Ніва № 37 (2470), 14 верасня 2003 г.

Пародыя гісторыі

Дакладна ў палове верасня самаўрадавыя ўлады Падляшскага ваяводства і Канфедэрацыя дваровай шляхты з яе заснавальнікам, вядомым пісьменнікам Эдвардам Рэдлінскім, будуць у Беластоку гучна адсвяткоўваць „490 гадавіну ўтварэння Падляшскага ваяводства”. 29 жніўня 1513 г. прывілеяй караля Жыгімонта Старога ваяводам тагачаснага падляшскага рэгіёна стаў Іван Сапега. Аб супярэчлівай ідэі абходаў тае гадавіны размаўляем з гісторыкам Алегам Латышонкам.

— Ці ў „тутэйшых” беларусаў, жыхароў былога Беластоцкага ваяводства, а ў сённяшніх адміністрацыйных межах — Падляшскага, ёсць гістарычная нагода святкаваць 490 гадавіну ўзнікнення Падляшскага ваяводства?

— Падстава ёсць якраз у беларусаў. Да Польшчы быў далучаны заходні лапік Падляшскага ваяводства ў 1569 годзе.

— У якіх акалічнасцях адбылося тое далучэнне?

— Сярод гісторыкаў прыняўся такі погляд. Большасць прысутнай тут шляхты пісала Жыгімонту Старому, каб увесці польскую мову як службовую. Аднак засталася руская, бо кароль адказаў: Chaj budzie, jak bylo. Аб далучэнні, аднак, не шляхта вырашала, а магнацкія роды. І ў заходняй частцы ў вырашаючай меры выказаліся яны за далучэнне да Польскай Кароны. На маю думку, шляхецкія масы мала што маглі тут сказаць. Магнацкія роды, якія бачылі тут свой інтарэс, аддалі свой голас за далучэнне да Кароны. Але, напрыклад, Хадкевічы звязвалі свой лёс з Літвой і цвёрда супрацьставіліся далучэнню іхных зямель да Кароны.

— Эдвард Рэдлінскі ў размове на інтэрнетавых старонках Падляшскай маршалкоўскай установы, спасылаючыся на падзеі 1513 г., сцвярджае: „У 80-90 працэнтах Падляшша засяліла Мазовія, што дало вынік у выглядзе прысутнасці нацыянальных меншасцей”. Што вы скажаце наконт гэтага?

— Гэта бязглуздзіца. Рэдлінскі — вядомы пісьменнік, але ў гісторыі, як відаць, ніяк не разбіраецца. Не будзем пра гэта гаварыць.

— Ці ёсць падстава, у адносінах да сённяшняга Падляшскага ваяводства, як гэта адзначае Э. Рэдлінскі, для „прамоцыі нашага шляхецкага ваяводства” і падкрэслівання, што „istota tozsamosci naszego regionu jest kultura drobnoszlachecka”?

— Гэта мяне нават не хвалюе, а рассмяшае. Сапраўды, шляхты на тэрыторыі тагачаснага Падляшша было шмат, бо польскія каралі не шкадавалі шляхецкіх званняў мазаўшанам, каб пераканаць, што яны — палякі, хоць у сапраўднасці імі не былі, значыць, да далучэння Мазовіі да Польшчы. Тое ж рабіў Віталдас Адаміс, які ў Горадні вольнаму мазавецкаму люду надаваў баярскія правы. У ваколіцах Драгічына больш за 30 працэнтаў жыхароў з шляхецкім радаводам. А гэта ўжо фактычна незвычайнае ў еўрапейскім маштабе і ёсць нагода пасвяткаваць.

— А ці была на гэтый тэрыторыі шляхта беларуская?

— Так. Дарэчы, няпраўда, што большасць шляхты была мазавецкага паходжання. Дакладней, паколькі не праводзіліся ніякія доследы ў гэтай справе, нельга вызначыць ці большасць шляхты была рускай ці мазавецкай. Напрыклад, сёння Лапінскія перакананы, што яны не рускага паходжання, а на маю думку — так. І так са шматлікімі родамі.

— У рамках святкаванняў спасылаюцца на ваяводу Івана Сапегу. У польскіх энцыклапедыях успамінаецца ягоны род, як літоўскі. У некаторых беларускіх падручніках гаворыцца пра рускія карані Сапегаў. Які гэта быў род?

— Калі хтосьці хоча быць дакладны, дык гэта быў род рускі, не літоўскі. Сапегі заўсёды выступалі як русіны і нават на пачатку XVIII ст., калі старабеларуская мова перастала быць дзяржаўнай на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і была выціснута пальшчызнай, то якраз Сапегі ўсчалі бунт, між іншым, пад лозунгам вяртання рускай мовы.

— Наколькі русіны мелі свой удзел у далучэнні заходянй часткі Падляшша да Кароны?

— Гэта трэба было б таксама даследаваць. Вядома, аднак, што тагачасны рускі народ, бо ж не было падзелу на беларусаў і ўкраінцаў, паказаў сваю няспеласць, і, напрыклад, руская магнатэрыя не гарантавала далучэння да Кароны на прынцыпе хоць бы Рускага княства. Вырашыў асабісты інтарэс. Руская эліта не змагла павесці сябе як народ і, як сёння можна сказаць, прадала нацыянальную справу.

— Вы, як гісторык і як беларус, жыхар сённяшняга Падляшскага ваяводства, раней Сувальскага, Ломжынскага і Беластоцкага, як ацэньваеце ідэю, як гэта называюць арганізатары, „абходаў 490 гадавіны ўтварэння Падляшскага ваяводства”?

— Гэта не надта ўдалая ідэя. У тагачаснага Падляшша няма нічога супольнага з сённяшнім. Спасылацца на такія карані няма найменшага сэнсу. Да таго лічу, што сённяшняе ваяводства не павінна называцца Падляшскім. Гэта пародыя гісторыі. Гэта штучны твор, хоць бы таму, што ўваходзіць у ягоны склад тэрыторыя былога Ломжынскага ваяводства, а няма тут, напрыклад, Белападляшскай зямлі. Гэтае ваяводства не павінна ані называцца Падляшскім, ані спасылацца на гісторыю.

— Значыць, сілай дарабляецца гісторыя да штучнага твору?

— Менавіта.

Гутарыў Мацей ХАЛАДОЎСКІ