Ніва № 37 (2470), 14 верасня 2003 г.

Будзе новы сенатар

Яўген МІРАНОВІЧ

Толькі якім коштам? Такое пытанне ставіць сабе кожны чалавек, які плаціць усё большыя падаткі і не ведае куды дзяваюцца яго грошы. Два месяцы таму беластоцкі сенатар Адам Ямруз быў абраны членам Вярхоўнага суда і згодна з законам пакінуў Сенат. У такім выпадку закон прадугледжвае выбар новага дэпутата вярхоўнай палаты польскага парламента. Кошт такой палітычнай акцыі складзе больш за 2 мільёны злотых. Каб вылучыць аднаго сенатара, трэба ў Падляшскім ваяводстве узнавіць усе камісіі — як падчас звычайных выбараў, правесці выбарчую кампанію, арганізаваць выбарчыя ўчасткі.

Мясцовыя палітычныя кланы масава рушылі змагацца за крэсла свайму чалавеку. Вядома, выбарчая кампанія вядзецца за кошт дзяржаўнага бюджэту, а перамога — гэта ручаёк грошай у партыйную касу. Каталіцкія групоўкі пачалі выбарчую кампанію ў Гарадской радзе ў Беластоку, забараняючы будаваць царкву ў адным з кварталаў горада. Разлічваюць яны, што такім чынам мабілізуюць касцельны электарат, сваю „чорную сотню”. У адказ з праваслаўнага епархіяльнага цэнтра выйшаў адназначны сігнал пра поўную падтрымку Царквы Саюзу левых дэмакратаў. Быццам нічога новага не адбылося, але ў чарговы раз на Беласточчыне замацаваўся палітычны падзел грамадства на левых-праваслаўных і правых-католікаў.

Пры нагодзе праваслаўныя радныя пачалі выказвацца пра праследаванне нацыянальных меншасцей. У ваяводстве, у якім пражывае каля 200 тысяч праваслаўных, толькі 50 тысяч беларусаў, астатнія назвалі сябе палякамі. У горадзе Беластоку беларуская меншасць не мае сваіх прадстаўнікоў у гарадской радзе, хаця можа нехта з радных і адчувае сябе беларусам, але выбаршчыкі галасавалі на яго як на эсэлдоўскага і праваслаўнага паляка. Беларускі камітэт не набраў адпаведнай колькасці галасоў, таму што сярод праваслаўных беларусы складаюць цяпер меншасць.

Усё паказвае, што падчас выбараў галоўнымі акцёрамі ў гэтым спектаклі будуць дзеячы Саюза левых дэмакратаў, Права і справядлівасці ды Лігі польскіх сем’яў. СЛД прыкідваецца сябрам усіх меншасцей, прымае ў свае рады ахрышчаных у царкве таварышаў, але на гэтым сяброўства канчаецца. Ліга сама сабой уяўляе антыбеларускую групоўку, а яе мясцовыя лідэры афіцыйна выказваюцца, што беларуская нацыя тут не існуе. Часам дэманструюць як бы адмарожаны з канца трыццатых гадоў шавінізм. Права і справядлівасць, маючы ў сваіх радах такіх дзеячаў, якія адкрыта ўсхваляюць пасляваенную дзейнасць „Бурага” на Беласточчыне, таксама сябрам беларусаў не стане. Ёсць яшчэ нейкія іншыя камітэты, але маргінальнага значэння.

Атрымліваецца, калі няма беларускага камітэта, няварта ў выбарчую нядзелю выходзіць з хаты. Усе кандыдаты абяцаюць выбаршчыкам змаганне за іх шчаслівую будучыню і ўсе пасля выбару аднолькава змагаюцца за будучыню сваю і сваіх кланаў. З-за адсутнасці грошай на прапаганду і арганізацыю выбараў, нават калі б узнік беларускі выбарчы камітэт, яго кандыдат прапаў бы ў прапагандысцкім шуме. Вялікія партыі ангажуюць штабы людзей і мільёны злотых, купляюць журналістаў, сацыёлагаў, палітолагаў, акцёраў. Добра арганізаваная выбарчая прапаганда дае часам сенатарскае або пасольскае крэсла звычайнаму пастуху, і калі толькі падымае ён руку ў адпаведны момант ды не ездзіць захутка аўтамабілем у нецвярозым відзе, можа прасядзець у парламенце доўгія гады.

У дэмакратычнай сістэме якасць улады найчасцей бывае адлюстраваннем узроўню палітычнай культуры грамадства. Палітычныя эліты могуць быць толькі такімі, якімі люд іх уяўляе. Нічога лепшага ў палітычнай арганізацыі грамадства ніхто яшчэ не прыдумаў. Па волі люду сярод палітыкаў апынаюцца мафіёзі, зладзеі, ашуканцы. Яны прадстаўляюць таксама інтарэсы свайго асяроддзя. Аднак іх колькасць у парламенце адлюстроўвае таксама маральны стан грамадства. Пачуццё бязвыхаднасці і безнадзейнасці прымушае сотні тысяч людзей галасаваць на тых, якія адкідаюць сэнс усіх пераўтварэнняў пасля 1989 г. і абяцаюць знішчыць сістэму, якая прывяла іх у прыніжаючае становішча. Люд спадзяецца на цуды. У ХХ стагоддзі гэткае спадзяванне прывяло да ўлады Леніна, Мусаліні, Гітлера. Польшчы ў даны момант таталітарызм не пагражае, але эканамічны крызіс і крымінальныя скандалы з удзелам высокіх палітыкаў набліжаюць умовы для адабрэння грамадствам нейкай формы аўтарытарнай улады. У суседняй Беларусі такой формай кіравання дзяржавай задаволеная большасць грамадзян. Палякі, хаця да гэтага не прызнаюцца, псіхічна больш падобныя на беларусаў, чым на якую-небудзь іншую нацыю ў свеце.