Ніва № 37 (2470), 14 верасня 2003 г.

Нежаданы госць

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Чуткі аб тым, што на фоне ўсё складанейшых адносін з расійскім кіраўніцтвам беларускія ўлады пачнуць шукаць паразуменне з Захадам аказаліся перабольшаныя. Апошні выпадак з прадстаўніком АБСЕ па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі Фраймутам Дувэ яскравы гэтаму прыклад.

На першыя дні верасня быў запланаваны візіт у Беларусь гэтай прадстаўнічай персоны. Аднак візіт сарваўся па прычыне нявыдачы беларускім міністэрствам замежных спраў візы. Свае дзеянні чыноўнікі патлумачылі прапановай Фраймуту Дувэ наведаць краіну крыху пазней — у сярэдзіне верасня, калі ў Мінску будзе праходзіць семінар пад эгідай Савета Еўропы па пытаннях адаптацыі беларускага заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў, а беларускі парламент распачне разгляд праекта новага закона аб СМІ.

Па ўсім відаць цяперашнія беларускія ўлады па-свойму разумеюць работу міжнародных арганізацый і іх прадстаўнікоў. Калі прымаць за слушную тую пазіцыю, што ў Беларусь могуць прыязджаць высокія замежныя госці толькі тады, калі гэтага захоча вышэйшае мясцовае кіраўніцтва, то хутка можна прыйсці да высновы, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца міжнароднымі арганізацыямі, як і графік работы іх афіцыйных прадстаўнікоў, павінны ўзгадняцца з беларускай уладай. А інакш усё гэта будзе нейкім свавольствам і ўмяшаннем ва ўнутраныя справы.

Але ў сапраўднасці, як бы гэта ні было прыкра афіцыйнаму Мінску, справы выглядаюць па-іншаму. І тэрміны сваіх візітаў, як і кола асоб, з якімі хочуць сустракацца, вызначаюць менавіта госці. І ўсё адбываецца на падставе таго, што тая ці іншая краіна гэта не прыватная ўласнасць трымаючых уладу, а насельніцтва — не паднявольныя рабы, магчымасць кантактаў якіх з наваколлем вызначаюць наглядчыкі. Функцыі па ўзгадненні, а дакладней — згодзе структур дзяржаўнай улады на прыезд у краіну той ці іншай персоны сканчаюцца на выдачы ці нявыдачы гэтай персоне ўязной візы. Калі яна выдаецца, значыць, улады краіны не маюць нічога супраць, каб адпаведны чалавек, згодна законных падстаў знаходзіўся на іх тэрыторыі. Калі ж не, то мясцовае кіраўніцтва лічыць небяспечным для дзяржавы з’яўленне гэтай асобы. Звычайна такое практыкуецца ў адносінах да злачынцаў і правапарушальнікаў. Ні да той, ні да другой катэгорыі вышэйадзначаны дыпламат не належыць. Таму нават прапанова наведаць Беларусь двума тыднямі пазней не магла быць прычынай адмовы ў візіце ў той час, калі Фраймуту Дувэ было зручней. Але гэта па звычайнай, чалавечай логіцы, згодна з якой „гасцям заўсёды рады” і „госць у дом — Бог у дом”. Што ж да логікі лукашэнкаўскага чынавенства, то яна, па ўсім відаць, цалкам адрозная ад агульнапрынятай. Але і ёй можна знайсці тлумачэнне.

Цягам апошніх гадоў сітуацыя са свабодай сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі застаецца, бадай, самай праблемнай у Еўропе. Тое ж АБСЕ, і ў прыватнасці сам Ф. Дувэ, няспынна крытыкавалі беларускія ўлады за адносіны з прэсай. І небеспадстаўна — крымінальны пераслед журналістаў, закрыццё шэрагу незалежных газет і агульны наступ на свабоду слова ў многім выкрывалі хлуслівую сутнасць фраз аб тым, што „дэмакратыі ў Беларусі больш, чым у Еўропе”.

Рэакцыя на такую крытыку, як бачым, наступіла, але своеасаблівая. Замест выпраўлення сітуацыі, прызнання памылак і недахопу вопыту ў спробах цывілізаванага дачынення з незалежнай прэсай, беларускае кіраўніцтва спрабуе „пускаць пыл у вочы” міжнародным прадстаўнікам, падчас уласна арганізаваных семінараў і пасяджэнняў. Каму ад такіх паводзін становіцца горш? У канчатковым выніку, акрамя беларускай дзяржавы, нікому. Бо мяркую, што абээс’ешнік Дувэ крыўду ад неатрымання беларускай візы праглыне — не ў першы раз. І ад настойлівай прапановы прысутнічаць на вышэйзгаданым семінары, верагодна, адмовіцца. У рэшце рэшт, мільярдам людзей на планеце няма справы да сітуацыі са свабодай слова ў беларускай краіне, кіраўніцтва якой аддае перавагу жыццю не па законах, а па сваіх „паняццях”.