Ніва № 37 (2470), 14 верасня 2003 г.

Стажоры з Беларусі ў Гайнаўцы

Аляксей МАРОЗ

Беларускі самаўрадавы форум у РП з 25 па 28 жніўня арганізаваў у Гайнаўцы стажыроўку для самаўрадаўцаў, фермераў і журналістаў з Беларусі. Госці спаткаліся з мясцовымі самаўрадаўцамі, прадпрымальнікамі, гарадскімі і павятовымі чыноўнікамі.

У Гайнаўскім аддзяленні Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі яго кіраўнік Мікола Яноўскі расказаў пра падрыхтоўчыя работы па прыстасаванні сельскай гаспадаркі да ўмоў абавязваючых у Еўрасаюзе. Беларускіх гасцей цікавілі варункі працы мясцовых гаспадароў і рэнтабельнасць паасобных галін сельскай вытворчасці. Фермерства ў Беларусі пачынае толькі развівацца і фермерам прыходзіцца змагацца з многімі цяжкасцямі. Напрыклад, не стае грошай на разбудову фермаў, а крэдыты — дарагія. Няўстойлівыя таксама юрыдычныя ўмовы гаспадарання.

Дырэктар Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Яўген Сачко пазнаёміў гасцей з умовамі вучобы ў белліцэі. Пасля ўдзельнікі стажыроўкі наведалі Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы. У час сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый госці даведаліся пра актыўнасць гэтых суполак на Гайнаўшчыне. Выявілася, што жыхары ўсходніх рэгіёнаў Беларусі часта не ведаюць пра беларусаў Беласточчыны. У Павятовай установе працы і Самастойным публічным комплексе аховы здароўя ў Гайнаўцы госці даведаліся пра сацыяльную і медыцынскую апеку ды стан працаўладкавання на Гайнаўшчыне.

— У Беларусі беспрацоўе не з’яўляецца яшчэ вялікай праблемай, але будзе павялічвацца колькасць людзей, якім спатрэбіцца сацыяльная дапамога. Інфармацыі, якія здабудуць у нас удзельнікі стажыроўкі, дапамогуць ім перамагчы складанасці ў час трансфармацыі беларускай гаспадаркі, — сказаў старшыня Беларускага самаўрадавага форуму Міхась Андрасюк.

Удзельнікі стажыроўкі размаўлялі з прадстаўніком Фонду развіцця мясцовай дэмакратыі пра задачы самаўрадаў у час гаспадарчай трансфармацыі. Госці цікавіліся падзелам бюджэтных сродкаў і кампетэнцыямі самаўрадавых органаў.

— Я заўважыў, што ў вас мясцовыя органы самакіравання больш адкрытыя на патрэбы людзей, а іх кантроль больш публічны, чым у Беларусі. У нас адбываецца канцэнтрацыя самаўрадавых структураў. Тлумачыцца яна пераходным перыядам. Але ж гэты перыяд ужо цягнецца дзесяць гадоў, — сказаў Аляксандр Жучкоў, старшыня праўлення Грамадскага аб’яднання „Фонд імя Льва Сапегі”, якое арганізавала набор на стажыроўку ў Польшчы.

Дэпутаты з Беларусі прысутнічалі на сесіі Рады Гайнаўскага павета, на якой разглядаліся пытанні еўрапейскай інтэграцыі, сацыяльнай дапамогі і падзелу бюджэтных сродкаў. У Сельскагаспадарчым прадукцыйным кааператыве ў Макаўцы госці пазнаёміліся з сучаснымі метадамі свінегадоўлі і арганізацыі харчовай вытворчасці. Макаўскі кааператыў прадстаўлены быў як прыклад удалага пераходу з традыцыйнага калгаснага гаспадарання на сучаснае ўпраўленне сельскай гаспадаркай. Госці з Беларусі наведалі таксама прыватную гадоўлю кароў спадара Ярмоціка ў Ваневе і Нарваўскую гміну.

Сустрэчы на Гайнаўшчыне маглі адбыцца дзякуючы фінансавай дапамозе Канцылярыі прэм’ер-міністра польскага ўрада.