базары па беластоцкай вул. Юравецкай.

Дваццаціпаругадовага Эдзіка можна было сустрэць больш-менш ад года ля стаянкі таксі за мастком праз рэчку Белую, па-за межамі стадыёна Ягелоніі. Гандляваў чым удалося, галоўным чынам цыгарэтамі і алкаголем. Кантрабанду перавозіў толькі сабе вядомымі спосабамі, як і ўся група з больш за дзесяці асоб беларусаў, якую пастаянна бачылася ў гэтым месцы. Большасць з іх, як і Эдзік, родам з Гродна або яго ваколіцы. Іншыя гандлявалі ўсякай драбязой — ад згушчанага малака па адзенне. Так было і на базары „Мадро” каля чыгуначнага вакзала, і на вялікім базары па вуліцы Кавалерыйскай. Фарбаваная бландзінка за сорак, Света, заўсёды элегантна апранутая, прадавала на Юравецкай усё, „што сходзіла”.

— Я прыязджала ў Беласток прынцыпова тры разы ў месяц, найчасцей на пяць дзён. Выязджала ў пятніцу па тавар, вярталася ў панядзелак зранку. Было выгадна, наймала пакой у палякаў за 200 злотых у месяц. Было выгадна нават тады, калі адзін з гаспадароў падкрадаў у мяне цыгарэты, якія я прывозіла прадаваць. Цяпер я задумваюся, ці ўвогуле прыязджаць.

З 1 кастрычніка перасякаць польска-беларускую мяжу трэба будзе з візай — шматразовай (на год) за 50 еўра альбо аднаразовай за 10 еўра (амаль столькі ж, што і ўспамога беспрацоўнаму). Шматразовая віза гэта больш-менш палова сярэдняй зарплаты ў Беларусі, пры значна большай пакупной здольнасці долара. Света прызнаецца, што за адзін прыезд на Юравецкую ўдавалася ёй зарабіць 400-500 злотых, значыць, каля 100-125 долараў.

— Агулам, трэба каб вярнуўся мне куплены тавар, падарожжа, расходы на кватэру, расходы ў Беластоку (напрыклад, праезды аўтобусамі). Не ўспомню аб тым, што на мяжы таксама даводзіцца часамі камусьці нешта „даць”. Ну, а я ж прыязджаю зарабіць на жыццё, — расказвае Света. — Гэта, праўду вам скажу, адзіная мая крыніца ўтрымання. Жыву з маці з яе пенсіі. А так проста — не ўдаецца выжыць.

У сувязі з увядзеннем новых візавых правіл, беларусы на Юравецкай баяцца і іншых абвастрэнняў.

— Пэўна, завядуць у консульствах картатэкі і будуць правяраць, чым мы тут займаемся, калі прыязджаем так часта. Будуць пытацца, з якой мэтай прыязджаем, патрабаваць пацвярджэння, што ёсць у нас грошы на ўтрыманне ў час пабыўкі. А як жа ж мне даказаць, што я так часта прыязджаю сюды на адпачынак, ці па іншай, так сказаць, турыстычнай, прычыне, ды яшчэ ёсць у мяне на гэта грошы, — задумоўваецца Эдзік.

Эдмунд Бурэль, якога выпадкова я сустрэў на базары па Юравецкай, да нядаўна прэс-інфарматар клуба „Ягелонія”, лічыць, што абмежаванне прыездаў беларусаў адмоўна адаб’ецца на становішчы клуба, каманда якога цяпер лідэрам у спаборніцтвах другой футбольнай лігі Польшчы.

— Значную частку прыбытку клуб меў з аплат за гандлёвыя месцы на тэрыторыі стадыёна. Большасць гандлюючых тут да гэтага часу — беларусы.

— На Юравецкай заўсёды можна было ў беларусаў штосьці купіць, хоць бы таннейшую вопратку. Для мяне гэта была ідэальная сітуацыя. На пакупкі ў крамах у мяне грошай няма, — непакоіцца пажылая беластачанка, якую я сустрэў ля аднае крамкі на Юравецкай.

Аднаго вераснёвага поўдня ля Юравецкай паліцыйны патруль патрабаваў прад’явіць дакументы ў дзвюх беларусак, якія сядзелі на лавачцы ля базарнай стаянкі таксі. Раней пачулася:

— Uwaga, ida!

У жанчын тавару не было. Аднак, іх даныя былі спісаны. Пасля адна з іх расказвала:

— Гэта яшчэ нічога. Спісалі, дык спісалі. Цяпер, вось, пачнуцца клопаты, пасля ўвядзення віз! Мы павысім цэны, вам таксама не будзе выгады. Нам нічога не ўдасца прадаць. Ну, дык чаго тады прыязджаць.

Прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, якія 26 жніўня ў Мінску падпісалі дамову аб узаемным памежным руху, адзначылі:

— Польска-беларуская мяжа павінна застацца добрасуседскай, прыязнай мяжой партнёрскага супрацоўніцтва.

На інтэрнэт-старонках польскага МЗС можна прачытаць выказванні наконт увядзення віз:

— Ужо не памятаем, як мы ездзілі на саксы ў Нямеччыну. Там рабілі сваё сённяшнія бізнесоўцы.

Паводле ацэнак ведамства замежных спраў у Варшаве, у консульствах у Беларусі (Мінск, Брэст, Гродна) будзе выдавацца каля 280 тысяч віз у год. На працягу трох першых дзён верасня выдадзеных было роўна 497. Бясплатныя візы атрымаюць асобы, якія наведваюць магілы блізкіх, а з 50-працэнтнай скідкай тыя, хто наведвае сваякоў (бацьку, маці, мужа, дзіця, дзядоў...). У гэтым апошнім выпадку трэба ў консульстве скласці адпаведнае пасведчанне, выдадзенае пашпартным сталом. Прытым, у абодвух выпадках можна гэтак зрабіць толькі два разы ў год.