Ніва № 37 (2470), 14 верасня 2003 г.

Умовы правядзення Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурна-мастацкі твор

Заснавальнікамі Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурна-мастацкі твор з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і выдавецтва „Мастацкая літаратура”.

Конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення новых таленавітых аўтараў, павышэння прэстыжу беларускай мастацкай літаратуры, а таксама канкурэнтаздольнасці твораў беларускай літаратуры на міжнародным кніжным рынку.

У конкурсе могуць прыняць удзел аўтары, якія пішуць на беларускай ці рускай мовах.

Конкурс на лепшы літаратурна-мастацкі твор (проза, паэзія, драматургія) праводзіцца па двух намінацыях: літаратура для дарослых і дзіцячая літаратура.

Для ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца неапублікаваныя творы, якія раней у выдавецтвах „Мастацкая літаратура” і „Юнацтва” не разглядаліся. Кожны аўтар можа даслаць толькі адзін рукапіс.

Конкурс з’яўляецца закрытым. Рукапісы (2 экземпляры дасылаюцца бандэроллю на адрас: 220600, г. Мінск, праспект Машэрава 11, выдавецтва „Мастацкая літаратура” з пазнакай „На конкурс”. На кожным экземпляры рукапісу павінен быць змешчаны аўтарскі дэвіз. У бандэроль неабходна ўкласці заклеены канверт са звесткамі пра аўтара (прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, пашпартныя звесткі), на канверце павінен быць указаны толькі аўтарскі дэвіз.

Рукапісы, якія дасылаюцца на конкурс, павінны быць аформлены ў прыдатным да разгляду выглядзе. Друкаваць творы неабходна на паперы стандартнага фармату, на старонцы павінна быць 30 радкоў, даўжыня радка 57-58 знакаў, уключаючы прабелы (проза, драматургія). У гэтым выпадку адзін аўтарскі аркуш роўны 23 старонкам машынапіснага тэксту (40 тыс. знакаў). На старонцы паэтычнага рукапісу павінна быць таксама не больш за 30 радкоў. Адзін аўтарскі аркуш паэзіі складае 700 радкоў. Усе старонкі рукапісу неабходна пранумараваць. Для тэкстаў, раздрукаваных з камп’ютэрнага набору, захоўваюцца аналагічныя патрабаванні.

Памер конкурсных празаічных твораў не павінен перавышаць 12, драматычных — 8, паэтычных — 5 аркушаў.

Рукапісы для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца на працягу года, пачынаючы з дня апублікавання дадзеных умоў. Падвядзенне вынікаў завершыцца да 1 кастрычніка 2004 года.

Для падвядзення вынікаў конкурсу створана журы з прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў выдавецтва „Мастацкая літаратура”, вядомых літаратараў, якое будзе знаёміцца з прапанаванымі творамі і ацэньваць іх. На заключным пасяджэнні тайным галасаваннем журы вызначыць пераможцаў конкурсу.

У кожнай з дзвюх намінацый прадугледжваецца па 3 пераможцы (1-е, 2-е, 3-е месцы). Пераможцы атрымаюць Дыпломы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а іх творы будуць выпушчаны ў свет выдавецтвам „Мастацкая літаратура”.

Заснавальнікамі конкурсу прадугледжана шырокая рэкламна-інфармацыйная падтрымка твораў-пераможцаў, а таксама актыўнае „прасоўванне” іх на расійскі кніжны рынак, у тым ліку шляхам выпуску ў свет беларускамоўных твораў у перакладзе на рускую мову.